Ад Нальшанаў да Вейшнорыі. У склад якіх дзяржаў уваходзіла Крэва

10 красавіка 2022
У склад якіх дзяржаў уваходзіла Крэва
Мяжа паміж генеральнымі акругамі Літва і Беларусь непадалёк ад Крэва пасля 1 красавіка 1942 года

За сваю шматвекавую гісторыю жыхары Крэва пажылі ў паўтара дзясятка дзяржаў, адна з якіх была выдуманай краінай. Самы працяглы час крэўскія былі грамадзянамі Рэчы Паспалітай – крыху больш за 2 стагоддзі, а найменей мы падпарадкоўваліся Расійскай Рэспубліцы – паўтары месяцы.

Часам улада мянялася ў выніку захопніцкіх войнаў, часам – паводле саюзных пагадненняў паміж краінамі. Былі выпадкі, калі змены прыводзілі да цалкам новага палітычага ладу, але і часта здаралася, што мянялася толькі назва дзяржавы. Краязнавец Аляксандр Камінскі прасачыў, пашпарты якіх краін мелі крэўскія.

Нальшанскае і Крэўскае княствы

Многія лічаць, што Крэва ў ХІІІ стагоддзі было сталіцай Нальшанскага княства. Пры гэтым часта спасылаюцца на міфічную нямецкую хроніку, у якой нібыта пра гэта паведамляецца, хаця ніхто не ўказвае ні назву дакумента, ні аўтара. Ёсць і тыя, хто сцвярджае, што Нальшаны размяшчаліся не ля Крэва, а зусім у іншым месцы – у межах сучаснай Літвы ці нават Латвіі. Таму запісваць колішніх насельнікаў Крэва і ваколіц у падданых нальшанскага князя Даўмонта з поўнай упэўненасцю не варта.

А вось пра Крэўскае княства ніхто нават і не спрачаецца. Адлік яго гісторыі пачынаецца з 1338 года. Вялікі князь літоўскі Гедымін, калі дзяліў спадчыну, аддаў Крэва і прылеглыя землі свайму сыну Альгерду. У 1345 годзе Альгерд заняў велікакняжацкі трон у Вільні, і Крэўскае княства перайшло да яго сына Ягайлы.

Вялікае княства Літоўскае

У 1391 годзе, калі загінуў крэўскі князь Вігунд, княства было ліквідавана, і яго землі перайшлі ва ўласнасць Вялікага княства Літоўскага. Крэва стала цэнтрам павета (у некаторых дакументах ён называецца Крэўска-Свірскім). Можна выказаць меркаванне, што гэтая тэрытарыяльная адзінка сваімі межамі супадала з колішнім Крэўскім княствам. Павет, як і княства, цягнуўся хоць і нешырокай, але працяглай паласой з поўдня на поўнач, ад Налібокаў да Кабыльніка, уключаючы Бакшты, Вішнева, Холхлава, Забрэззе, Лоск, Крэва, Смаргонь, Жодзішкі, Свір. 

Крэўскі замак у сярэднія вякі граў ролю важнага адміністрацыйнага цэнтру. Фота: Сяргей Гапон

Павет з цэнтрам у Крэве праіснаваў да сярэдзіны XVI стагоддзя. У 1565-1566 гадах у Вялікім княстве Літоўскім адбылася адміністрацыйная рэформа. Дробныя паветы былі аб’яднаны ў аднайменныя, але значна большыя па памерах адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, якія ў сваю чаргу ўваходзілі ў склад ваяводстваў і дзяліліся на воласці. Нашае мястэчка з навакольнымі вёскамі ўтварылі Крэўскую воласць у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.

Рэч Паспалітая

Пасля 1 ліпеня 1569 года, калі была падпісана Люблінская унія, ВКЛ апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай. Схема падпарадкавання “воласць-павет-ваяводства” заставалася ў сіле доўгі час.

Расійская імперыя

Нешта падобнае працягвала існаваць нават тады, калі мы пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе падпалі пад уладу Расійскай імперыі. Толькі павет у афіцыйных паперах стаў пісацца як уезд (па-польску і па-беларуску гэтую адзінку працягвалі называць па-ранейшаму), а ваяводства – як губерня (апошнія пяць месяцаў 1796 года – намесніцтва). Воласць жа і ў расійскім справаводстве заставалася воласцю. Так што Крэва за царскім часам было цэнтрам воласці ў складзе Ашмянскага уезда Віленскай губерні. Існавала яшчэ адно падраздзяленне – генерал-губернатарства (або ваеннае губернатарства), якое складалася з некалькіх губерняў. Тое, якое ўключала Віленскую губерню, называлася спачатку Літоўскім, затым – Віленскім.

