“Думалі, што нас расстраляюць, а яны толькі прыехалі з аўтаматамі паглядзець на свой замак”. Сведкі пра Халакост у Крэве

27 студзеня 2022
Халакост у Крэве
Халакост у Крэве пачаўся з расстрэлу адразу васьмі мясцовых жыхароў. Фота: Kluvik Archives

Нямецкія акупанты з’явіліся ў Крэве 25 чэрвеня 1941 года. Сваё знаходжанне тут яны распачалі з жорсткай акцыі па запалохванню насельніцтва: было расстраляна адразу восем жыхароў мястэчка, якіх выдалі як савецкіх актывістаў.

З беларусаў тады загінулі Раман Тамашэвіч, Іван і Станіслаў Леановічы, Іван Губіч. З яўрэяў у спіс трапілі два дарослыя мужчыны Мэер Шмуклер і Гедаль Ароцкі, а таксама два хлопчыкі Машэ Юдл Мілікоўскі і Беньямін Зак.

Ужо з першых дзён захопу мястэчка яўрэі сутыкнуліся з моцным ціскам з боку акупантаў. Ім забаранялася мець стасункі з астатнімі местачкоўцамі, наведваць рынак, а таксама выязджаць з Крэва без дазволу. Кожны прадстаўнік гэтага народу мусіў нашыць на вопратку жоўтую зорку. Такім жа знакам былі пазначаныя і дамы, у якіх жылі яўрэйскія сем’і.

Як жылі ў гета

Восенню 1941 года паміж Рынкавым пляцам, сінагогай, замкам і Багданаўскай вуліцай немцы стварылі гета, куды сагналі ўсіх яўрэяў.

Захопнікі рассяліліся ў пакінутых дамах. Вайсковы гарнізон, які размяшчаўся ў Крэве, займаўся будаўніцтвам назіральнага пункта і радыёстанцыі ў Шылавічах каля Мілідаўшчыны. Кожную раніцу нямецкія салдаты накіроўваліся на будаўнічыя працы на той сакрэтны аб’ект, а вечарам вярталіся. Пазней яны перабраліся туды на пастаянна, разабраўшы ў Крэве і перавёзшы ў Шылавічы некалькі лепшых яўрэйскіх дамоў.

Тэрыторыю гета абнеслі калючым дротам, і за агароджу нельга было выходзіць без адмысловага дазволу. Для рэгулявання стасункаў паміж яўрэямі і акупантамі, а таксама для кантролю за парадкам быў створаны юдэнрат – яўрэйскі савет.

Мужчыны і хлопчыкі, якім споўнілася дванаццаць год, штодня працавалі на рамонце дарог ў бок Мілідаўшчыны і Папелевічаў, а таксама нарыхтоўвалі лес. Жанчыны мылі салдацкую бялізну і прыбіралі памяшканні, занятыя немцамі.

Халакост у Крэве
Немцы каля сінагогі, ліпень 1941 года. Фота з калекцыі Сяргея Міхалевіча

Тыя, хто працаваў за межамі гета, абменьвалі ў местачкоўцаў рэчы са сваёй маёмасці на ежу. Гэта было даволі рызыкоўна, бо такія здзелкі забараняліся.

Жыццё ў гета ўскладнялася інфекцыйнымі хваробамі, якія ў антысанітарных умовах распаўсюджваліся асабліва хутка. Да ўсяго ж, тэрыторыя была перанаселенай: акрамя крэўскіх тут змясцілі некалькі сем’яў бежанцаў з іншых мясцінаў. Перад засяленнем паліцаі дашчэнту абабралі іх, таму юдэнрат вымушаны быў размеркаваць гэтых людзей для харчавання разам з іншымі яўрэямі.

Сведка падзей Мірыям Камінская ў сваіх успамінах пра Халакост у Крэве піша, што ў сінагозе жыло каля трыццаці сем’яў. Тыя, хто паспеў заняць месца ля вокнаў, былі шчаслівыя – яны мелі хоць нейкую асабістую прастору. Астатнія ляжалі наўпрост пасярод сінагогі, і каб крыху абазначыць сваё месца, падвешвалі рэчы.

