10 цікавых фактаў пра крэўскія ветракі
Школьніца з Крэва даведалася, ці можа энергія ветру забяспечыць мястэчка электрычнасцю, і калі тут веюць самыя моцныя вятры.
Крэўскія ветракі бачна здалёк: яны яшчэ да ўказальніка на трасе падказваюць, што хутка будзе паварот на Крэва. Але ці было вам калі-небудзь цікава, якая карысць ад гэтых установак? Дапытлівая юная жыхарка Крэва Кацярына Янголь пра ўсё дазналася – і напісала школьную навуковую працу пра ветраэнергетыку ў Крэва.
– Тэма работы выбрана невыпадкова. Кожны дзень я бачу, як круцяцца лопасці двух ветракоў, якія бачныя амаль з любой кропкі мястэчка. Мяне зацікавілі пытанні: наколькі эфектыўная работа гэтых установак, ці могуць яны цалкам забяспечыць электраэнергіяй нашае Крэва? – піша Кацярына Янголь ва ўводзінах сваёй працы.
Дзяўчынка ў гэтым годзе скончыла дзясяты клас мясцовай школы. Кіраўніком яе даследвання стала настаўніца геаграфіі Алена Былінская. Адказы на свае пытанні Кацярына атрымала непасрэдна ў Смаргонскіх РЭС і ў гутарцы з работнікам, які абслугоўвае ветраўстаноўкі ў Крэва.
Вось некалькі цікавых фактаў з працы Кацярыны Янголь пра крэўскія ветракі:
1. Два ветрагенератары ў Крэве ўзвялі ў 2014 годзе. Яны належаць недзяржаўнай установе ТАА «Аэра Стрым».
2. Вышыня ветракоў – каля 58 метраў. З іх 45 метраў – вежа, якая стаіць на магутным жалезабетонным фундаменце. У вежы схавана складанае абсталяванне, якое кантралюе работу ўсяго ветрагенератара. Хуткасць ветру і колькасць выпрацаванай электраэнергіі ў любы момант часу, а таксама інфармацыя аб непаладках у рабоце механізмаў выводзяцца аператару ўстаноўкі на дысплэй.
3. Магутнасць кожнага ветрагенератара – 600 кВт.
4. Даўжыня лопасцяў ветрака – 23 метры. Вінт замацаваны на гандоле. Унутры яе і знаходзіцца электрагенератар, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў электрычную. На гандоле ўсталявана сістэма сачэння за напрамкам і хуткасцю ветру – анемометр і флюгер.
5. Акрамя таго, што ветракі вырабляюць электраэнергію, яны яе і спажываюць для сваёй працы. Чым большая хуткасць ветру, тым менш ветраку неабходна электраэнергіі. Датчыкі, якія ўстаноўлены на лопасцях, нават пры хуткасці ветру ад 0,1 м/с ужо пачынаюць шукаць вецер, расходваючы пры гэтым энергію.
6. Выпрацоўваць жа электраэнергію вятрак пачынае толькі пры хуткасці ветру 3 м/с. Атрымліваецца, што вятрак не спажывае энергію ў двух выпадках: калі не працуе праз адсутнасць ветру альбо калі здарылася непаладка.
7. Па дадзеных за 2018 год, самыя ветраныя месяцы ў Крэве – студзень, красавік, кастрычнік і лістапад. Найбольш устойлівыя вятры былі ў студзені, калі ветракі выдаткавалі на сваю працу найменш электраэнергіі.
Самыя бязветраныя месяцы ў Крэве – жнівень і снежань. У гэтыя месяцы было шмат дзён з хуткасцю ветру ад 0,1 да 3 м/с. Ветракі выпрацавалі мала энергіі, а спажылі вельмі шмат – 1123 кВт у жніўні і 956 кВт у снежні.
8. Ці могуць крэўскія ветракі забяспечыць электраэнергіяй мястэчка? Згодна з дадзенымі Смаргонскіх РЭС, энергіі з ветраўстановак хапае не толькі на ўсё Крэва, але і на ўвесь сельскі савет.
9. Недахоп электраэнергіі з ветракоў у Крэве адчуваўся толькі ў жніўні і снежні. Тады электрагенератары працавалі са стратамі, а выдаткі наадварот павялічыліся. У жніўні шмат электрычнасці спажываюць зернесушылкі, а ў снежні з-за кароткага светлавога дня энергія затрачваецца на асвятленне, работу кацельняў і навагоднюю ілюмінацыю.
10. Калі б побач з гэтымі двума ветракамі размясцілі б яшчэ два, то разам з ветраўстаноўкамі ў вёсцы Сялец можна было б забяспечыць электраэнергіяй не толькі Крэўскі сельсавет, але і значную частку Смаргонскага раёна.
Падтрымайце Kreva.Travel!