Школьніцы з Маладзечна прымроіліся ўцёкі Вітаўта з Крэўскага замка

9 жніўня 2022
Юля Ярашонак
Юля Ярашонак. Фота з асабістага архіву гераіні

Юлі Ярашонак 16 год. Яна жыве і вучыцца ў Маладзечне. Пра Крэва ведае са школьных падручнікаў, экскурсій і расповядаў маці. Часам вялікая крэўская гісторыя так захапляе яе, што прыходзіць да дзяўчыны ў снах.

Так было і ў адну з вясновых начэй, калі дзяўчына сустрэлася з вялікім князем Вітаўтам. Прачнуўшыся, яна занатавала ўбачанае на паперы. Мы публікуем апавяданне цалкам.

Крэўскія сны і кавалачак чырвонай цаглінкі

Паўгадзіны я блукаю па нейкім будынку і не магу зразумець, як тут апынулася. Нешта зусім не памятаю. Тут так лёгка заблукаць. А адкуль у мяне такая вузкая спадніца? Як жа нязручна ў ёй. Дзе падзеліся мае любімыя джынсы? Так, трэба неяк зразумець, дзе я. Вакол – сцены з чырвоных камянёў і цэглы, прыглушанае святло, высокія крутыя лесвіцы. Выглядаю ў невялічкае акенца. Бачу высокія ўзгоркі і рэчку, якая зліваецца з ручаём. 

Але ж дзе выхад? Трэба пашукаць тут каго-небудзь, можа падкажуць. З думак мяне выводзіць гук хуткіх трывожных крокаў па каменнай падлозе . Вось гэта пашчасціла! Зараз і спытаю. Насустрач мне з пакоя выйшлі дзве дзяўчыны. Яны таксама ў доўгіх незвычайных спадніцах, апранутыя відавочна не па сучаснай модзе, з прыкрытымі тварамі. Але, крыху прыглядзеўшыся, я заўважаю, што на самой справе адзін з гэтых людзей – мужчына. Толькі чаму ж ён у жаночым адзенні? Я разявіла рот ад здзіўлення, але хутка ўспомніла сваю мэту. Спачатку трэба адсюль выйсці, а потым ужо здзіўляцца.

– Добры дзень. Прабачце, я нешта згубілася тут. Не маглі б вы падказаць мне, дзе знаходзіцца выхад?

Але невядомыя так кудысьці спяшаліся, што нават не паглядзелі на мяне. От, дзякуй вялікі! Раззлаваўшыся, я ўсё ж накіравалася за гэтымі грубіянамі. Можа, хоць так атрымаецца нарэшце выйсці. І мой геніяльны план спрацаваў. Калі я апынулася на двары, дасылаючы гэтаму невядомаму месцу соты праклён, раптам спынілася ад нечаканасці. Ды не можа такога быць!.. Я стаяла сярод двара, абмежаванага чырвонымі мураванымі сценамі прамавугольнага замка. З розных бакоў на мяне глядзелі дзве вежы.  Крыху далей сцяна завяршалася драўлянай галерэяй. Я, усё яшчэ у шоку, уважліва азіралася. Вакол – хаты, гаспадарчыя пабудовы, нейдзе там заўважаю кузню, каля мяне – сажалка. А вось і мураваная сцяжынка, якая вядзе да выхаду з замка, да галоўнай брамы. 

уцёкі Вітаўта з Крэўскага замка
Крэўскі замак быў сведкам шматлікіх драматычных падзей. Фота: Сяргей Гапон

Няўжо гэта тое, пра што думаю? Гэта… Крэўскі замак? Але ж я дакладна памятаю, як ён выглядае: сёння там засталіся напаўразбураныя сцены, якія пару год таму пачалі рэстаўраваць. Атрымліваецца, цяпер я недзе у 14 стагоддзі. А людзі, якіх я сустрэла сярод старажытных муроў, – гэта вялкі князь Вітаўт і яго жонка Ганна. Як жа добра, што я не затрымала іх! 

Памятаеце, як у сярэдзіне 14 стагоддзя князь Ягайла, не хочучы аддаваць уладу, падманам заманіў свайго дзядзьку Кейстута і яго сына Вітаўта ў Крэўскі замак. Кейстута Ягайлавы служкі задушылі залатым шнурком. Падобны лёс чакаў і Вітаўта. Уратавала яго жаночая знаходлівасць і самаахвярнасць. Неяк увечары жонка прыйшла праведаць князя разам са сваёй пакаёўкай. У пакоі, дзе яго трымаў Ягайла, Вітаўт пераапрануўся ў адзенне служанкі і разам з жонкай змог уцячы. Варта не заўважыла падмены. Вось у гэты момант я і сустрэла ў замкавых калідорах Вітаўта з Ганнай.

А затрымала б я князя сваімі пытаннямі, магло б і не быць у нашай слаўнай гісторыі магутнага Вялікага Княства Літоўскага з тэрыторыяй ад мора да мора і дзяржаўнай старабеларускай мовай. Не было б перамог над татарамі ў канцы 14 стагоддзя і бліскучага трыумфу 15 ліпеня 1410 года пад вёскай Грунвальд, калі аб’яднаныя войскі Ягайлы і Вітаўта разбілі крыжакоў.  Не было б прызнання вялікага князя адным з самых значных палітыкаў і ўмелых ваеннаначальнікаў свайго часу.

Мае думкі прыпыніў невядомы звон. Няўжо гэта званы старажытнага крэўскага храма? Ах, не! Гэта будзільнік нагадаў, што трэба ўставаць і збірацца ў школу. Значыць, падарожжа ў часе і прасторы было ў сне. Эх, шкада! Я паднялася і раптам… З кішэні маёй піжамы на падлогу выпаў кавалачак старажытнай чырвонай цаглінкі…

Падтрымайце Kreva.Travel!