Халакост у Крэве
Вайскоўцы ўнутры сінагогі. Фота з калекцыі Сяргея Міхалевіча

Усяго напрыканцы лета 1942 года ў крэўскім гета пражывала 447 чалавек. З іх 102 мужчыны і 41 жанчына прыцягваліся да разнастайных работ, 68 мужчын і 25 жанчын знаходзіліся ў падпарадкаванні вермахта, дзесяць мужчын прыбіралі вуліцы, восем працавалі рамеснікамі, а двое – пекарамі. Дзве жанчыны і двое мужчын працавалі ў малачарні. Тры чалавекі з гэтага спісу ахоўвалі гета, яшчэ трое ўваходзілі ў склад юдэнрату. Былі таксама жанчына-медсястра і жанчына-цырульнік.

Літоўскія паліцыянты на экскурсіі

Мірыям Камінская прыгадвае як у мястэчка прыехалі два ці тры грузавікі з узброенымі літоўцамі. Яны рухаліся ў бок гета. “Многім падавалася, што вось-вось усіх расстраляюць. Дзеці, якія ў гэты момант гулялі на вуліцы, з плачам прыбеглі ў сінагогу і схаваліся пад ложкамі. У дарослых жа заставаўся толькі варыянт залезці жывымі ў зямлю”, – піша ў сваіх успамінах Камінская. У той момант яна завіхалася ля печы, якую ў сінагозе склалі адмыслова для выпечкі хлеба. Усе дзівіліся яе спакойнаму стану. Мірыям адказвала, што дзеці цэлы дзень галодныя, і калі яе не застрэляць, іх нечым патрэбна карміць.

Тым часам літоўскія вайскоўцы спыніліся ля самых варотаў гета і… пайшлі на экскурсію ў замак, які лічылі сваёй уласнасцю. Мірыям кажа, што яны спявалі песні, фатаграфаваліся, а некаторыя нават цалавалі зямлю са слязьмі ад радасці.

Неўзабаве яны з’ехалі, а Камінская дастала з печы хлеб. Па яе словах, у тыя часы не магло быць нічога важнейшага за клопат пражыць дзень без голаду. Нават мясцовая інтэлігенцыя думала толькі пра тое, дзе знайсці некалькі бульбін.

З паўтысячы яўрэяў пасля вайны ў Крэва вярнуліся адзінкі

У пачатку кастрычніка 1942 года крэўскае гета расфарміравалі, а яго жыхароў перавезлі ў Ашмяны. Напрыканцы месяца разам з ашмянскімі, смаргонскімі ды гальшанскімі яўрэямі многіх крэўскіх расстралялі ля вёскі Талмінава. У памяць пра сем соцень ахвяраў на гэтым месцы пасля вайны ўсталявалі памятны знак. Некаторыя з крэўскіх здолелі збегчы з гета і далучыліся да беларускіх партызанаў.

Халакост у Крэве
Помнік ахвярам Халакосту ля вёскі Талмінава пад Ашмянамі. Фота: Уладзімір Прыхач

Пасля ліквідацыі ашмянскага гета ў сакавіку 1943 года яўрэяў перавялі ў Вільню. Частку пакінулі ў мясцовым гета, а некаторых размеркавалі ў працоўныя лагеры ў іншыя літоўскія гарады. Многія апынуліся сярод ста тысяч ахвяраў, якіх пазбавілі жыцця ў лесе каля населенага пункту Панары пад Вільняй.

Па словах Бэлы Ліпковіч, якая перажыла Халакост у Крэве, з пяці соцень яўрэяў даваеннага мястэчка адраджаць тут мірнае жыццё вярнуліся ўсяго адзінаццаць чалавек.

Падтрымайце Kreva.Travel!