Даследаванне голаду ў Варшаўскім гета: навуковы подзвіг доктара з Крэва

7 красавіка 2026
Варшаўскае гета
Пацыенты шпіталя на тэрыторыі Варшаўскага гета. Здымак з кнігі “Choroba głodowa”, які быў зроблены падчас даследаванняў голаду ў 1942 годзе

У 1946 годзе ў Варшаве выйшла ў свет кніга ўнікальных даследаваняў ўплыву голада на арганізм чалавека. Вывучэнне праблемы праходзіла ў сценах Варшаўскага гета, дзе ўдзельнікамі эксперыменту былі яго жыхары, а навукоўцы – дактары-яўрэі, якія таксама жылі ў лагеры. Чалавекам, які ініцыяваў і кіраваў навуковымі працамі, а таксама таемна ад немцаў здолеў перадаць вынікі на волю, быў Ізраэль Мілэйкоўскі з Крэва.

Значная частка дакументаў, якія б расказалі пра жыццё Мілэйкоўскага, была згубленая падчас бамбардзіровак Варшавы, а таксама спаленая ў гета. Сціплыя звесткі захаваліся ў архівах польскага войска, медыцынскім архіве Варшавы, а таксама ва ўспамінах яго паплечнікаў.

Дзяцінства і юнацкія гады

Ізраэль Мілэйкоўскі нарадзіўся ў Крэве 17 ліпеня 1887 года ў сям’і Меіра і Бэлы. У Варшаву сям’я пераехала на мяжы стагоддзяў. У адраснай кнізе горада імя бацькі ўпершыню з’яўляецца ў 1910 годзе. Дасведчаныя ў гандлі, эмігранты хутка склалі канкурэнцыю мясцоваму насельніцтву. Ужо ў 1912 годзе імя Меіра Мілэйкоўскага фігуравала ў спісах выбаршчыкаў, а толькі заможныя людзі мелі права галасаваць у тыя гады. Грошы дазволілі бацьку адправіць сына на вучобу ва ўніверсітэт, дзе ён займаўся вывучэннем скурных і венерычных хваробаў.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Ізраэль Мілэйкоўскі далучыўся да шэрагаў расійскай арміі ў якасці камандзіра палявога шпіталя. Аднак ужо праз месяц службы – у верасні 1914 года – трапіў у нямецкі палон, у якім правёў каля трох год. Там Ізраэль працаваў доктарам у лагеры ваеннапалонных. Пасля вызвалення з палону ў маі 1917 года ён вярнуўся на вайсковую службу лекарам шпіталя ў Маскве, дзе працаваў да падпісання Версальскага міру і здабыцця Польшчай незалежнасці ў 1918 годзе. А ў маі 1919-га ізноў уступіў у войска – на гэты раз у толькі што створанае польскае. Падчас службы працаваў у розных шпіталях, у тым ліку і на перадавых пазіцыях польска-савецкай вайны.

Пасля звальнення з войска ў 1923 годзе Мілэйкоўскі уладкаваўся на працу ў яўрэйскую бальніцу ў Варшаве, а таксама адкрыў прыватную клініку ў сябе дома.

Візіт на гістарычную радзіму

Ізраэль Мілэйкоўскі
Ізраэль Мілэйкоўскі ў 1933 годзе

Пераезд з правінцыйнага мястэчка ў Варшаву – сучасны свецкі горад – прывёў да глыбокіх зменаў у светапоглядзе Мілэйкоўскага. Сучаснікі і блізкія адзначалі, што ён больш не прытрымліваўся строгіх правілаў рэлігійнага жыцця: яго часта бачылі без традыцыйнай кіпы, без барады і пейсаў, і ён нават дазваляў сабе паліць у Шабат. Паводле ўспамінаў калег, ён адрозніваўся тэмпераментнасцю, заўсёды гучна размаўляў і актыўна жэстыкуляваў.

У красавіку 1936 года Мілэйкоўскі наведаў Эрэц-Ізраэль, каб прыняць удзел у Першым сусветным кангрэсе яўрэйскіх лекараў. Візіт на гістарычную радзіму выклікаў у яго глыбокія эмоцыі, але адначасова выявіў і ўзмацніў унутраны крызіс ідэнтычнасці.

Сам кангрэс меў на мэце аб’яднаць яўрэйскіх лекараў з усяго свету і стварыць прафесійны цэнтр, што было асабліва актуальна на фоне прыходу нацыстаў да ўлады ў Германіі і пераследу яўрэйскіх медыкаў. Аднак менавіта на гэтым мерапрыемстве Мілэйкоўскі сутыкнуўся з балючым перажываннем, выкліканае моўным бар’ерам. Афіцыйнай мовай кангрэса і новага грамадства Зямлі Ізраільскай быў іўрыт. Мілэйкоўскі ведаў некалькі еўрапейскіх моў і ідыш, а таксама мог чытаць рэлігійныя тэксты, аднак не валодаў размоўным іўрытам. Гэта прымусіла яго, выбітнага прамоўцу і лідара ў Польшчы, адчуць сябе чужым і “нямым” сярод сваіх на кангрэсе.

