Крэва ў хроніках Першай сусветнай вайны

Паветраныя баі і жаночы батальён смерці

1915 - 1918 гг.

Вайна прыйшла на крэўскія землі напачатку восені 1915 года. Дзесяць дзён ішлі жорсткія баі пад Крэвам і Смаргонню. Пад Свянцянамі немцы пачалі прарыў, але рускае войска здолела яго прыпыніць. Праз Крэва амаль два гады праходзіла лінія фронта. Мястэчка і ўзвышшы на паўночны захад ад яго занялі немцы. На паўднёвым усходзе замацаваліся рускія.

Перад прыходам немцаў мясцовыя жыхары вымушаны былі падацца ў бежанцы. Мястэчка было цалкам спалена. Засталіся толькі некаторыя каменныя пабудовы: замак, дзве цэрквы і сінагога. Усе яны ператварыліся ў ваенныя аб’екты. Нейтральная тэрыторыя паабапал рэчкі Краўлянкі была аблытана дротам.

Непрыяцелі спрабавалі выбіць адзін аднаго з наседжаных месцаў. Высілкі былі дарэмнымі: лінія фронта заставалася на ранейшым месцы.

Пра падзеі таго часу распавядаюць ваенныя хронікі. З іх вядома, напрыклад, пра напад немцаў пад Навасёлкамі. Нанесці ўдар па пазіцыях рускіх ворагі вырашылі 31 сакавіка 1916 года. Побач з вёскай Навасёлкі яны вырылі падземныя галерэі, у якія заклалі міны. Рускія разгадалі намеры немцаў і стварылі контрмінныя галерэі. Двума падземнымі выбухамі яны спынілі прасоўванне сапёраў супернікаў. Праз паўтара месяцы немцы пад тымі ж Навасёлкамі зноў сталі капаць мінныя галерэі. Рускія іх высачылі і гэтым разам, і пачалі капаць сустрэчныя хады. У ноч на 16 траўня яны зноў разбурылі нямецкі падземны ход магутным выбухам. Жорсткія баі працягваліся ўсё лета 1916 года. У чэрвені немцы паспрабавалі перайсці раку Краўлянку на поўдзень ад Крэва. Рускія іх сустрэлі агнём. Вораг не змог прасунуцца далей і адступіў.

А пазней пад Крэвам супернікі абмяняліся шэрагам газавых атак. Рускія ўжылі газапуск упершыню на руска-нямецкім фронце. Немцы ўжывалі газ нашмат часцей. Гэтыя бітвы прывялі да шматлікіх ахвяр.

Лётчыкі-героі і збітыя самалёты

Сур’ёзны паветраны бой разгарэўся ў небе над Крэвам 25 верасня 1916 года. Тады знішчальнікі і два магутных бамбардзіроўшчыка «Ілля Мурамец» збіраліся ажыццявіць налёт на вёску Баруны. Там знаходзіліся важныя для немцаў стратэгічныя аб’екты. Першы авіяўдар здзейсніў «Ілля Мурамец Кіеўскі» пад камандаваннем палкоўніка Іосіфа Башко. Калі ён выканаў сваю задачу, у неба падняўся «Ілля Мурамец XVI». У складзе яго экіпажа былі Зміцер Макшэеў, Алег Карпаў, Фарух Гаібаў і Мітрафан Рахмін. Лётчыкі павінны былі завяршыць справу, пачатую Башко. Аднак расійскі самалёт атакавалі адразу чатыры варожых знішчальніка. Экіпажу бамбардзіроўшчыка прыйшлося адстрэльвацца з кулямётаў. Атрымалася збіць тры нямецкіх самалёта. Аднак «Ілля Мурамец» таксама ўпаў: усе лётчыкі загінулі. Немцаў вельмі ўразіла мужнасць расійскіх ваяроў. Яны з пашанай пахавалі лётчыкаў на вайсковых могілках.

