Дзесяць самых папулярных тэкстаў на сайце Крэва за 2022 год

13 студзеня 2023
папулярныя тэксты на сайце Крэва за 2022 год
2022 год прынёс Крэву шмат адкрыццяў

Цягам мінулага году мы, каманда Kreva.Travel, апублікавалі чатыры дзясяткі гісторый з жыцця мястэчка Крэва і ваколіц. У кожнай з іх – неверагодныя лёсы людзей ды будынкаў ад мінулых часоў да сучаснасці. Кожны тэкст – гэта вынік руплівай даследчай працы, і ніводная з публікацый не сталася б магчымай без падтрымкі нашых чытачоў, за што мы выказваем шчырую падзяку!

Ніжэй прыводзім дзесяць гісторый, якія чыталіся ў 2022 годзе найчасцей.

10. “Стагоддзі таму ў Крэве літоўцы і палякі абяцалі быць братамі. Не ваюйце супраць нас.” Як Армія Краёва захапіла гарнізон літоўскай паліцыі ў мястэчку

14 лютага 1942 года загадам генерала Сікорскага, кіраўніка польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане, была створана Армія Краёва. Узброеная падпольная арганізацыя дзейнічала на акупаванай Германіяй і Савецкім Саюзам тэрыторыі міжваеннай Польшчы і мела мэтай адраджэнне гэтай дзяржавы ў межах да 1 верасня 1939 года. Такім чынам, і землі Заходняй Беларусі таксама падпадалі пад сферу інтарэсаў гэтай арганізацыі.

9. Дазорная вежа ці царква? Што стаяла на Юр’евай гары

Восенню 2022 года на вяршыні Юр’евай гары ўзвялі дазорную вежу. Аўтары задумы сцвярджаюць, што тым самым яны аднавілі аб’ект, які ўзвышаўся тут ў Сярэднявеччы, пры гэтым не хаваюць: няма ўпэўненасці, што вежа выглядала менавіта так. У той жа час, ёсць версія, што на пагорку стаяла царква.

8. Продкі каралевы Елізаветы ІІ валодалі Крэвам і будавалі Крэўскі замак

Калі прасачыць радавод брытанскай каралевы Елізаветы ІІ, то ў каранях яе генеалагічнага дрэва можна сустрэць знаёмыя кожнаму беларусу імёны. Некаторыя з іх адыгралі важную ролю ў гісторыі Крэва.

7. “Прытулак смутных птахаў і непатрэбных гадаў”. Што пісаў пра Крэўскі замак турыст у 19 стагоддзі

Крэўскі замак
Адзін з самых ранніх здымкаў Крэўскага замка, 1900-1905 гг. Фота: Станіслаў Флёры

У 1817 годзе нехта пад ініцыяламі W.F.K. у “Tygodnik Wileński” падзяліўся з чытачамі сваімі ўражаннямі аб наведванні Крэўскага замка, а таксама зрабіў кароткі экскурс у яго гісторыю. Гэта першая вядомая вандроўная нататка з Крэва.

6. Kreva Translate. Cловы і выразы, якія разумеюць толькі тутэйшыя

Дзякуючы сваёй энергетыцы і зручнаму геаграфічнаму становішчу, Крэва працягвае прывабліваць турыстаў. Мясцовая гаворка – адметная частка нематэрыяльнай спадчыны нашага мястэчка, якую таксама варта “пакаштаваць”. Нашым патэнцыйным гасцям для лепшага паразумення з жыхарамі Крэва прапануем папоўніць лексічны запас некалькімі складанымі або зусім незразумелымі словамі і выразамі.

5. Ад лазні да аэрадрома. Што пабудавалі з Крэўскага замка

Калі ў 2018 годзе спецыялісты пачыналі рэстаўрацыю Крэўскага замка, яны сабралі ўсе камяні, што былі на яго тэрыторыі. Аднак гэтага будматэрыялу не хапіла нават на адну сцяну. А гэта значыць, што за сем стагоддзяў далёка не ўсе старажытныя камяні засталіся на пляцоўцы.

4. “Думалі, што нас расстраляюць, а яны толькі прыехалі з аўтаматамі паглядзець на свой замак”. Сведкі пра Халакост у Крэве

халакост у Крэве
Халакост у Крэве пачаўся з расстрэлу адразу васьмі мясцовых жыхароў. Фота: Kluvik Archives

Нямецкія акупанты з’явіліся ў Крэве 25 чэрвеня 1941 года. Сваё знаходжанне тут яны распачалі з жорсткай акцыі па запалохванню насельніцтва: было расстраляна адразу восем жыхароў мястэчка, якіх выдалі як савецкіх актывістаў.

3. Буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі, які перабудавалі ў бальніцу

У шматвяковую біяграфію крэўскай каталіцкай парафіі драўляны касцёл, узведзены ў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі, упісваецца ўсяго толькі невялічкім эпізодам. Яму не наканавана было праіснаваць нават трох дзясяткаў гадоў. Тым не менш, гэтая святыня паспела пакінуць свой яскравы след і ў гісторыі архітэктуры, і ў душах вернікаў.

2. Архітэктурная канцэпцыя Крэўскага замка: аднаўленне эпохі Сярэднявечча, але з захаваннем памятак Першай сусветнай вайны

Працягваецца кансервацыя з рэстаўрацыяй старажытных муроў Крэўскага замка. Мінулагодні сезон адзначыўся надзвычай каштоўнымі знаходкамі – у актыве археолагаў і памагатых валанцёраў не адзін дзясятак артэфактаў. Здавалася б, даследчыкі тут працуюць дзесяцігоддзямі, чаму столькі адкрыццяў зроблена менавіта сёлета? Цікавосткамі, якія суправаджаюць працэс аднаўлення, падзяліўся кіраўнік групы даследчыкаў, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

1. Магазін Рабіновіча. Месца, дзе крэўскія абменьвалі шкуркі кратоў на грошы і набывалі дэфіцытныя тавары

магазін Рабіновіча
Каларытны і багаты на гісторыю будынак зруйнавалі ў пачатку 2000-ых. Фота: Сяргей Гапон

Нарыхтоўчы магазін ў Крэве ў савецкую пару быў адным з найпрыцягальных для жыхароў мястэчка і ваколіц. У часы нястачы крама была своеасаблівым акенцам у замежжа, дзе ўсяго было ўдосталь. Гандлёвая кропка знаходзілася ў тым жа доме, дзе жыў і яе загадчык яўрэй Давід Рабіновіч. Таму было складана вызначыць мяжу паміж дзяржаўнай маёмасцю і прыватнай гаспадаркай.

Падтрымайце Kreva.Travel!