“Стагоддзі таму ў Крэве літоўцы і палякі абяцалі быць братамі. Не ваюйце супраць нас.” Як Армія Краёва захапіла гарнізон літоўскай паліцыі ў мястэчку

10 лютага 2022
Армія Краёва
Салдаты 13-й брыгады Арміі Краёвай на вучэбных стрэльбах зімой 1944 года. Фота: ipn.gov.pl

14 лютага 1942 года загадам генерала Сікорскага, кіраўніка польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане, была створана Армія Краёва. Узброеная падпольная арганізацыя дзейнічала на акупаванай Германіяй і Савецкім Саюзам тэрыторыі міжваеннай Польшчы і мела мэтай адраджэнне гэтай дзяржавы ў межах да 1 верасня 1939 года. Такім чынам, і землі Заходняй Беларусі таксама падпадалі пад сферу інтарэсаў гэтай арганізацыі.

Удзельнікі Арміі Краёвай у рознай літаратуры называюцца “акаўцамі”,  “легіянерамі” або “белымі партызанамі”. Дзеля канспірацыі кожны з падпольшчыкаў меў свой псеўданім.

Хто ўваходзіў у крэўскае падполле

Уся тэрыторыя адміністрацыйна дзялілася на акругі, што супадалі з межамі колішніх ваяводстваў. Больш дробныя падраздзяленні, якія ўключалі некалькі былых паветаў, называліся інспектаратамі. Тыя падзяляліся на абводы, якія ў сваю чаргу мелі некалькі асяродкаў. Найдрабнейшымі адзінкамі ва ўсёй гэтай структуры былі пляцоўкі. Крэўская пляцоўка, дзе камендантамі былі пачаргова Тадэвуш Лакуцеўскі “Локець” і Вацлаў Дабжынскі “Лук”, уваходзіла ў склад Ашмянскага асяродку. Разам з Сольскім асяродкам утваралі Ашмянскі абвод. Два абводы – Ашмянскі і Маладзечанскі – былі аб’яднаны ў Ашмянскі інспектарат, або інспектарат F, які з шэрагам іншых падобных падраздзяленняў утвараў Віленскую акругу.

Акрамя самога мястэчка, пляцоўка Крэва ўключала вёскі Ходзькаўшчына, Багданаўка, Вярэбушкі, Пераходы, Франусіна, Казароўшчына, Мікулеўшчына, Копцевічы, Папелевічы і Крыўск. Паміж удзельнікамі падполля была наладжана сувязь. У Крэве кантакты адбываліся праз ксяндза Маліноўскага і арганіста Станіслава Дзядуля. Лекар Аляксей Зюзенка і аптэкар Юзаф Місевіч забяспечвалі падпольшчыкаў медыкаментамі і перавязачным матэрыялам. Па вёсках размяшчаліся склады зброі, выбуховых рэчываў і харчавання. Там жа праводзілася навучанне абыходжанню са зброяй і ўстаноўцы мін.

Армія Краёва
На здымку злева направа: аптэкар Юзаф Місевіч з жонкай Аленай, іх дачка Марыя з мужам настаўнікам Антоніем Яблонскім, дачка Тэрэза з мужам лекарам Аляксеем Зюзенкам. Сям’я пазіруе для фота на лесвіцы будынка, дзе месціўся пастарунак літоўскай паліцыі

Ва ўжытак былі ўведзены многія структуры, характэрныя для мірнага часу. Ва ўмовах канспірацыі ў Крэве поўным складам працавала гмінная адміністрацыя. Абавязкі войта ўскладаліся на Юзафа Чарткевіча “Кейстута”, аднаго з колішніх працаўнікоў гміннай управы. Былы камендант паліцыі Палубінскі і на службе ў “акаўцаў” заставаўся на ранейшай пасадзе. Кіраўніком падпольнай польскай школы з’яўляўся спачатку Міхал Ляскоў, а затым Антоній Яблонскі “Пстронг”.