Нягледзячы на яго шчырую падтрымку сіянізму і захапленне будаўніцтвам новай краіны, Мілэйкоўскі канчаткова ўсвядоміў сябе польскім яўрэйскім інтэлектуалам. Ён зразумеў, што яго сапраўдная місія – вярнуцца ў Польшчу, каб працягваць змагацца за правы яўрэйскіх лекараў у Еўропе.

У чым каштоўнасць даследаванняў

Даследаванне голаду ў Варшаўскім гета праводзілася з лютага да другой паловы ліпеня 1942 года. Праца была перапынена пачаткам так званай “Вялікай акцыі” – масавай дэпартацыі жыхароў у лагер смерці Трэблінка.

У гета доктар Мілэйкоўскі працаваў кіраўніком Аддзела аховы здароўя, які падпарадкоўваўся Яўрэйскаму савету і займаўся арганізацыяй медыцынскай дапамогі, барацьбой з інфекцыямі і кіраваннем бальніцамі. На яго плячах ляжала кіраванне медыцынскай сістэмай, якая фактычна не мела ні лекаў, ні рэсурсаў, ні ежы для пацыентаў.

Даследаванне было праведзена таемна і ў надзвычайных умовах, якія ні адзін вучоны ніколі не змог бы і не меў бы маральнага права штучна стварыць у лабараторыі. З-за масавага голаду ў Варшаўскім гета ў распараджэнні даследчыкаў апынулася неабмежаваная колькасць клінічнага матэрыялу – людзі паміралі наўпрост на вуліцах. Яны змаглі дэталёва вывучыць працэсы фізічнага разбурэння чалавечага арганізма пад уздзеяннем экстрэмальнага дэфіцыту калорый.

Лекары разглядалі голад не проста як сімптом знясілення або спадарожную з’яву пры іншых хваробах (напрыклад, пры сухотах), а як самастойную, рэальную хваробу са сваёй уласнай паталогіяй і клінічным цячэннем.

Праца лекараў стала доказам таго, што немцы мэтанакіравана выкарыстоўвалі масавы голад як эфектыўны інструмент знішчэння яўрэяў.

Што Мілэйкоўcкі казаў пра нацызм

Мілэйкоўскі ўважліва сачыў за развіццём падзей у Германіі. Яго ацэнка нацызму перажыла значную эвалюцыю. Адразу пасля прыходу Гітлера да ўлады ў студзені 1933 года ён апублікаваў артыкул “Nasze Memento” (Наш напамін), у якім памылкова ацэньваў нацызм як кароткачасовую анамалію. Мілэйкоўскі называў Гітлера “варварскім дэмагогам” і лічыў, што яго ўлада хутка скончыцца: “У цёмную і ціхую ноч, што апусцілася на жыццё ў Германіі, зорка Гітлера можа заззяць на імгненне, каб потым згаснуць і знікнуць назаўжды”. Ён верыў, што нацызм рассеецца як туман, пакінуўшы на гісторыі нямецкага народа “вялікую пляму”, якая прынясе яўрэям толькі сумны ўспамін, а немцам – трагічнае расчараванне. Ён таксама бачыў карані антысемітызму ў даўніх тэўтонскіх традыцыях.

Аднак вельмі хутка яго ілюзіі рассеяліся. Ужо ў 1934 годзе ён напісаў артыкул з трывожным загалоўкам “Hitler ante portas!” (Гітлер ля варот!). Ён усвядоміў, што нацызм нясе экзістэнцыяльную пагрозу для ўсяго яўрэйскага народа. Мілэйкоўскі пачаў рэзка крытыкаваць яўрэйскія суполкі і партыі за тое, што яны марнуюць час на ўнутраныя спрэчкі. Доктар заклікаў неадкладна спыніць палітычныя рознагалоссі і аб’яднацца дзеля выжывання.

Як склаўся лёс

Дачка Мілэйкоўскага Яніна, якая ў Варшаве жыла пад прыкрыццём на польскім баку і мела сувязі з падполлем, рыхтавала для бацькі ўцёкі з гета. Для яго былі падробленыя дакументы і мелася бяспечнае сховішча. Аднак доктар рашуча адмовіўся ад уцёкаў. Ён заявіў, што як лідар і лекар не можа кінуць сваіх пацыентаў. У студзені 1943 года падчас чарговай хвалі масавых дэпартацый з гета ён быў схоплены і адпраўлены ў лагер смерці.

Сярод тых, хто выжыў, хадзілі чуткі, што Мілэйкоўскі і яшчэ некалькі лекараў не даехалі да Трэблінкі жывымі: у вагоне яны прынялі яд, каб самастойна пайсці з жыцця і не даць нацыстам магчымасці забіць сябе.