Палова Крэва – у Германіі, палова – у Расіі

Калі разгараюцца войны, то захопнікі пачынаюць лічыць занятыя тэрыторыі сваімі. У час І сусветнай вайны Крэва і Крэўская воласць былі падзеленыя лініяй фронту. Такім чынам, адна палова заставалася ў складзе Расійскай, другая ж апынулася пад Германскай імперыяй. І хоць юрыдычна новыя межы не былі зацверджаныя, тым нашым землякам, хто не паспеў падацца ў бежанцы і апынуўся на германскім баку, немцы нават выдавалі свае пашпарты.

Нямецкі пашпарт жанчыны з ваколіцаў Крэва

Пасля вайны тыя, хто вярнуліся з бежанцаў грамадзянамі рэвалюцыйнай Расіі, таксама як і іх землякі – колішнія падданыя германскага кайзера, доўгі час не маглі разабрацца са сваім грамадзянствам, паколькі ўлада ў наступныя гады мянялася тут ледзь не кожны месяц.

Расійская Рэспубліка

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў межах былой Расійскай імперыі паўстала Расійская Рэспубліка. Крэўскія пажылі ў “новай” краіне крыху больш за паўтары месяцы: з 14 верасня па 7 лістапада. Праўда, так было толькі па дакументах. Нашыя землі па-ранейшаму заставаліся пад кантролем германскага войска.

Беларуская Народная Рэспубліка

Ва ўмовах акупацыі 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР яе ўлада распаўсюджвалася на землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ. Такім чынам, Крэва ў складзе Віленскай губерні таксама перайшло ў склад БНР.

Літоўская Савецкая Рэспубліка і Літбел

У сярэдзіне снежня 1918 года Чырвонай Арміі ўдалося выціснуць немцаў з тэрыторыі Ашмянскага павета, пасля чаго ў нашым краі пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Віленшчына з Крэвам сталі часткай створанай Саветамі дзяржавы – Літоўскай Савецкай Рэспублікі. У студзені 1919 года быў утвораны Ашмянскі павятовы, а таксама Беніцкі і Крэўскі валасныя рэўкомы. Варта зазначыць, што кіраўніцтва апошняга знаходзілася не ў Крэве, а ў Барунах: нашае мястэчка ўсё ніяк не магло аправіцца ад разбурэнняў пасля І сусветнай вайны.

27 лютага 1919 года Літоўская Савецкая Рэспубліка была аб’яднана з Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Беларусь, у выніку чаго наш край паспеў пабываць і ў складзе таго, што з гэтага атрымалася – у Літоўска-Беларускай ССР (скарочана – Літбел). Новая краіна праіснавала да ліпеня гэтага ж года, калі землі захапіла войска Польскай Рэспублікі падчас Савецка-Польскай вайны. Новая ўлада пратрымалася тут адзін год: у ліпені 1920 года сюды ізноў прыйшлі Саветы.

У адным з будынкаў на Зарэчнай вуліцы ў 1920 годзе месцілася крэўская валасная адміністрацыя. Фота: Сяргей Гапон

Цяпер крэўскае валасное кіраўніцтва ўжо засядала ў родным мястэчку ў адным з новаўзведзеных дамоў на вуліцы Зарэчнай. Старшынёй рэўкома тут быў Іван Грынкевіч (бацька краязнаўцы Пятра Грынкевіча), намеснікам – Любоў Пазнанская, а сакратаром – Станіслаў Станкевіч – у будучым даволі вядомы беларускі дзеяч, паэт, выдавец і гаспадар нацыянальнай кнігарні ў Вільні. Аднак і гэтым разам савецкая ўлада пакіравала тут нядоўга.

Сярэдняя Літва

У выніку змагання Польшчы і Літвы за панаванне на землях Віленшчыны, апошняй удалося здабыць гэтае права. Паводле польска-літоўскай дамовы ад 7 кастрычніка 1920 года Віленскі край лічыўся тэрыторыяй Літвы. Праўда, польскі генерал Люцыян Жалігоўскі, які да гэтага ачысціў Віленшчыну і суседнія землі ад бальшавікоў, саступіць не захацеў і ў тым жа месяцы абвясціў аб заснаванні на занятай ім тэрыторыі незалежнага дзяржаўнага ўтварэння – Сярэдняй Літвы, у межах якога апынулася і Крэва.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гаспадарка ў Сярэдняй Літве развівалася даволі паспяхова. На працягу 1921 года тут пачалі дзейнічаць 432 буйныя прамысловыя прадпрыемствы і каля 1370 дробных. Улады распрацавалі праект электрыфікацыі краю. Адна з электроўняў знаходзілася ў Ашмянах. Таксама планавалася правесці зямельную рэформу. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для пашырэння беларускай культуры і адукацыі. У Барунах, да прыкладу, распачала працу беларуская настаўніцкая семінарыя.

