Жыццё мястэчка ў міжваенныя гады

Развіццё прадпрымальніцтва і візіт польскага прэзідэнта

1919 – 1939 гг.

Крэва. Ян Булгак, 1930

Пасля Першай сусветнай вайны ў разбуранае Крэва вярнуліся яго жыхары. Яшчэ доўга яны не маглі пачаць мірнае жыццё. Нашы землі пераходзілі то рускім, то палякам.

У кастрычніку 1920 года польскі генерал Жэлігоўскі абвясціў пра стварэнне дзяржавы Сярэдняя Літва. У яе ўвайшло і Крэва. У 1922, праз год пасля падпісання Рыжскага міру, Сярэдняя Літва далучылася да Польшчы. Крэва, як і ўся Заходняя Беларусь, апынулася ў складзе гэтай дзяржавы.

Першыя часы Польшча захоўвала правы нацыянальных меншасцяў. З часам сітуацыя змянілася. Пачалося апалячванне мясцовага насельніцтва. Беларускіх школ станавілася ўсё менш, зачыняліся беларускія нацыянальныя арганізацыі, газеты і часопісы.

Затое жыхары Заходняй Беларусі мелі больш магчымасцяў для эканамічнага развіцця. У адрозненне ад тых, якія пасля падзелу Беларусі апынуліся па той бок мяжы.

Разбураная вайной гаспадарка ў Крэве стала хутка адраджацца. Дзяржава давала крэдыты на будаўніцтва жылля. З’яўляліся дарогі. Мястэчка добраўпарадкоўвалася, людзі сачылі за чысцінёй і парадкам. Асабліва вылучаўся цэнтр Крэва, дзе жылі заможныя людзі. Тут усе хаты былі ашалёваны і пафарбаваны. Платы ля хат выглядалі ўсюды аднолькава. Тратуары былі выкладзены бетоннымі плітамі.

Будаўніцтва дарогі на Лебядзева

Мястэчкам кіравала гмінная ўправа. У яе ўваходзілі войт, сакратар і некалькі службовых асоб. Спачатку ўправа размяшчалася ў адным з жылых дамоў на вуліцы Зарэчнай. Потым, калі Крэва разбудавалася, для гміннай управы ўзвялі вялікі будынак на вуліцы Панятоўскага (зараз – Багданаўская).

У асобным будынку знаходзіўся паліцэйскі ўчастак. Ён складаўся з каменданта, яго намесніка і трох паліцыянтаў.

З’явіліся ў Крэве і іншыя грамадскія будынкі, неабходныя маленькаму адміністрацыйнаму цэнтру. Напачатку 30-х тут пабудаваліся дзве школы – польская дзяржаўная і прыватная габрэйская. А таксама пошта, ашчадная каса, добраахвотная пажарная ахова.

Касцёл у Крэве, 1937

Вернікі аднавілі праваслаўную царкву Святога Аляксандра Неўскага. Яна моцна пацярпела падчас Першай сусветнай вайны. Узвялі ў Крэве і новы каталіцкі касцёл. У цэнтры мястэчка, дзе кампактна жылі габрэі, у той час адбудавалі сінагогу. Яе таксама разбурыла вайна. Выкладзеныя чырвонай цэглай сцены будынка захаваліся ў Крэве да нашага часу. На адной з іх нават можна ўбачыць рэльефную зорку Давіда.

Прадпрымальніцтва ў Крэве развівалі габрэі

Ў мястэчку працавалі шпіталь і аптэка. Гаспадаром аптэкі быў габрэй Борух Меллер, а лекарам у шпіталі Мікалай Крачкоўскі. Пазней яму на змену прыбылі тры іншых лекара.

У Крэва разгарнуў сваю дзейнасць кааператыў Pomoc (“Дапамога”). Ён палягчаў сялянам збыт сельгаспрадукцыі. У кааператыве мясцовыя жыхары змянялі яе на прамысловыя тавары.

У мястэчку працавала каля 20 прыватных крам. У іх прадавалі тавары паўсядзённага попыту. Акрамя іх былі і спецыялізаваныя крамы, дзе прадавалі штосьці адно. Мяса ці хлеб, гаспадарчыя тавары ці тканіны, тытунь ці алкагольныя вырабы.

У той час у Крэве працавалі два рэстараны. Адзін размяшчаўся ў двухпавярховай карчме на Рынкавым пляцы насупраць касцёла. І рэстаран, і карчма належалі габрэю Левіну. Другая ўстанова знаходзілася трохі далей па дарозе на Смаргонь. Яе гаспадаром быў паляк Заблоцкі.

Як і ў царскія часы, Крэва было месцам правядзення шматлюдных кірмашоў. Гандлем у Крэве, у асноўным, займаліся габрэі. Пасля прыгнёту ў царскія часы цяпер яны маглі працаваць вольна. Хутка аднавіцца пасля вайны ім дапамаглі замежныя дабрачынныя арганізацыі накшталт «Джойнта». У яго ўваходзілі габрэі, якія да вайны паспелі выехаць за мяжу. Там яны дасягнулі поспеху і маглі аказаць дапамогу прадстаўнікам свайго народа ва Усходняй Еўропе. Прадстаўнікі фонду пастаўлялі і размяркоўвалі прадукты харчавання, вопратку, медпрэпараты, будматэрыялы. Пазней габрэям сталі вылучаць грошы на развіццё ўласнай справы.

Прадпрымальніцтва заахвочвалася дзяржавай і дабрачыннымі арганізацыямі. І яно зусім не абмяжоўвалася гандлем. У Крэве ў дробныя прыватнікі падаліся цясляры, кавалі, апрацоўшчыкі скуры. У мястэчку працавалі швейныя, абутковыя і іншыя атэлье. Напрыклад, у фотаатэлье Якабсона можна было зрабіць фатаграфію для сямейнага архіва.

Важным аб’ектам для Крэва быў паравы млын, гаспадаром якога быў габрэй Гурвіч. Працягваў развівацца і традыцыйны для гэтай мясцовасці ганчарны промысел.

Асноўная частка насельніцтва Крэва і навакольных вёсак займалася сельскай гаспадаркай. Улады Польшчы правялі зямельную рэформу. Пасля яе ў сялян з’явілася магчымасць купляць вялікія надзелы зямлі, якую яны апрацоўвалі.

Крэва ўшанаваў сам прэзідэнт

Жыхары мястэчка знаходзілі час і на адпачынак. Па вялікіх святах у Крэве арганізоўвалі народныя гулянні з атракцыёнамі і конкурсамі, спартовыя спаборніцтвы. На вуліцах граў духавы аркестр добраахвотнай пажарнай аховы. Вечарамі ў будынку аховы праводзілі танцы пад музыку таго ж аркестра. Вышэйшы свет збіраўся на балі. Яны праходзілі ў адмысловай зале ў памяшканні гміннай управы.

Крэўскія школьніцы на экскурсіі па Крэве

Яркай падзеяй для Крэва стаў прыезд прэзідэнта Польшчы Ігната Масціцкага. Ён пабываў у мястэчку 21 чэрвеня 1930 года. Старажылы доўга ўспаміналі, як старанна рыхтаваліся да сустрэчы з высокім госцем.

Польскія ўлады з павагай ставіліся да гістарычнай спадчыны крэўскіх земляў. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, урад Польшчы напачатку 30-х гадоў знайшоў сродкі на кансервацыю руін Крэўскага замка.

Неўзабаве ўлада зноў змянілася: 17 верасня 1939 года Крэва, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшло ў склад Савецкага Саюза. А ўжо праз два гады пасля гэтага пачалася нямецкая акупацыя.