Спачатку Армія Краёва займалася папаўненнем сваіх шэрагаў, наладжваннем кантактаў паміж яе членамі і падраздзяленнямі, зборам разведвальнай інфармацыі, зброі, прапагандай польскіх інтарэсаў сярод мясцовага насельніцтва. У канцы лета 1943 года кіраўніцтва інспектарату F выдала загад аб стварэнні баявых атрадаў. Тут пачалі дзейнічаць пяць брыгад, у складзе якіх налічвалася каля 2 тысяч чалавек.

Захоп паліцэйскага пастарунка

Партызаны распрацавалі план па раззбройванні паліцэйскіх пастоў, якія падпарадкоўваліся нямецкім акупантам. У Крэве дзенічаў буйны літоўскі гарнізон на 60-70 чалавек. Аперацыя па яго захопу адбылася ў ноч з 14 на 15 сакавіка 1944 года. У некаторых успамінах падаюцца крыху іншыя даты, аднак менавіта гэтая лічыцца найбольш верагоднай.

У акцыі былі задзейнічаны 8-я брыгада на чале з Вітольдам Туронкам “Турам”, 13-я пад камандаваннем Адама Вальчака “Нетапэж” і часткова 12-я, якой кіраваў Раман Аляхновіч “Марс”. Для брыгады “Тура” былі пастаўлены наступныя задачы: падстрахоўка акцыі з боку Ашмянаў і Смаргоні, заняцце мястэчка і перакрыццё дарог на мастах праз Крыўлянку, захоп гміннай управы з дакументамі і пячаткай, а таксама збожжавых складоў. Байцы 12-й брыгады павінны былі кантраляваць участак ад рэчкі Крыўлянкі да дарогі на Ракаўцы, а таксама аказваць дапамогу 13-й брыгадзе, якая мусіла штурмаваць паліцэйскі пастарунак з боку касцёла.

Армія Краёва ў Крэве
Вітольд Туронак “Тур” (злева) і Адам Вальчак “Нетапэж” у Гейстунах непадалёк ад Крэва ў сакавіку 1944 года. Фота: ipn.gov.pl

Прыйшоўшы ў мястэчка недзе за гадзіну да апоўначы, “акаўцы” загадалі мясцоваму жыхару Мікалаю Леановічу аднесці ў пастарунак ультыматум. Паліцаям прапаноўвалася здацца без бою, бо Крэва абкружана пяццю сотнямі партызанаў, таму супраціўленне дарэмна.

У сваіх успамінах ветэраны Арміі Краёвай разыходзяцца ў апісанні, як развіваліся падзеі далей. Па адной версіі, высланы з польскага боку пасланец з ультыматумам не дайшоў да пастарунка, бо быў абстраляны паліцаямі. Пасля гэтага палякам нібыта прыйшлося распачаць страляніну ў адказ. Яны абстралялі і асляпілі пражэктарамі літоўцаў, у выніку чаго тыя былі змушаныя здацца.

Згодна з іншай версіяй, пасланец без перашкод дайшоў да літоўцаў, і паліцаі хутка ўзнялі белы сцяг. Найхутчэй, усё так і адбылося. Парламенцёр Леановіч расказваў пазней, што ніякай узаемнай перастрэлкі проста не магло і быць: паліцаі, уключаючы вартавых, моцна спалі пасля чарговай папойкі. Разбуджаным знянацку, ім не заставалася нічога іншага, як здацца.

Што атрымалі легіянеры

У выніку аперацыі Армія Краёва ўзяла ў палон 47 літоўцаў, здабыла 1 станковы і 2 ручныя кулямёты, 50 карабінаў, 5 пісталетаў, 100 гранат, вялікую колькасць вайсковай вопраткі. Акрамя гэтага партызаны ачысцілі збожжавы элеватар і склады арцелі “Лекуціс”.

Палонных неўзабаве адпусцілі дадому. Па словах сведкаў, маёр Чэслаў Дэмбіцкі “Ярома” загадаў ім вяртацца ў свае сем’і і памятаць, “што тут, у Крэве, стагоддзі таму літоўцы і палякі абяцалі быць братамі“, таму не варта ваяваць супраць Арміі Краёвай.

Падтрымайце Kreva.Travel!