Дзе ў Крэве хавалі вернікаў розных канфесій, самагубцаў ды ахвяраў эпідэмій

3 мая 2022
крэўскія могілкі
Фота: Сяргей Гапон

Калі вы прыйдзеце на крэўскія могілкі, то заўважыце дзіўную рэч: і на каталіцкіх, і на праваслаўных найстарэйшыя пахаванні датуюцца 1920-мі гадамі. І толькі калі добра пашукаць, то можна натрапіць на крыху старэйшыя. Але іх зусім адзінкі. Быццам і не было той шматвяковай гісторыі, якой славіцца Крэва. Дзе ж знайшлі свой прытулак і вечны спакой нашыя далёкія продкі?

Старажытныя курганы ля гарадзішча

Звесткі пра самыя даўнія крэўскія пахаванні знаходзім ў працах даследчыкаў XIX стагоддзя. “У вярсце (каля 1 км – рэд.) ад гарадзішча знаходзяцца чатыры высокія старажытныя магілы, якія ў Літве звычайна называюць курганамі”, – піша ў 1846 годзе Міхал Балінскі ў сваім даследаванні “Старажытная Польшча”. Пра гэтыя ж курганы прыблізна ў той жа час згадвае і Рамуальд Зянкевіч. Даследчык удакладняе, што яны размяшчаліся паблізу рэчкі Закота.

У 1893 годзе археолаг Фёдар Пакроўскі са спасылкай на мясцовага настаўніка таксама пісаў пра старажытныя курганныя могільнікі ў Крэве. Два з іх былі знойдзеныя на адлегласці сажняў 100 (крыху больш за 200 метраў – рэд.) ад гарадзішча. Пры разворванні аднаго з іх знайшлі чалавечы чэрап і некалькі жалезных абручыкаў. “Далей, сажняў праз 300, знаходзіцца другая пара такіх самых курганоў, а на 100 сажняў далей – яшчэ адзін курган. Недалёка ад апошняга, улева ад дарогі, – трэцяя пара курганоў. Адзін з апошніх быў раскопаны з-за цікаўнасці мясцовымі жыхарамі, пры гэтым знойдзены вялікі жалезны цвік і дубовае вуголле.”

Вызначыць дакладнае месцазнаходжанне згаданых курганоў у нашыя дні вельмі праблематычна. Яны маглі быць разбураныя падчас І сусветнай вайны або заараны мясцовымі жыхарамі. Добрым арыенцірам пры пошуках паслужыў бы гідронім Закота, пра які згадвае Зянкевіч. Аднак рэчкі з такой назвай тут таксама не выяўлена. Яна з часам магла перасохнуць ці, наадварот, – зарасці балотам.

Што знайшоў Грынкевіч

гарадзішча ў Крэве
Самыя даўнія крэўскія могілкі знаходзяцца непадалёк ад гарадзішча. Фота: Сяргей Гапон

Падказкай у пошуках могуць быць запісы, зробленыя мясцовым краязнаўцам Пятром Грынкевічам. У яго ўспамінах знаходзім згадку пра прыезд у Крэва ў 1912 годзе расійскіх вучоных, якія вялі раскопкі трох крэўскіх курганоў. Дванаццацігадовы Грынкевіч з цікаўнасцю назіраў за працай археолагаў. Ён нават запомніў, якія прадметы тады былі знойдзены і на чыім зямельным надзеле. Напрыклад, у адным з курганоў – на полі Яблонскага – былі знойдзены старажытныя цвікі, гузікі і іншыя рэчы. Пры раскопках другога – на дзялянцы Былінскага Домкі – даследчыкі натрапілі на гліняны гаршчок, поўны попелу. А трэці курган – на полі Былінскага Калістрата – паднёс археолагам сюрпрыз у выглядзе маленькай сякеркі, пікі і іншай зброі.

У сваіх запісных кніжках Грынкевіч згадвае яшчэ адзін пагорак недалёка ад гарадзішча – Магілу Вяля (або Велікана). Невядома дакладна, утварыўся тапонім ад нейкай рэальнай магілы, ці толькі дзякуючы чалавечай фантазіі пагорак атрымаў такую назву.

