Буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі, які перабудавалі ў бальніцу

11 ліпеня 2022
буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі
Фота: wikimedia.org

У шматвяковую біяграфію крэўскай каталіцкай парафіі драўляны касцёл, узведзены ў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі, упісваецца ўсяго толькі невялічкім эпізодам. Яму не наканавана было праіснаваць нават трох дзясяткаў гадоў. Тым не менш, гэтая святыня паспела пакінуць свой яскравы след і ў гісторыі архітэктуры, і ў душах вернікаў.

Скончылася Першая сусветная вайна. Вярнуўшыся з бежанцаў, жыхары Крэва апынуліся ў роспачы: мястэчка было дашчэнту спалена і разбурана. Тым не менш, местачкоўцы не апусцілі рукі і ўзяліся адраджаць зруйнаваную вайной гаспадарку.

З часам паўстала неабходнасць і ў адраджэнні святыняў. Праваслаўныя адрамантавалі значна пашкоджаную ў час вайны царкву Аляксандра Неўскага. Касцёл жа каталікам давялося будаваць нанава. Новы будынак вырашылі ўзвесці на пагорку побач з Рынкавым пляцам – там жа, дзе ён стаяў на працягу многіх соцень гадоў.

ксёндз Чэслаў Кардэль
Новы касцёл будаваўся пад кіраўніцтвам ксяндза Чэслава Кардэля

Грошы на новы каталіцкі храм збіралі ўсёй грамадой. Ксёндз Чэслаў Кардэль, які кіраваў будаўніцтвам, вёў улік усіх ахвяраванняў і выдаткаў у спецыяльнай кнізе. Зараз яна разам з шэрагам іншых касцельных дакументаў захоўваецца ў школьным музеі.

Пакуль ішло будаўніцтва, богаслужэнні праводзілі ў пастаўленай для гэтых мэт капліцы. Размяшчалася яна на вуліцы Багданаўскай (у той час – Панятоўскага). Да нашых дзён будынак не дайшоў, а пра яго існаванне сведчаць нешматлікія фатаграфіі, маркер на падрабязнай карце 1935 года ды ўспаміны найстарэйшых жыхароў Крэва. Пазней, у савецкія часы, на тым месцы знаходзіўся калгасны элеватар.

Буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі

Новы крэўскі касцёл будаваўся з дрэва. Архітэктар Стэфан Нарэмбскі, ствараючы яго праект, вырашыў злучыць у ім старыя традыцыі архітэктуры з сучаснымі. Калі касцёл быў узведзены, спецыялісты знаходзілі ў ім рысы барока, рэнесансу і мадэрну. Для простых жа вернікаў гэта быў храм, які, з аднаго боку, сваёй веліччу ўнушаў павагу і пакланенне, з другога – дзякуючы элементам народнага дойлідства, выпраменьваў добразычлівасць і цеплыню.

капліца на вуліцы Багданаўскай
Пакуль будаваўся касцёл, набажэнствы ладзілі ў капліцы на вуліцы Багданаўскай. Здымак з фотаальбома Ашмянскага дэканату, 1930 год

Наогул, новы крэўскі касцёл быў на той час адной з буйнейшых культавых пабудоў з дрэва ў Заходняй Беларусі. Даўжыня яго складала 28,4м, шырыня – 13,7м, а на месцы, дзе знаходзіўся трансепт – пятнаццаць з паловай метраў. Гэткія значныя памеры тлумачыліся тым, што ўлады хацелі ўшанаваць такім чынам дзве значныя даты, якія мелі да Крэва самае непасрэднае дачыненне: у 1935 годзе адзначаўся 550-гадовы юбілей падпісання Крэўскай уніі, а праз два гады – такі ж юбілей Хрышчэння Літвы.

На асвячэнне касцёла, якое адбылося 7 кастрычніка 1936 года, сабраліся местачкоўцы і шматлікія госці. Асвячэнне новапабудаванай святыні праводзіў віленскі арцыбіскуп. Разам з ёй ён асвяціў і тры прыгожыя званы, адзін з якіх быў адліты на грошы, сабраныя мясцовай грамадой.

буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі
Ксёндз Чэслаў Кардэль з дзецьмі падчас першай камуніі ля сцен
крэўскага касцёла. Фота з калекцыі Сяргея Міхалевіча

Пра ўрачыстасць у Крэве пісалі не толькі рэгіянальныя газеты, але нават і сталічныя, у прыватнасці – “Warszawski dzennik narodowy”.

Як святкавалі юбілей Хрышчэння Літвы

Не засталося ў баку ад увагі журналістаў і святкаванне ў нашым мястэчку 550-годдзя Хрышчэння Літвы, якое адбылося 8 чэрвеня 1937 года. Пісалі не толькі пра самі ўрачыстасці, але і пра гісторыю тутэйшага касцёла. Вось, да прыкладу, якой інфармацыяй падзялілася газета “Kurjer Wileński” (№162, 15.07.1937):

“Парафіяльны касцёл у Крэве прайшоў няпросты шлях. Паўстаў ён у 1387 годзе. Збудаваны каралём Уладыславам Ягайлам, ён быў у ліку васьмі першых касцёлаў на Віленшчыне. У 1630 годзе ён быў яшчэ драўляным. І толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя адзін са старостаў узвёў новы мураваны касцёл на тым самым месцы, дзе стаіць цяперашні. Пасля яго разбурэння ў 1812 годзе французскімі марадзёрамі, тут была пастаўлена імправізаваная капліца. Каля 1850 года тагачасны крэўскі пробашч ксёндз Палубінскі за ўласныя грошы і пры дапамозе біскупа Жылінскага ды віленскага кансістора пабудаваў тут мураваны касцёл у станіславоўскім стылі. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў расіяне ўзмацнілі пераслед каталіцызму на польскіх землях, і 9 красавіка 1866 года гэты касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву. Ён заставаўся такім аж да сусветнай вайны, падчас якой быў дашчэнту знішчаны нямецкай і расійскай артылерыяй.”

