Праз Сібір і Афрыку ў Канаду. Эмігранцкія шляхі паэта з Чухнаў

21 лютага 2023
паселішча Тэнгеру ў Танзаніі для эмігрантаў з Усходняй Еўропы

Тэнгеру – паселішча ў Танзаніі для эмігрантаў з Усходняй Еўропы, 1945 год. Фота з калекцыі Марыі Падоскай

Звычайна пад словам “адысея” разумеюць доўгае, напоўненае разнастайнымі цяжкасцямі і прыгодамі падарожжа, якое найчасцей адбываецца не па жаданні самога падарожніка, і якое ў рэшце рэшт завяршаецца вяртаннем дадому. Жыццё Чэслава Янкоўскага амаль упісваецца ў гэтае вызначэнне, хіба што канцоўка іншая – без вяртання. Яго нялёгкая вандроўка закончылася ў чужым і далёкім краі, да якога ён з часам быццам бы прывык як да свайго роднага. І толькі вершы, што нараджаліся там, раз-пораз выдавалі яго сум па некалі страчанай сапраўднай радзіме.

Чэслаў Янкоўскі нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Чухны каля гістарычнага Крэва. Пра гэта ён піша ў прадмове да шасцітомнага збору сваіх вершаў. “Сястра і тры браты, клапатлівыя бацькі – атмасфера любові і блізкасці – словам, здаровы і багаты плёнам асяродак… і самыя цудоўныя ўспаміны”, – так выказваецца ён пра сваіх самых блізкіх.

У краязнаўчым музеі Крэўскай школы захоўваецца касцельная кніга са спісам парафіі за 1937 год. Яна ўтрымлівае звесткі пра сям’ю нашага героя: бацька – Віктар Янкоўскі, 37 год, маці Марыя з Івашкевічаў, 34 гады, дзевяцігадовая дачка з імем, як у маці, і сыны: адзінаццацігадовы Ян, пяцігадовы Вацлаў і сам Чэслаў, якому тады было шэсць год.

У 1936 годзе сям’я перабралася ў Туманоўшчыну – крыху менш за два кіламетры ад Крэва. “Усяго дзве гаспадаркі. Паабапал — лес, недзе да самага Мінску! З трэцяга боку — лугі і рэчка Крыўлянка. Сапраўдная Віленшчына! І гэтая глуш, як мне бачыцца з вышыні 1993 года, узмацняла сямейную згуртаванасць, а таксама схільнасць да адзіноты, да мар, да сузірання і да паэзіі”, – згадваў Чэслаў пра новае месца жыхарства.

Чэслаў Янкоўскі
Чэслаў Янкоўскі

Любоў да паэзіі найперш прывіваў бацька. Па вечарах уся сям’я збіралася разам, каб паслухаць, як ён чытае Міцкевіча, Гамера, Пушкіна. “Вось гэта былі ўражанні! — піша Янкоўскі пра бацькавы паэтычныя вечары. — Невядомыя краіны, фантастычныя (рэальныя!) прыгоды, і рытм, рытм…” Ён згадвае, як зачараваны пачутым, потым гуляў у лесе і змагаўся з прыдуманымі цмокамі, уяўляючы сябе героем “Адысеі”.

“Спланаваны генацыд палякаў”

Хлопчык нават не думаў, што гэтая “лясная адысея” дзяцінства хутка пераўтворыцца ў сапраўдную. “10 лютага 1940 года, — піша ён, — Расія  дэпартавала нас у Сібір. Тайга, Тайга… Свядомы, спланаваны генацыд палякаў. Сібір, Кіргізія, Узбекістан… Умовы жыцця горшыя, чым у быдла. Голад. Страшэнны, жорсткі голад… Малодшы брат не выжыў…”

Жыццё ў Сібіры было настолькі жудасным для дзесяцігадовага хлопчыка, што нават стаўшы дарослым, ён згадвае гэты перыяд свайго жыцця павярхоўна, без падрабязнасцей. І толькі праз вершы даносіць ён чытачу ўвесь свой боль, які давялося тады ператрываць: “Панурая тайга… Глухія стогны… Гэта рэха польскіх маці і дзяцей…”

Магчымасць вырвацца з Сібіры з’явілася пасля падпісання ў ліпені 1941 года пагаднення аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж СССР і ўрадам Польскай Рэспублікі ў выгнанні. Усе палякі, якія знаходзіліся ў зняволенні на савецкай тэрыторыі, трапілі пад амністыю. Бацька Чэслава Янкоўскага далучыўся да войска генерала Андэрса, якое было створана з ліку былых польскіх вязняў, і ў яго складзе адправіўся змагацца з фашыстамі. Удзельнічаў у баях пад Монтэ-Касіна.

Першыя вершы нарадзіліся ў Танзаніі

Пераадолеўшы цяжкі шлях праз Іран і Індыю, восенню 1943 года Янкоўскія апынуліся ў Афрыцы. Сям’я спынілася ў танзанійскім гарадку Тэнгеру, дзе існавала паселішча для эмігрантаў з Усходняй Еўропы, большасць з якіх былі палякамі. Дзеці з задавальненнем пачалі наведваць польскую школу, якая там працавала.

паселішча Тэнгеру ў Танзаніі для эмігрантаў з Усходняй Еўропы
Дзеці і настаўнікі перад будынкам пачатковай школы ў Тэнгеру. Фота: tvn24.pl

Менавіта ў Тэнгеру пятнаццацігадовы Чэслаў пачаў пісаць свае вершы. Яны былі на польскай мове. На той, якая гучала ў іх сям’і, на якой бацька некалі чытаў сваім дзецям кніжкі, якая панавала ў школе, дзе ён вучыўся. Адзін з вершаў, у якім згадваецца і Крэва, прысвечаны роднай для яго мове. Дар бацькоў, збанок мальвазіі, салодкае каханне, бляск надзеі сярод глухой шэрані, песня салаўя ў часы роспачы, крыло для палёту…  Аўтар не шкадуе мастацкіх сродкаў, каб выказаць любоў да яе.

Пасля вайны Чэслаў Янкоўскі апынуўся ў Англіі. Там ён заняўся сваёй адукацыяй. Спачатку вучыўся ў каледжах, а ў 1955 годзе паступіў на завочную вучобу ў Лонданскі універсітэт. Пасля яго заканчэння ў 1958 годзе выехаў у Канаду, дзе ўладкаваўся на стала. Менавіта там ён знайшоў сваю другую радзіму.

На працягу 1993-1995 гадоў у Лондане пабачылі свет шэсць тамоў яго вершаў пад агульнай назвай “Гісторыі аднаго сэрца” (“Dzieje jednego serca”). Пазней выйшла сёмая кніга, якая атрымала назву “Сто вершаў. Выбранае” (“Sto wierszy. Wybór”). Уражвае шырокая тэматыка паэзіі Чэслава Янкоўскага, разнастайнасць паэтычных форм і жанраў, да якіх ён звяртаўся ў сваёй творчасці: песні, малітвы, казкі, эпіграмы. Частыя звароты да гісторыі і літаратурнай класікі паказваюць зайздросную эрудыцыю аўтара.

Падтрымайце Kreva.Travel!