Пра яшчэ адзін паветраны бой над Крэвам распавядае ваенны лётчык Аляксей Туманскі. Гэта было ўвесну 1917 года. Туманскі з назіральнікам Аптоўцавым на самалёце «Форман-27» фатаграфавалі варожыя пазіцыі на ўчастку Богушы – Крэва. Яны заўважылі нямецкі самалёт, які рухаўся ім насустрач. Расійскія авіятары падпусцілі яго да сябе, зайшлі з тылу і збілі першай чаргой стрэлаў. Нямецкі апарат крута спланіраваў, уторкнуўся носам у зямлю і зваліўся за крэўскімі могілкамі. Расійскія лётчыкі працягнулі паветраную разведку, быццам нічога не адбылося.

Вайна зацягвалася. Баі і перастрэлкі чаргаваліся з перыядамі зацішша. З кожным днём байцы ўсё больш былі незадаволены цяжкімі побытавымі ўмовамі, дрэнным матэрыяльным забеспячэннем.

Жаночы батальён правёў свой першы бой пад Крэвам

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі салдаты ўсё часцей не падпарадкоўваліся камандзірам. Здаралася і дэзертырства. Братанне салдатаў з супрацьлеглых войскаў стала звычайнай з’явай. Адно першых такіх братанняў у чэрвені 1917 пад Крэвам арганізаваў бальшавік па прозвішчы Аганэсаў.

Улетку 1917 года расійскае камандаванне вырашыла пачаць прарыў лініі фронта ў раёне Крэва. Сюды сцягнулі вялікую колькасць жывой сілы і артылерыі рознай магутнасці. На фронт прыбыло некалькі авіяцыйных атрадаў. Ад чыгункі да пазіцый праклалі вузкакалейку. Па ёй дастаўлялі гарматы і боепрыпасы. Аднак непрыяцель таксама не спаў і ўмацоўваў свае пазіцыі.

Камандаванне Заходняга фронта планавала правесці аперацыю ў тры этапы: артпадрыхтоўка, напад і перыяд замацавання. Артпадрыхтоўка пачалася 19 ліпеня ў 5 гадзін раніцы і працягвалася тры дні. Яна была ўдалай. Атрымалася пашкодзіць акопы і ўмацаванні суперніка, прабіць праходы ў загародзе, знішчыць гарматы немцаў.

У напад пяхота пайшла 22 ліпеня. За кароткі час рускія занялі першую лінію нямецкіх акопаў. Дзе-нідзе атрымалася прасунуцца яшчэ глыбей.

Нягледзячы на першапачатковы поспех, сіла націску неўзабаве пачала слабець. Наступ спыніўся. Дзеянні асобных частак былі няўзгодненымі, распаўсюджваліся панічныя чуткі пра адступ. Усе вярнуліся на свае старыя пазіцыі. Лінія фронта заставалася на ранейшым месцы. Тым не менш, пад Крэвам атрымалася зрабіць неймавернае. На гэтым участку Заходняга фронта расійскае войска змагло часткова знішчыць і прарваць добра ўмацаваную паласу абароны непрыяцеля.

Гэты бой стаў баявым хрышчэннем першай жаночай ваеннай каманды смерці. Незадоўга да наступу яе стварыў расійскі ўрад. Батальён Марыі Бачкаровай ваяваў у складзе 525-га пяхотнага палка 132-й дывізіі 1-га Сібірскага корпуса. У батальёна быў загад: ажыццявіць удар на цэнтральным участку прарыву – ад Наваспаска да паўночнай ускраіны Крэва.

Самавольнае перамір’е

І яшчэ адна сімвалічная падзея адбылася падчас Першай сусветнай пад Крэвам. Гэта было 26 лістапада 1917 года – братанне на больш высокім узроўні і з пэўным вынікам. У той дзень прадстаўнікі рускай 69-й пяхотнай дывізіі 10-й арміі дамовіліся з камандаваннем 11-й дывізіі немцаў спыніць агонь на сваім участку фронта. І гэта атрымалася. Пакуль палітыкі вырашалі, як з большай выгадай для сябе завяршыць баявыя дзеянні, вайскоўцы спынілі іх без усялякіх умоў.

Да нашых дзён на месцах былых баёў захаваліся паўразбураныя нямецкія бліндажы, рэшткі вузкакалейкі, зарослыя травой акопы і варонкі ад снарадаў. Нагадваюць пра Першую сусветную і вайсковыя пахаванні паблізу Крэва.