Магдэбургскае мястэчка

Дэмакратыя, як у Заходняй Еўропе

XIV – XVIII стст.

Крэўскае ўдзельнае княства перастала існаваць у канцы XIV стагоддзя. З тых часоў разам з навакольнымі паселішчамі Крэва лічылася дзяржаўным маёнткам ВКЛ. У тыя часы гэта звалася каралеўшчынай, дзяржавай ці стараствам.

Грашовыя паступленні ад жыхароў мястэчка накіроўваліся галоўным чынам у каралеўскую казну. Частка сабраных сродкаў сыходзіла на «кармленне» стараст (цівуноў, намеснікаў, дзяржаўцаў). Імі былі феадалы, якім кароль (ці вялікі князь) за службу даў у арэнду дзяржаўны маёнтак. Здаралася, уладальнікі старостваў і самі здавалі землі ў арэнду. Яны рабілі так, бо былі занадта занятыя дзяржаўнай службай ці проста не жадалі абцяжарваць сябе гаспадарчымі клопатамі.

Адным з першых крэўскіх стараст быў Андрэй Гаштаўт. Пра яго ёсць звесткі ў дакументах 1398 – 1401 гадоў. У акце Гарадзенска-Троцкай уніі за 1432 год крэўскім старастай запісаны Судзімонт Даргевіч. У 1468 году Крэва было ў распараджэнні Васіля Зяновіча. Дакументы 1488 – 1491 гадоў даюць звесткі пра крэўскага цівуна Станьку Дукурна.

Пры каралю Аляксандры ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзяў тут гаспадарылі Станіслаў Нарбутовіч і Князь Сестранец. З 1511 па 1522 год старастай у Крэве быў Пётр Глебавіч. У 1532 году старастай значыцца Андрэй Эпімаховіч. Праз год ім стаў Нікадзім Цеханоўскі (Цеханавецкі). Ён вядомы тым, што ў ліпені 1536 года паехаў у Маскву для заключэння міру ў руска-літоўскай вайне. З 1533 па 1538 год у Крэве панаваў Міхайла Свінюскі. З 1540 па 1555 – Мікалай Нарбут.

Ці быў у Крэве рускі князь?

У 1566 годзе стараства патрапіла ў распараджэнне рускага князя Андрэя Курбскага. У Вялікім княстве Літоўскім ён хаваўся ад дэспатызму Івана Грознага. Праўда, ў Крэве гаспадарыў не сам Курбскі, а яго намеснік. Князь жыў на Валыншчыне. Там ён таксама валодаў землямі, якія атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста. Крэва належала Курбскаму нядоўга. Люблінскую ўнію 1569 года ў якасці крэўскага дзяржаўцы падпісваў іншы чалавек – князь Лукаш Свірскі.

З 1579 па 1633 год Крэўскае стараства знаходзілася ў руках роду Валмінскіх. Наступным яго ўладальнікам быў Крыштаф Хадкевіч, віленскі каштэлян і ваявода. Ён распараджаўся Крэвам з 1636 года. Пры ім перабудоўваўся крэўскі касцёл. Відаць, не без яго ўдзелу ў Крэве з’явіліся лякарня і школа.

Пасля Хадкевіча крэўскім старастай нейкі час быў Ян Нарушэвіч. У 1653 годзе ён перадаў справы Казіміру Францкевічу, а той у 1673 годзе – Каралю Марсону.

На працягу амаль усяго XVIII стагоддзя Крэва знаходзілася ў распараджэнні роду Слізняў. Спачатку старастай тут быў ашмянскі земскі пісар і маршалак Літоўскага трыбунала Ян Слізень. У 1702 годзе з дазволу караля Аўгуста ІІ Крэва перайшло яго сыну Міхалу.

У 1767 году кароль Станіслаў Аўгуст перадаў Крэўскае стараства слонімскаму падкамораму Стэфану Слізеню і яго жонцы Зоф’і. У 1775 Крэва атрымлівае Язеп Важынскі, ашмянскі падкаморы. Аднак у 1787 годзе ён вяртае яго за 2 000 чырвоных злотых тым жа Слізеням, гэтым разам – Рафалу і Тэклі. А праз два гады Крэва зноў патрапіла пад уладу Зоф’і Слізень, удаве слонімскага падкаморага.

Тэррыторыя Крэўскага стараства з гадамі змянялася. Спачатку гэта быў даволі вялікі павет. Да часоў караля Аляксандра, напрыклад, у склад яго ўваходзіла «воластка Спягляны» (пасля – Спягла, Спягліца, а ў наш час – вёска Свяцілавічы ў Вішнеўскім сельсавеце Смаргонскага раёна). Аляксандр перадаў яе князю Міхасю Мсціслаўскаму, і зямля гэта назаўжды выйшла са складу Крэўскага павета.

Калі скончылася крэўская дэмакратыя?

Ёсць звесткі, што Крэва атрымала магдэбургскае права 7 красавіка 1559 года. Разам з правам на самакіраванне мястэчка атрымала і дазвол праводзіць у сябе кірмаш. Правілы гандлю рэгуляваў дакумент 1601 года. Ён з’явіўся пасля рэвізорскай праверкі ў Крэўскім старастве.

Гарадская пячатка мястэчка

Знакамі самакіравання, акрамя каралеўскага прывілея, былі гарадскі герб, пячатка і будынак ратушы. Гербам была Ляліва – знак у выглядзе шчыта з паўмесяцам і шасціканцовай зоркай на ім. Такі ж знак быў намаляваны на гарадской пячатцы. І надпіс: «Пячатка месца Рэчы Паспалітай Крэва».

Магістрат – орган мясцовага кіравання – узначальваў войт. Яго прызначаў вялікі князь ці стараста – ад імя кіраўніка дзяржавы. Войт павінен быў прадстаўляць інтарэсы і ўлады, і мясцовых жыхароў. Такі парадак існаваў да 1679 года. А пасля кароль Ян III пастанавіў, каб войта выбіралі самі мяшчане. Чалавек, які займаў гэтую пасаду, меў права чыніць суд. У гэтым яму дапамагаў падстараста. Так у канцы XVII у Крэве ўсталяваліся больш дэмакратычныя ўмовы самакіравання.

Здавалася, мястэчка развівалася. Сістэма ўзаемадзеяння народа і ўлады тут была падобна той, што даўно працавала ў Заходняй Еўропе. Толькі акалічнасці склаліся не на карысць Крэва. У канцы XVIII стагоддзя зямлі ВКЛ і Рэчы Паспалітай апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Тады шматлікія населеныя пункты пазбавіліся статуса і правоў гарадоў. Сярод іх было і Крэва.