Ужо ў сталым узросце Грынкевіч выявіў на выгане паміж вуліцамі Смаргонскай і Зарэчнай дзіўныя камяні з выбітымі на іх таямнічымі знакамі ў выглядзе воўчых лапаў ды казіных капытоў. Краязнаўца выказаў меркаванне, што гэта таксама былі рэшткі старажытных могілкаў.

Для самазабойцаў – асобныя могілкі

Дамецій Плаўскі, які з 1864 года служыў святаром у Крэве, выявіў за дзве вярсты на захад ад цэнтра мястэчка ва ўрочышчы Царкавішча сляды старога храма і могілкі са старажытнымі каменнымі крыжамі. Пра гэта мы даведваемся з яго нарыса “Мястэчка Крэва”. Можна выказаць меркаванне, што выяўленае ім месца пахавання – гэта закінутыя могілкі ў Радзівонаўцы (народная назва вуліцы Савецкай), якія, па словах старажылаў, прызначаліся для пахавання людзей, што скончылі жыццё самагубствам, немаўлят, якія не прайшлі да смерці абрад хрышчэння, і тых, хто меў пры жыцці вялікія грахі перад Богам.

Калі я звярнуўся да дасведчаных спецыялістаў за даведкай пра падобнага кшталту пахаванні, то мне сказалі, што такі феномен не характэрны для Беларусі. Вядома, што самазабойцаў і нехрышчоных раней хавалі за могілкавай агароджай, але каб для іх пахавання адводзіліся асобныя могілкі – пра такія выпадкі яны нідзе, акрамя Крэва, не чулі. Праўда, крыху пазней, калі я падняў гэтую тэму у адной з сацыяльных сетак, Павел Кураловіч з Ашмянаў мне паведаміў, што падобныя могілкі для самагубцаў ёсць і каля Сакацянятаў, што пад Гальшанамі.

Пагост, на якім хавалі ахвяраў халеры

пагорак Мікола ў Крэве
Пагорак Мікола ў 2011 годзе падчас археалагічных раскопаў. Фота: Сяргей Гапон

Яшчэ адныя закінутыя могілкі размешчаны за дзве сотні метраў на ўсход ад Аляксандра-Неўскай царквы на невялікім пагорку, які ў народзе называюць Міколам. Тут да І сусветнай вайны стаяла ўжо закрытая ў той час Мікалаеўская царква. Па словах найстарэйшых жыхароў мястэчка, у ХІХ стагоддзі тут хавалі ахвяраў халеры. Расказваюць, што памерлых у час эпідэміі было так многа, што ў адну магільную яму змяшчалі па некалькі трунаў.

Падчас спусташальных баёў Мікалаеўская царква згарэла, а пагост быў моцна пашкоджаны. Аднак і ў нашыя дні тут можна распазнаць старажытныя надмагільныя камяні.

Уваскрэсенскія могілкі

Не пашкадавала І сусветная вайна і Уваскрэсенскія могілкі. Зараз іх можна знайсці толькі на плане мястэчка Крэва 1869 года, які захоўваецца ў школьным краязнаўчым музеі. Вядома, што адзін з крэўскіх пагоркаў меў такую ж назву. Параўнаўшы план ХІХ стагоддзя з сучасным, а таксама пасля апытання мясцовых жыхароў, удалося высветліць, што пагорак Уваскрэсенне (Уваскрэсенскі) з аднайменнымі могілкамі знаходзіўся на вуліцы Багданаўскай недалёка ад цяперашняй школы. Як расказвалі старажылы, у час будаўнічых работ і добраўпарадкавання тэрыторыі, што праводзіліся ў міжваенны час і пасля ІІ сусветнай вайны, на гэтым месцы трапляліся рэшткі старажытных надмагільных помнікаў і пахавальных скляпоў.

Яўрэяў не засталося, а могілкі дзейнічаюць

крэўскія могілкі
Фота: Сяргей Гапон

У час І сусветнай вайны яўрэйскія могілкі апынуліся на расійскім баку абароны і нейкім цудам не былі пашкоджаныя баямі. Засталіся яны некранутымі і падчас нямецкай акупацыі ў ІІ сусветную вайну.

