Міграцыйны крызіс часоў Першай сусветнай вайны: тры гісторыі бежанцаў з Крэва

17 лістапада 2021
міграцыйны крызіс
Беларускія бежанцы ў гады Першай сусветнай (фота з калекцыі Уладзіміра Багданава)

У кожнай крэўскай сям’і, якая мае тут даўнія карані, ёсць свае гісторыі, звязаныя з Першай сусветнай вайной. І найперш гэта будуць аповеды пра бежанства.

Пра баявыя дзеянні, пра газавыя атакі таксама могуць распавесці, але няшмат. Бо з гэтым сутыкнуліся толькі тыя з местачкоўцаў, хто апынуўся ў “блізкім” бежанстве – дзесьці зусім побач з малой радзімай, непадалёк ад зоны баявых дзеянняў: у Гародзьках, Беніцы, Палачанах. Асноўная ж маса жыхароў Крэва была перакінута ўглыб Расіі: на Яраслаўшчыну, Тамбоўшчыну, Саратаўшчыну, у Сібір. Пасля вайны большасць з бежанцаў вярнуліся ў родны край, іншыя ж на чужыне так і засталіся – хто працягваць там свой род, а хто ў магілах…

Казакі падпальвалі хаты ў мястэчку, каб прымусіць людзей з’ехаць.

Пра нялёгкую долю тых, хто застаўся паблізу ад родных мясцін, даведваемся з матэрыялаў асабістага архіву крэўскага краязнаўцы Пятра Грынкевіча. У пачатку вайны ён быў навучэнцам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Калі лінія фронту дакацілася да нашых краёў, семінарыю перавялі ў Смаленск, і Пётр апынуўся там. Пазней яго прызвалі на вайсковую службу. Пра высяленне местачкоўцаў, пра жыццё тых, хто застаўся ў прыфрантавой зоне, Пётр Іванавіч занатаваў пазней.

У канцы лета 1915 года, калі да прыходу немцаў заставалася зусім няшмат часу, рускія, што збіраліся адыходзіць, вырашылі вывезці з зоны мяркуемых баявых дзеянняў і мясцовых жыхароў. Цяжка сказаць, ці толькі адным пачуццём міласэрнасці кіраваліся яны пры гэтым. Найхутчэй, іх інтарэсы былі шырэйшымі: эвакуацыя пазбаўляла немцаў дадатковых крыніц харчавання і дармавой рабочай сілы.

міграцыйны крызіс
Бежанцы ля Баранавічаў, 1915 г. (фота з калекцыі Уладзіміра Багданава)

Пакідаць родныя мясціны людзі не хацелі. Дазвалялася браць у дарогу толькі самае неабходнае: запас ежы і вопратку. З гаспадарчымі пабудовамі, прыладамі працы і скацінай даводзілася развітвацца назаўжды. Каб хоць неяк абнадзеіць людзей, мясцовым уладам загадана было складаць вопісы маёмасці з яе ацэнкай. Маўляў, пасля вайны ўсё будзе вернута грашыма. Падобны дакумент, складзены 17 жніўня 1915 года, захаваўся ў сямейным архіве Грынкевічаў. Для краязнаўства ён мае вялікую каштоўнасць: па ім можна меркаваць аб маёмасным стане тагачаснага сярэднестатыстычнага жыхара мястэчка, аб коштах гаспадарчых пабудоў і рэчаў маёмасці, пачынаючы з “дома, саломай крытага, даўжынёй 28, шырынёй 10 аршын, са склепам” за 2 000 рублёў, і заканчваючы зэдлікамі за 2 рублі.

міграцыйны крызіс
Фрагмент вопісу маёмасці сям’і Грынкевічаў (з архіва Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея)

Хтосьці верыў абяцанням і лёгка зрываўся з месца. Іншыя ж моцна трымаліся за сваё і не жадалі выязджаць. Былі дарэмнымі нават жудасныя гісторыі, у якіх расійская прапаганда распавядала пра нялюдскія адносіны немцаў да тых, хто застаўся пад акупантамі. Таму рускія вайскоўцы прымушалі людзей да ад’езду сілай. Вытраўляць местачкоўцаў было даручана казакам, якія ў сваю чаргу падпалілі саламяныя дахі сялянскіх хацін. У хуткім часе Крэва ператварылася ў суцэльнае бязлюднае папялішча. Слова ж “казак” з гэтага часу і на доўгія гады набыло ў мясцовых жыхароў негатыўны адбітак, зрабілася нечым накшталт лаянкі.

