Крэва ў Савецкім Cаюзе

Мястэчка стала цэнтральнай сядзібай калгасу

1945 – 1991 гг.

Уборка ўраджаю

Заходнюю Беларусь далучылі да Савецкага Саюза яшчэ ў 1939 годзе. Змены пачаліся толькі пасля вайны. Новая ўлада імкнулася як мага хутчэй перавесці эканоміку і сельскую гаспадарку на шлях, па якім ішла савецкая дзяржава.

У кастрычніку 1949 года ў Крэве стварылі калгас «Шлях Леніна». Людзі запісваліся туды неахвотна. Асабліва тыя, у каго да вайны была добрая гаспадарка. З такімі не цырымоніліся: іх адпраўлялі асвойваць сібірскую тайгу і казахстанскія стэпы. Хоць і на роднай зямлі ўмовы працы былі не лепш. У калгасе першыя часы не было ні машын, ні трактароў. З працаўнікамі разлічваліся працаднямі, за якія не пражывеш. Выратоўвалі прысядзібныя ўчасткі, але і яны былі маленькімі і абкладаліся падаткамі.

З часам калгас пашырэў, абзавёўся новай тэхнікай. У 1957 годзе да гаспадаркі ў Крэве далучылі некалькі суседніх. Новы калгас назвалі «40 гадоў Кастрычніка». У 1976 годзе адбылося наступнае ўзбуйненне. Гаспадарку пераназвалі ў «Кастрычніцкі».

У Крэве рабілі плітку і пяклі хлеб

Крэва стала цэнтральнай сядзібай калгасу. У мястэчку насельніцтва было нашмат больш, чым у суседніх вёсках. Не ўсім знаходзіўся занятак на калгасных палях і фермах. Другім па велічыні гаспадарчым утварэннем у Крэве быў лясгас. Могія ўладкаваліся там.

У Крэве працавалі школа, бальніца з аптэкай і амбулаторыяй, пошта, дом побыту, крамы, сталовая, клуб. Працоўныя месцы былі таксама ў арцелях, атэлье і на буйнейшых прадпрыемствах.

У 1953 годзе ў Крэве адкрыўся кафляны цэх. Ён быў філіялам Астравецкага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Вытворчасць размяшчалася ў будынку былой сінагогі. Акрамя пліткі ў цэху штампавалі гліняны посуд. Цэх існаваў да 1992 года.

Да нядаўняга часу працаваў у Крэве і дрэваапрацоўчы цэх. Ён быў заснаваны ў 1976 годзе.

Амаль 15 гадоў у мястэчку знаходзілася свая пякарня. Яна забяспечвала хлебам не толькі Крэва і навакольныя вёскі, але і больш аддаленыя кропкі. У 1983 году прадпрыемства спыніла працу. Пазней у памяшканнях былой пякарні знаходзілася крама гаспадарчых тавараў, але і яна зачынілася. Будынак доўга пуставаў, пакуль яго не разабралі.

У крэўскай малачарні

Што можна было купіць у савецкім Крэве?

Крэўскія магазіны часоў СССР – асобная гісторыя. Сёння ў Крэве іх некалькі, там прадаюць прадукты харчавання і тавары паўсядзённага попыту. У тыя часы крам было нашмат больш, і яны былі спецыялізаванымі. Прадуктовы, гаспадарчых тавараў, мэблевы, хлебны, кніжны, магазін прамысловых тавараў. Праўда, бывалі перыяды дэфіцыту. Тады паліцы пуставалі. А часам у Крэве можна было набыць рэчы, якіх не знайсці ў райцэнтры.

Самым папулярным магазінам у тую пару быў нарыхтоўчы. Ён стаў пераемнікам кааператыва «Дапамога», які існаваў тут пры Польшчы. За прадукты з прысядзібнага ўчастку, макулатуру, металалом ці рыззё можна было атрымаць не толькі грошы. Тут выдавалі рэчы, якія бывалі ў вострым дэфіцыце. Якасную фарбу, прыгажэйшыя, чым у звычайных крамах, шпалеры. І нават пласцінкі замежных выканаўцаў, пра якія гарадскія меламаны толькі марылі. Заведаваў крамай Рабіновіч, паслядоўнік справы гандляроў-габрэяў. Відаць, у яго былі свае каналы, якія дапамагалі даставаць для аднавяскоўцаў такія рэдкія тавары.

А вось традыцыйныя для Крэва кірмашы ў савецкі час страцілі свае пазіцыі. Яны праводзіліся толькі па нядзелях на пляцоўцы паміж Зарэчнай і Смаргонскай вуліцамі. Напачатку 70-х крэўскі базар быў шматлюдным, але відавочна не дацягваў да ранейшых кірмашоў. Пляцоўка для гандлю была абгароджана плотам. Прадавалі на ёй тое, што магло спатрэбіцца ў гаспадарцы. Напрыклад, сельскагаспадарчыя прылады, конскую збрую, немудрагелісты посуд і іншыя саматужныя вырабы. Тут можна было набыць і прадукты харчавання, ужываную вопратку. Прапанавалі нават парасятаў, цялятаў і іншую скаціну. Пазней гандаль жыўнасцю перамясціўся ў вёску Гародзькі Валожынскага раёна.

Культура ёсць, духоўнасці няма

Вуліца Багданаўская ў Крэве

Культурнае жыццё ў савецкім Крэве было разнастайным і насычаным. Ледзь толькі нашы землі ўвайшлі ў склад СССР, як Ашмянская раённая газета ўжо дала навіну пра будаўніцтва клуба ў Крэве. Нататка выйшла ў нумары за 31 кастрычніка 1939 года.

У Крэве рэгулярна праводзіліся святочныя дэманстрацыі і мітынгі, народныя гулянні. Людзі хадзілі на танцы, канцэрты самадзейнасці. У 1974 годзе адкрыўся новы прасторны дом культуры. У мястэчка сталі часцей завітваць гастралёры, у тым ліку з савецкіх сталіц. Штодня, а часам і некалькі разоў у дзень, ладзіліся кінасеансы. Карысталася папулярнасцю бібліятэка.

Савецкая ўлада дэкларавала свабоду веравызнання. У рэальнасці права на існаванне мела толькі тое, што не супярэчыла камуністычнай ідэалогіі. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі цяпер адбывалася тое ж, што і ва Ўсходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Храмы зачыняліся, святароў рэпрэсавалі. У дні рэлігійных свят людзей зганялі на працу.

Праваслаўная царква была адкрыта, але моладзь да яе не падпускалі. Збудаваны да вайны касцёл наогул зачынілі. У газеце «Перамога» ў траўні 1960 года пісалі, што ў касцёле планавалі стварыць музей. А потым гэтая ж газета паведаміла, што яго пераробяць у шпіталь.

Сучаснае Крэва – гэта ўжо аграгарадок. Пра яго ёсць што распавесці, але лепш убачыць, як мястэчка жыве сёння. Таму сардэчна запрашаем!