Саміх яўрэяў у Крэве сёння не засталося. Амаль усе яны былі вынішчаны фашыстамі. Тыя нешматлікія, хто вярнуліся сюды пасля вызвалення – або дажылі ўжо свой век, або змянілі месца жыхарства. Тым не менш, у нашыя дні назіраюцца выпадкі, калі на крэўскіх яўрэйскіх могілках хаваюць людзей з іншых мясцін. Апошняе пахаванне датавана 2006 годам: у мястэчку знайшла спачын жанчына са Смаргоні, там яўрэйскія могілкі былі зруйнаваныя яшчэ ў савецкія часы.

Ці быў у Крэве татарскі мізар?

За колішняй Татарскай вуліцай (цяперашняя яе назва – Дзяржынскага), дзе яна найбліжэй падыходзіць да Багданаўскай, знаходзіцца пагорак, названы ў літаратуры канца XIX стагоддзя Прачыстай. Згодна з інфармацыяй, надрукаванай у адным з нумароў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцяў” за 1889 год, на ім таксама былі зафіксаваны сляды старажытных пахаванняў. Там і цяпер можна пабачыць некалькі надмагільных камянёў. Праўда, датаваныя яны сярэдзінай ХІХ стагоддзя.

Некаторыя з мясцовых лічаць, што гэта татарскія могілкі. Пра тое ж сцвярджае і Пётр Грынкевіч у сваіх нататках. Самі ж крэўскія татары заўсёды пярэчылі: ніякага мізара ў Крэве не было, ва ўсе часы яны хавалі сваіх родных або ў Ластаях, або ў Даўбучках. Відаць, меркаванне пра мізар з’явілася толькі з-за таго, што побач кампактна пражывалі прадстаўнікі гэтага народа ды з-за тутэйшых тапонімаў, звязаных з імі – вуліца Татарская і Татарскія горы. Больш за тое, на надмагіллях, што захаваліся, яскрава прасочваюцца хрысціянскія сімвалы.

Што тычыцца татарскага мізара, то існуе яшчэ адна пакуль што неправераная версія. Некаторыя старажылы сцвярджалі, што нібыта для пахавання крэўскіх татараў некалі была адведзена аддзеленая ровам частка яўрэйскіх могілкаў.

Сучасныя хрысціянскія пахаванні

Каталіцкія могілкі, якія дзейнічаюць зараз, размяшчаюцца крыху на поўнач ад касцёла на пагорку, дзе даўней стаяла Успенская царква. Пачалі хаваць тут католікаў толькі пасля заканчэння І сусветнай вайны. Да яе каталіцкія могілкі месціліся на пагорку бліжэй да касцёла, крыху ніжэй ад праваслаўных. Зараз ад іх захавалася толькі некалькі надмагільных камянёў з надпісамі па-польску.

крэўскія могілкі
Нямецкія ўмацаванні часоў І сусветнай вайны на крэўскіх могілках за касцёлам. Фота з кнігі “Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3”

Расказваюць, што і на самім касцельным пагорку ў ранейшыя часы знаходзілася некалькі магіл. Хто там быў пахаваны – невядома. Магчыма, святары або фундатары касцёла. Пісьмовых згадак пра гэта пакуль не знойдзена. Але ёсць сведчанні, што ў 1930-ыя гады падчас правядзення земляных работ перад узвядзеннем драўлянага касцёла будаўнікам трапляліся рэшткі старых пахаванняў і чалавечыя астанкі. Тое ж самае назіралася і ў 1990-ыя падчас будаўніцтва новага мураванага касцёла. Па непацверджаных чутках, тады тут знайшлі астанкі воіна ў старажытных даспехах.

Нялёгкім выдаўся лёс могілкаў, на якіх дагэтуль хаваюць памерлых праваслаўныя. На пагорку, дзе яны размяшчаюцца, у час І сусветнай вайны акапаліся немцы. І калі ў ліпені 1917 года рускія спрабавалі прарваць лінію фронту, іх цяжкая артылерыя няўмольна біла па тых акопах, не шкадуючы і магіл, што размяшчаліся побач. У выніку абстрэлу могілкі пераўтварыліся ў пустэльню.

Пасля вайны праваслаўныя ўзяліся адраджаць свае могілкі на месцы зніклых. Можна сказаць, адлік іх гісторыі, як і гісторыі новых каталіцкіх, пачаўся тады нанава.

Падтрымайце Kreva.Travel!