міграцыйны крызіс
Сям’я са Смаргоні на месцы спаленай казакамі хаты (фота з калекцыі Уладзіміра Багданава)

Сям’я Грынкевічаў прыпынілася зусім недалёка ад родных мясцін – у засценку Свіршчына каля Лашанаў Беніцкай воласці. Ваенную навалу давялося ператрываць у зямлянцы, харчуючыся тым, што Бог пашле. Акрамя Пятра, у сям’і было чацвёра непаўналетніх дзяцей. А ў самы разгар вайны на свет з’явілася яшчэ адно. Час быў цяжкі, і маці хутка пасля родаў памерла. Бацьку, каб выжыць, даводзілася шмат і цяжка працаваць.

Лічыцца, што ў “блізкім” бежанстве знаходзілася нязначная колькасць нашых землякоў. Аднак, як сведчыць адзін з дакументаў з архіву Грынкевіча, толькі ў Палачанскай воласці іх пражывала 163 чалавекі.

“У Крэве пасля вайны ўсё было зруйнавана. Нейкі час сям’я бабулі жыла ў нямецкім бліндажы”.

І ўсё адно большая частка жыхароў нашага мястэчка і ваколіц апынулася далёка ад дома, пераважна ў цэнтральнай Расіі. Сярод іх – родныя Яўгеніі Марцішонак.

У пачатку ХХ стагоддзя яе дзед Яфім і бабуля Марыя Пазнанскія мелі сваю зямлю, і ўся сям’я працавала: аралі, сеялі, збіралі ўраджай.

– З пачаткам вайны дзядуля са сваякамі пераехаў у вёску Верамееўка на беразе Волгі непадалёк ад Саратава. Гэта быў вельмі багаты край, горы збожжа ляжалі на палях. Але нездарама кажуць, што “сыты галоднаму не таварыш”. Казакі не вельмі абрадаваліся бежанцам і нават папракалі: “Вы не хацелі працаваць у сябе, таму прыехалі да нас”, – дзеліцца сямейнай гісторыяй Яўгенія Браніславаўна. – Паступова жыццё наладжвалася. Дзед пас кароў і кожны дзень прыносіў ежу, бабуля даглядала хату. Завялі сваю гаспадарку. У 1916 годзе нарадзіўся сын Рыгор, а ў 1919 годзе – дачка Люба (мая маці). Дзед з бабай падумвалі аб тым, каб застацца жыць у Верамееўцы стала, але іх планы парушыла рэвалюцыя ў Петраградзе. У краіне пачалася неразбярыха, потым усё Паволжа ахапіла засуха, надышоў голад. Бабуля і дзеці лягчэй пераносілі яго, а дзед ад голаду пачаў пухнуць. У гэты час у Саратаве адчынілася бальніца для галадаючых, і знаёмыя параілі яму туды легчы.

Даведка аб вакцынацыі бежанца ад тыфу, 1922 год
Даведка аб вакцынацыі бежанца ад тыфу, 1922 год

Ён правёў там толькі некалькі дзён. Калі адчуў моцны боль у страўніку, медсястра прынесла яму нейкі парашок. Ён яго выпіў, а праз нейкі час памёр. Знаёмыя параілі бабулі не казаць, што дзядуля яе муж, таму што за пахаванне патрэбна было плаціць, а грошай у яе не было. У выніку па вуліцы ехаў адзінокі воз з труной, а бабуля ішла збоку, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы. Рамізнік, пазіраючы на бабулю, усё выпытваў, ці не сваячка яна і чаму плача. Але бабуля сказала, што проста шкада чалавека. І толькі калі пахавальнік з’ехаў з могілак, бабуля звалілася на магільны ўзгорак ды гучна заплакала. Так наш дзед у сакавіку 1922 года назаўжды застаўся ў чужым краі.