Далей карэспандэнт згадвае, што тутэйшыя каталікі ў 1906 годзе дамагліся аднаўлення крэўскай парафіі, адчыніўшы драўляную капліцу (яна месцілася ў адным са складоў хлебнага магазіна). Тая капліца таксама не перажыла часы Першай сусветнай. “Такі стан рэчаў заставаўся да апошніх гадоў. І толькі цяперашні крэўскі пробашч ксёндз Чэслаў Кардэль, дзякуючы сваёй нястомнай энергіі і высілкам парафіянаў, давёў да канца справу будаўніцтва касцёла, у якім зараз і адбываюцца ўрачыстасці,” – завяршае аўтар гістарычны экскурс.

абраз Божай Маці Ласкавай у Крэве
Абразу Маці Божай Ласкавай найменей 400 год! Святыня захоўваецца ў сучасным крэўскім касцёле. Фота: Сяргей Гапон

Падчас святкавання юбілею Хрышчэння Літвы адбылася цырымонія ўнясення ў храм абраза Маці Божай Ласкавай. Яго яшчэ ў XVII стагоддзі ахвяраваў крэўскаму касцёлу адзін са старостаў. Пасля скасавання расійскімі ўладамі тутэйшай парафіі ён захоўваўся ў Ашмянах. І вось у час юбілейных урачыстасцяў абраз быў вернуты на сваё ранейшае месца.

Касцёл пад нямецкай акупацыяй

У гады Другой сусветнай вайны службы ў крэўскіх царкве і касцёле не прыпыняліся. Немцы быццам бы нейтральна ставіліся да рэлігійных пачуццяў мясцовага насельніцтва. Тым не менш, пагардлівасць да іх час ад часу дэманстравалі. Аб гэтым сведчыць эпізод з нямецкімі вайсковымі аўтамабілямі, стаянка якіх знаходзілася недалёка ад касцёла. Аднаго разу, не зважаючы на тое, што ў касцёле ішло набажэнства з нагоды каталіцкіх Калядаў, туды ўварваліся немцы, нахабна перарвалі службу і пагналі людзей штурхаць свае машыны, якія не заводзіліся з-за моцных маразоў.

буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі
У часы Другой сусветнай вайны пляцоўка ля касцёла служыла паркоўкай для тэхнікі акупантаў. Фота з калекцыі Сяргея Гапона

Савецкі перыяд

Ужо пасля вызвалення Крэва ад захопнікаў, а менавіта 8 кастрычніка 1944 года ў крэўскім касцёле адправіў сваю першую імшу ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, вядомы беларускі патрыёт. На памяць пра гэта вернікі атрымалі прымацыйныя абразкі на беларускай мове.

У пасляваенны час, нягледзячы на дэклараваную свабоду веравызнання, савецкія ўлады яшчэ горш за немцаў у гады акупацыі ставіліся да рэлігійных пачуццяў грамадзян. У Заходняй Беларусі адбывалася тое, што было на ўсходні бок мяжы ў міжваенны перыяд: зачыняліся храмы, падвяргаліся рэпрэсіям святары, у дні рэлігійных святаў людзей зганялі на працу. Крэўскай царкве нейкім цудам удалося ўтрымацца ў такіх умовах,  а вось касцёл тут быў зачынены. 

З публікацыі ў адным з майскіх нумароў раённай газеты “Перамога” за 1960 год даведваемся, што ўлады планавалі стварыць у будынку зачыненага касцёла музей. Рэалізацыя гэтага намеру дазволіла б захаваць для нашчадкаў хаця б знешні воблік самога будынка. Аднак ужо праз месяц тая ж газета паведаміла, што прынята рашэнне перадаць касцёл пад бальніцу. І вось знікаюць з яго маляўнічыя вежы, з’яўляецца другі паверх, прастора ўнутры разбіваецца на шматлікія бальнічныя палаты – і адметны архітэктурны помнік пераўтвараецца ў звычайную будыніну. У такім выглядзе застыў ён на некалькі дзесяцігоддзяў.

буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі
Буйнейшы ў Заходняй Беларусі драўляны касцёл савецкая ўлада перарабіла ў звычайную бальніцу. Фота: Анатоль Кляшчук

У сярэдзіне 1990-ых за будынкам бальніцы пачалі ўзводзіць новы мураваны касцёл. Пасля таго, як саму лячэбную ўстанову перавялі ў іншае месца, прынялі рашэнне той драўляны гмах разабраць, каб адкрыць такім чынам найлепшы від на новапабудаваны храм.

Падтрымайце Kreva.Travel!