Архітэктурная канцэпцыя Крэўскага замка: аднаўленне эпохі Сярэднявечча, але з захаваннем памятак Першай сусветнай вайны

27 ліпеня 2022
кансервацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку
Будаўнікі і валанцёры працуюць поруч. Фота: Ігар Карней

Працягваецца кансервацыя з рэстаўрацыяй старажытных муроў Крэўскага замка. Паводле афіцыйнай класіфікацыі праектных і падрадных арганізацый, гэта 3-ці пускавы комплекс 1-й чаргі будаўніцтва.

Цікавосткамі, якія суправаджаюць працэс аднаўлення, падзяліўся кіраўнік групы даследчыкаў, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. Па яго словах, дэклараваныя мэты на гэты год – умацаванне паўднёва-заходняй сцяны і вяртанне абрысаў малой вежы. Калі не здарыцца форс-мажору з фінансаваннем, заканчэнне працаў запланавана на кастрычнік.

Артэфакты даўніны: дубовыя прыступкі і жменька жыта

Пры любым раскладзе сёлетні працэс ужо адзначыўся надзвычай каштоўнымі знаходкамі – у актыве археолагаў і памагатых валанцёраў ужо не адзін дзясятак артэфактаў. Здавалася б, даследчыкі тут працуюць дзесяцігоддзямі, чаму столькі адкрыццяў зроблена менавіта сёлета?

“Рэч у тым, што акурат гэта частка найменш даследавана, – тлумачыць Алег Дзярновіч. – Раней канцэнтрацыя высілкаў была пераважна на Княскай вежы, галоўнай браме, то бок, з “параднага” боку. Безумоўна, шмат дзе шурфавалі, але без, скажам так, франтальнага ўскрыцця. А гэта вельмі важна. Па-першае, архітэктарам не хапае інфармацыі, як выглядаў замак у XIV стагоддзі. Па-другое, аб’ектыўна няшмат спецыялістаў, якія могуць працаваць з гатычнымі замкамі, прычым такой ранняй канфігурацыі. Таму мы якраз забяспечваем праектантаў неабходнымі звесткамі. Згодна з нашым заканадаўствам, любыя зямельныя працы на падобных аб’ектах прадугледжваюць археалагічны нагляд. Зрэшты, мы гэту абмежаваную кампетэнцыю перакрочылі і калі нешта выяўляем, можам рабіць раскопкі. І ў комплексе маем досыць багата знаходак”.

кансервацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку
Алег Дзярновіч паказвае сёлетнюю сенсацыю – прыступкі са слядамі дубовых дошак. Фота: Ігар Карней

Як адзначае суразмоўца, самыя важныя рарытэты – перадусім тыя, што звязаны з архітэктурай і, адпаведна, гісторыяй сярэднявечнага замка. Сапраўднай сенсацыяй для даследчыцкага цэху стала знаходка фрагменту ўнутрывежавага тунэля з прыступкамі. Гэта дае ўяўленне пра спосабы перасоўвання ў канкрэтнай частцы абарончай фартэцыі, канстатуе эксперт.

У “сівыя легенды” – маўляў, можа гэта і ёсць страчаны падземны ход да архітэктурнага субрата ў Медніках – Алег Дзярновіч не верыць. Лічыць гэта абавязковым элементам фальклору, які аточвае любое месца такога калібру.

“Можа для бальшыні людзей, якія па-за кантэкстам, і ня так важна, але мы былі надзвычай усхваляваныя. Знайшлі на прыступках сляды бэлек, біёлагі пацвердзілі фактуру дубу. Што, у сваю чаргу, сведчыць: 700 гадоў таму насельнікі замка хадзілі не па халоднай цэгле, а па драўляным насціле.”

Абгарэлае жытняе зерне
Абгарэлае жытняе зерне. Фота: Ігар Карней

Яшчэ адзін гістарычны артэфакт, на які натыкнуліся даследчыкі ў гэтым сезоне – разбіты гліняны гаршок з абгарэлымі зярняткамі жыта. Адшукалі яго пры расчыстцы нямецкага бункера пры паўднёва-заходняй сцяне. Папярэдне знаходку адносяць да XV стагоддзя, калі ў замку здарыўся моцны пажар і сярод іншага мог пацярпець насенны фонд. З іншага боку, менавіта дзякуючы “кокану” папялішча жытнёвы скарб дайшоў да нашых дзён.