міграцыйны крызіс
Марыя Пазнанская (фота з сямейнага архіву Яўгеніі Марцішонак)

Пасля падпісання Рыжскага міру, згодна якому заходняя частка Беларусі адышла да Польшчы, бежанцы пачалі вяртацца дадому. Такое права было толькі ў тых, хто меў дакументы, што жыў на заходняй тэрыторыі.

– На шчасце, у бабулі застаўся білет аб выкананні дзедам вайсковай павіннасці, у якім было сказана, што ён служыў у Вільні, – успамінае Яўгенія Марцішонак. – Таму сям’і дзеда далі такі двазвол на выезд з Расіі. Да Радашковічаў ехалі больш за два тыдні. Прадукты хутка скончыліся, але ў вагоне апынуліся два крэўскіх габрэя, якім свае на кожнай станцыі прыносілі ежу. Старыя з’ядалі мякіш хлеба, а скарынкі аддавалі бабулінай сям’і, дзякуючы чаму яны змаглі даехаць жывымі да мяжы.

У Крэве пасля вайны ўсё было зруйнавана. Нейкі час сям’я бабулі жыла ў нямецкім бліндажы, потым родныя дапамаглі пабудаваць хату. Разам з дочкамі бабуля карчавала лес, засявала поле, касіла траву.

Дзесяць год турмы за хадайніцтва перад польскімі ўладамі аб дазволе вярнуцца на радзіму.

Дзядуля масквічкі Наталлі Магер – Васіль Усцінавіч – нарадзіўся ў Крэве ў 1883 годзе. Першая сусветная вайна раскідала сям’ю па розных мясцінах. Васіль і адна з яго сясцёр апынуліся ў далёкім Краснаярску. Другая сястра трапіла ў Пскоў. Адзін з братоў знайшоў прытулак у Канатопе, другі – у Вільні.

У Краснаярску Васіль Магер уладкаваўся чыгуначным службоўцам. Гэта давала сродкі для існавання, а галоўнае – жытло. Тут сям’я Магераў з шасці чалавек перажыла і найбольш цяжкі паслярэвалюцыйны перыяд – галодны, халодны, неўладкаваны. З’яўляючыся вернікам і валодаючы добрым голасам, Васіль хадзіў у царкву і спяваў у хоры. Гэта паслужыла нагодай да яго звальнення нібыта па скарачэнні штату. Пасля дзевяці месяцаў беспаспяховых пошукаў працы, яму давялося змяніць месца жыхарства. Лёс закінуў Магераў у сяло Сідараўскае Кастрамской губерніі. З 1924 года сям’я жыла ў сяле Мікольскім, дзе Васіль Усцінавіч быў псаломнікам. У 1928 годзе ён быў пасвечаны ў дыяканы і пачаў служыць у мясцовай царкве. Прыбыткі яе былі сціплымі, але наяўнасць хаткі з невялікім надзелам зямлі дазволіла даволі шчасліва пражыць тут чатыры гады. У Мікольскім у Магераў з’явілася на свет пятае дзіця.

Васіль Магер, 40-ыя гг. ХХ ст.
Васіль Магер, 40-ыя гг. ХХ ст.

У 1930 годзе Васіля Усцінавіча арыштавалі, абвінаваціўшы у прыналежнасці да кулацкай групоўкі. У віну яму былі прад’яўлены таксама і сяброўства з былым белым афіцэрам Паповым, і перапіска з родным братам Антонам, які пражываў у Вільні, якая тады была пад Польшчай, і хадайніцтва перад польскімі ўладамі аб дазволе вярнуцца на радзіму.

Пасля трохмесячнага следства Васіля Усцінавіча усё ж нейкім цудам адпускаюць. Аднак праз два гады яго ізноў арыштоўваюць, і гэтым разам прысуджаюць дзесяць год пазбаўлення волі з высылкай спачатку ў Яраслаўскую, а затым у Архангельскую вобласць.

У 1943 годзе Васіль Усцінавіч быў вызвалены. Крыху ачуняўшы ад хвароб, атрыманых у няволі, ён вяртаецца да святарскай дзейнасці, якую вядзе да сваёй смерці ў 1960 годзе, час ад часу натыкаючыся на рознага кшталту перашкоды.

Падтрымайце Kreva.Travel!