Польская Рэспубліка

20 лютага 1922 года сойм Сярэдняй Літвы большасцю галасоў прыняў рашэнне аб далучэнні да Польшчы. На ўсе фармальнасці па ажыццяўленні гэтага рашэння спатрэбілася некалькі месяцаў. Канчаткова чатыры паветы Сярэдняй Літвы “пераехалі” ў Польшчу ў красавіку. Мястэчка стала цэнтрам гміны (аналаг колішняй воласці і сучаснага сельсавета) ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

У склад якіх дзяржаў уваходзіла Крэва
Сябры крэўскай гміннай Управы, канец 30-ых гадоў. Фота з калекцыі Аляксандра Камінскага

Гэтым разам межы пратрымаліся да сярэдзіны верасня 1939 года. Пачалася ІІ сусветная вайна. Польшча, падзеленая паміж Германіяй і Савецкім Саюзам, ізноў знікла з карты Еўропы. Віленшчына разам з усёй Заходняй Беларуссю была далучана да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе СССР.

БССР

Спачатку было створана Часовае кіраванне Вільні і Віленскай вобласці. Пасля падпісання 10 кастрычніка 1939 года савецка-літоўскай дамовы аб узаемадапамозе Вільня і невялікая частка Віленскай вобласці былі перададзены Літве. На тэрыторыі другой часткі, што засталася ў складзе БССР (там было і Крэва), 4 снежня 1939 года была створана Вілейская вобласць, якая складалася з сямі паветаў. Крэва па-ранейшаму ўваходзіла ў Ашмянскі. 15 студзеня 1940 года паветы былі ліквідаваныя, а тэрыторыю вобласці пераразмеркавалі на 22 раёны. Крэва апынулася ў Смаргонскім.

22 чэрвеня 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз. Уводзячы на занятых тэрыторыях свае парадкі, немцы па-свойму ажыццявілі падзел захопленых тэрыторый. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне, якое ўключала ў сябе заходнюю частку Беларусі, краіны Балтыі і асобныя тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы, называлася рэйхскамісарыятам Остланд. Ён складаўся з 4 генеральных акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Адміністрацыйным цэнтрам гэтага ўтварэння была Рыга.

Да красавіка 1942 года Крэва ўваходзіла ў склад генеральнай акругі Беларусь, а потым мястэчка аддалі пад кіраванне генеральнай акругі Літва. У сувязі з гэтым мясцовую адміністрацыю і пастарунак паліцыі занялі літоўцы. Дакументацыя вялася і па-нямецку, і па-літоўску.

У склад якіх дзяржаў уваходзіла Крэва
Такі выгляд мелі дакументы жыхароў Крэва пасля красавіка 1942 года, калі тут кіравалі літоўцы

У першыя гады пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Крэва падпарадкоўвалася Маладзечанскай вобласці. У студзені 1960 года адбыўся чарговы адміністрацыйна-тэрытарыяльны перадзел, і мы адыйшлі да Гродзенскай вобласці. 

Рэспубліка Беларусь

У верасні 1991 года пасля атрымання незалежнасці БССР перайменавалі ў Рэспубліку Беларусь. Былі прапановы змяніць і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, адрадзіць колішнія паветы і ваяводствы. Аднак усё да сёння застаецца такім, якім было ў час выхаду нашай краіны са складу Савецкага Саюза.

Вейшнорыя

Пяць год таму вайсковае кіраўніцтва беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2017” прыдумала віртуальную дзяржаву-ворага пад назвай Вейшнорыя. Новая краіна паўстала на тэрыторыі паўночна-заходніх абласцей сучаснай Беларусі і, паводле легенды вучэнняў, мела намер захапіць астатнюю яе частку. Крэва праз сваё геаграфічнае становішча апынулася на тэрыторыі агрэсара і міжволі “паўдзельнічала” ў гэтым прыдуманым канфлікце.

Гісторыя атрымала нечаканы працяг: інтэрнет-карыстальнікі пачалі прапаноўваць свае варыянты дзяржаўных герба, сцяга ды Канстытуцыі Вейшнорыі, а таксама заснавалі органы ўлады. У сеціве краіна працягвае існаваць. На адмысловым сайце кожны ахвотны можа ўступіць у шэрагі вейшнорцаў і атрымаць пашпарт. Таксама ёсць магчымасць набыць сувенірныя грошы ці “магніцік” з краявідамі краіны.

Падтрымайце Kreva.Travel!