Паўднёва-заходняя сцяна адкрыла яшчэ адну неспадзяванку – так званае “ядро Свідрыгайлы”, як ахрысцілі даследчыкі свой амаль 600-гадовы рарытэт. Апрацаваны камень для балісты (прататып катапульты) знайшлі ў завале сярод спрэсаванага друзу. Мяркуецца, што гэта адно са сведчанняў так званай дынастычнай або грамадзянскай вайны XV стагоддзя. У 1433 годзе мяцежны князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак, а знойдзенае ядро сведчыць, што атакі былі не толькі з поўначы, як меркавалася раней, а і з забалочанага поўдня.

Нямецкі бункер на месцы малой брамы

Алег Дзярновіч
Бетонны бункер і праём малой брамы. Фота: Ігар Карней

“Сур’ёзнай даследчай і праектнай праблемай было вызначыць, дзе знаходзілася малая брама, як мы назвалі яе ў працоўным парадку, – працягвае Алег Дзярновіч. – Захаваліся фотаздымкі з паўднёвага ракурсу часоў Першай сусветнай вайны: на супрацьлеглым баку ад галоўнай брамы была іншая, яшчэ не разбураная. Можна прыкінуць, дзе прыблізна, але ж трэба праектаваць! Цяпер, калі раскапалі пры сцяне нямецкі бункер, схіляемся да аргументаванай версіі: кайзераўскія войскі абсталявалі агнявую пазіцыю якраз у паніжэнні малой брамы. То бок, маем дакладнае месца!”.

Пры гэтым навуковец дадае: Крэўскі замак – не толькі выбітны помнік эпохі Сярэднявечча, звязаны з палітыкай, гісторыяй, культурай Вялікага княства Літоўскага, але і месца памяці падзей Першай сусветнай вайны. Лінія фронту праходзіла роўна праз Крэва, мястэчка некалькі гадоў заставалася арэнай масіраваных абстрэлаў варожых армій. Старадаўняй фартэцыі таксама дасталося. Таму паўстае лагічнае пытанне, як абысціся з тым, што не мае наўпроставага дачынення да дойлідства XIV стагоддзя, а паўстала ў працэсе шмат пазнейшага крывавага канфлікту?

Жэтон кайзераўскага салдата
Жэтон кайзераўскага салдата. Фота: Ігар Карней
Ключ-сцяжка для гофры-апалубкі ў бункерах
Ключ-сцяжка для гофры-апалубкі ў бункерах. Фота: Ігар Карней

“Мы не можам абстрагавацца ад той вайны, яна тут паўсюль. У малой вежы, таксама вядомай як “вежа Вітаўта”, немцы абсталявалі агнявы пункт з амбразурай для кулямёта. За малой брамай – бетонны бункер, хутчэй за ўсё, нейкае сховішча. Ці вось адкапалі алюміневы жэтон на імя Каспара Гіса. У расшыфроўцы чытаем: MGK.1. LIR.3. Даследчык тых падзей Уладзімір Багданаў высветліў, што гэта кулямётная рота №1 ландвернага пяхотнага палка №3, які ўваходзіў у склад 16-й ландвернай дывізіі, што стаяла ў Крэве цягам 1915-1918 гадоў. Большасць часу ў замку месціўся 379-ы ландверны полк з той жа дывізіі. Але з сакавіка па красавік 1916-га гэты полк перакідвалі пад Паставы на дапамогу сваім войскам, якія трымалі абарону падчас Нарачанскай наступальный аперацыі Расейскай арміі. На гэты перыяд іх месца ў замку мог заняць 3-ці ландверны полк, з якога і быў той куляметчык з жэтонам. Ну як усё гэта выкрасліць? Таму ёсць такая архітэктурная канцэпцыя: аднаўляем Сярэднявечча і пры гэтым пакідаем памяткі Першай сусветнай вайны”.

Знаходзяць даследчыкі і іншыя рэчы, напрыклад, прыстасаванні для нацягвання калючага дроту і гофры-апалубкі ў бункерах. Артэфакты плануюць перадаць у Смаргонскі краязнаўчы музей і ў будучы музей Крэва.

Новыя знаходкі нараджаюць новыя загадкі 

Яшчэ адну загадку археолагі ў літаральным сэнсе “агалілі” падчас нівеліроўкі знешняга боку паўднёва-заходніх муроў. Як удакладніў Алег Дзярновіч, у працэсе расчысткі натыкнуліся на некалькі метраў адбрукоўкі ўздоўж сцяны. Натуральна, следам узнік шэраг пытанняў адносна функцыянальнасці знойдзенага фрагменту.

кансервацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку
Расчыстка элементаў адбрукоўкі. Фота: Ігар Карней

“У працэсе абмеркавання і нават спрэчак з’явілася даволі праўдападобная версія, што гэта звязана з перадбрамным мастком. Іншымі словамі, канструкцыя была перакінута не перпендыкулярна над ровам, а ішла больш складаным маршрутам пры сцяне, дзеля чаго спатрэбіліся дадатковыя трывалыя “падпоркі”. Канечне, папярэдне паглядзелі будаўнічы матэрыял, каб выключыць магчымыя навацыі ад каманды рэстаўратараў Станіслава Лорэнца ў канцы 1920-х. Ды не, усё аўтэнтычнае, валуны выкладзены на вапнавай рошчыне, бо палякі рабілі кансервацыю ўжо цэментам. Так што, магчыма, будзе прыадчынена яшчэ адна невядомая дагэтуль старонка ў архітэктурным рашэнні замка”, – падсумоўвае Алег Дзярновіч.

Кансервацыя як безальтэрнатыўны варыянт

Гісторык папярэджвае, што не варта залішне цешыцца спадзевамі на вяртанне замку максімальна аўтэнтычнага выгляду. На тое шэраг прычын, і не толькі фінансава-матэрыяльных. Пры гэтым кансервацыя – адзіны магчымы спосаб не дапусціць канчатковага ператварэння легендарнага адрасу ў руіну.

“Наогул мы знаходзімся на этапе кансервацыі – закладання, уратавання муроў. На жаль, шмат дзе тыя сцены ўяўляюць сабой агульную забутоўку, унутраную праслойку. Так, аўтэнтычныя знешнія бакі ў невялікай колькасці захаваліся, а вось, прыкладам, усходняя частка, скіраваная на Юраву гару, адкуль па замку біла расейская артылерыя, “вышчарблена” дашчэнту. Маё экспертнае меркаванне такое: у нашым клімаце і ў адсутнасць спрыяльнага рэжыму выкарыстання нам руіну не захаваць. Як бы людзі рамантычна не ўспрымалі славуты помнік, давядзецца звыкнуцца з думкай, што без чалавечага ўмяшання ён будзе разбурацца. Таму ідзе нарошчванне муроў камянямі, аднаўляецца цагляны пас па ўсім перымерты, бо старыя фрагменты шмат дзе проста выветрыліся. Ідзе працэс, каб уратаваць знакавы аб’ект…”

Калі пачалі ратаваць Крэўскі замак

Крэва ўвайшло ў сусветную гісторыю дынастычнай уніяй паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каронай Польскай, падпісанай тут у 1385 годзе. Што да часу з’яўлення замка, даследчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагоддзя, некаторыя лічаць, што гэта нават канец ХІІІ-га. Пры гэтым сыходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.

Замак страціў першапачатковае значэнне ў XVII стагоддзі і быў закінуты. Чорнай старонкай у яго лёсе стала Першая сусветная вайна: паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне, расейская артылерыя біла менавіта туды. У выніку фасад быў знішчаны, да сёння дайшлі нават не сцены, а  «нутро».

кансервацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку
Контрафорс, які ўзвялі польскія рэстаўратары, 1930-ыя гады. Фота: Альфонс Высоцкі

Першыя спробы ўратаваць замак датаваны перыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары разам з гісторыкам мастацтва Станіславам Лорэнцам умацавалі рэшткі сцен мэталічнымі сцяжкамі, паставілі контрафорс – дарэчы, у працэсе цяперашніх прац яго захавалі як даніну памяці польскім калегам.

З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў пра кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла, наадварот, новыя ўладары пачалі разбіраць сцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы (зрэшты, такое здаралася і раней, яшчэ ў ХІХ стагоддзі). Але нават аслабленыя муры не паддаліся такому варварству. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасці. Тады Княскую вежу накрылі рубэройдам, але ад дажджу і снегу кволая канструкцыя не ратавала.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаванне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. Агулам укладзена больш за паўмільёна долараў, але недастатковасць траншаў увесь час пасоўвае тэрміны аднаўлення і кансервацыі. Для параўнання, на аднаўленне замку ў літоўскіх Медніках, па словах гісторыка Алега Дзярновіча, са сродкаў адпаведных інстытуцый Еўразвязу выдаткавалі 6 мільёнаў еўра, што дазволіла зрабіць рэканструкцыю на больш якасным узроўні і ў сціслыя тэрміны.

Падтрымайце Kreva.Travel!