Падарожжа без візы

З 27 ліпеня 2018 года грамадзяне 74 краін свету могуць на 30 дзён прыехаць у Беларусь без візы. Гэтага часу хопіць для таго, каб пабываць у старажытным Крэве і аглядзець яго ваколіцы. Падрыхтавацца да вандроўкі дапаможа наша інструкцыя.

Хто можа прыязджаць у Беларусь без візы?

Грамадзяне ўсіх краін Еўрасаюза, а таксама Албаніі, Чарнагорыі, Македоніі, Нарвегіі, Ісландыі, ЗША, Аўстраліі, Японіі, Індыі і некаторых іншых дзяржаў.

[ бязвізавы рэжым ]

Як патрапіць у Беларусь без візы?

Трэба выканаць усяго некалькі ўмоў:

  • Прыляцець у Мінск на самалёце. Віза не патрэбна толькі ў тым выпадку, калі турыст праходзіць пашпартны кантроль у Нацыянальным аэрапорце «Мінск»;
  • Узяць з сабой пашпарт, медыцынскую страхоўку (яе можна аформіць у аэрапорце ў Мінску) на суму не менш за 10 тысяч еўра і грошы: 22 еўра на 1 дзень знаходжання ў краіне або 530 еўра на поўныя 30 дзён.

Ці ёсць адмысловыя ўмовы?

  • Для турыстаў з В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа. Для бязвізавай паездкі ў Беларусь патрабуецца сапраўдная шматразовая віза адной з дзяржаў Еўрасаюза ці Шэнгенскай зоны. У пашпарце павінна стаяць адзнака пра ўезд у гэту краіну. Таксама трэба прад’явіць зваротныя авіябілеты з пацверджанай датай вылёту з аэрапорта «Мінск» на пряцягу 30 сутак з даты прыезду.
  • Трыццацідзённае наведванне Беларусі дазволена турыстам, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі, і жыхарам Эстоніі, якія не маюць грамадзянства.
  • Умовы для бязвізавых паездак не дзейнічаюць для турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь праз аэрапорт «Мінск» з Расіі. Такім жа чынам замежнікі не могуць выехаць з Беларусі ў Расію і зноў вярнуцца сюды, нават калі ў іх ёсць віза Расійскай Федэрацыі.

Колькі разоў можна прыязджаць у краіну без візы?

Колькасць візітаў не абмежавана, але на кожнае падарожжа па Беларусі без візы адводзіцца толькі 30 дзён, уключаючы дзень прылёту і адлёту. Агулам на працягу года турысту дазваляецца знаходзіцца ў краіне не больш за 90 сутак.

Ці можна без візы затрымацца даўжэй, чым на 30 дзён?

У аэрапорце турысту паставяць у пашпарт адзнаку з датай прылёту ў краіну. З гэтага часу і адлічваюцца поўных 30 сутак. Калі пратэрмінаваць знаходжанне, то можна атрымаць папярэджанне, штраф ці дэпартацыю. Каб застацца ў Беларусі даўжэй, трэба зрабіць візу.

У выпадку хваробы ці надзвычайнага здарэння за візай для выезду з Беларусі звяртаюцца турыст ці яго прадстаўнік.

Як зарэгістравацца?

Замежнікі павінны зарэгістравацца на працягу 5 рабочых дзён з даты ўезду ў Беларусь. Гэта можна зрабіць самастойна ў бліжэйшым падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў. Гасцініцы, аграсядзібы, хостэлы і санаторыі рэгіструюць замежнікаў падчас засялення.

Без рэгістрацыі 30 дзён у Беларусі могуць знаходзіцца турысты з пашпартамі Латвіі і Літвы, а акрамя іх – Казахстана, ААЭ, Расіі і Украіны.

Чакаем вас у Крэва!!!