Магазін Рабіновіча. Месца, дзе крэўскія абменьвалі шкуркі кратоў на грошы і набывалі дэфіцытныя тавары

1 красавіка 2022
нарыхтоўчы магазін
Каларытны і багаты на гісторыю будынак зруйнавалі ў пачатку 2000-ых. Фота: Сяргей Гапон

Нарыхтоўчы магазін ў Крэве ў савецкую пару быў адным з найпрыцягальных для жыхароў мястэчка і ваколіц. У часы нястачы крама была своеасаблівым акенцам у замежжа, дзе ўсяго было ўдосталь. Гандлёвая кропка знаходзілася ў тым жа доме, дзе жыў і яе загадчык яўрэй Давід Рабіновіч. Таму было складана вызначыць мяжу паміж дзяржаўнай маёмасцю і прыватнай гаспадаркай.

Магазін стаў у нейкім сэнсе пераемнікам кааператыва “Дапамога”, што існаваў тут у даваенныя часы. На яго паліцах можна было знайсці якасную фарбу, прыгожыя шпалеры, рэдкія кнігі і нават пласцінкі замежных выканаўцаў, пра якія гарадскія меламаны толькі марылі. Сустракаліся таксама імпартныя тавары. Відаць, загадчык Рабіновіч па сваіх каналах даставаў для аднавяскоўцаў такі “дэфіцыт”. Не выключана, што ён меў ад гэтага пэўны гешэфт.

Нарыхтоўчы магазін прымаў старыя анучы і медзь ад снарадаў

У магазін неслі ўсё: прадукты з прысядзібнага ўчастка, макулатуру, металалом, старыя анучы, ягады рабіны, дзічкі, кару лазы, медзь ад снарадаў і інш. Дзеці здавалі Рабіновічу шкуркі кратоў, а дарослыя – шкуры цялят і кароў. Усё можна было абмяняць ці на грошы, ці на вострадэфіцытныя для таго часу тавары.

У Рабіновіча можна было набыць прыгажэйшыя, чым у звычайных магазінах, шпалеры і вінілавыя пласцінкі замежных выканаўцаў. Фота з архіву Мечыслава Чайкі

Cкупляў прадпрымальнік і даволі каштоўныя рэчы: старыя манеты, гадзіннікі, пярсцёнкі, іншыя ўпрыгожанні. Пра адну такую здзелку згадаў наш зямляк Уладзімір Някляеў. Па словах паэта, яшчэ ў падлеткавым узросце з двума сябрукамі знайшоў ён у адным з закуточкаў Крэўскага замка скарб. Гэта былі яўна культавага паходжання металічныя рэчы жоўтага колеру. Царкве ці касцёлу яны некалі належалі – на гэта хлопцы не звярнулі ўвагі. Ну і куды дзявацца з такой знаходкай у гады татальнай барацьбы з рэлігіяй? Канечне ж, да Рабіновіча! Той прыняў знойдзенае дзецьмі як звычайны металалом і разлічыўся “натурай”: даў кожнаму па пяць яек, адзін на ўсіх мяшочак цукерак і пачак цыгарэт “Дымок”.

Загадчык крамы купіў уласнага пеўня

Для мясцовай дзятвы стасункі з бізнэсоўцам прыносілі не толькі заробак, але і былі магчымасцю цікава бавіць свой вольны час. Памятаю, як заўзята мы майстравалі пасткі для кратоў, выдумлялі разнастайныя прыстасаванні для больш зручнага здабыцця пладоў з дрэў. А колькі прыгод было звязана з гэтым промыслам, з якім азартам усё рабілася!

Каб трапіць у клуб на кіно, дзеці часта выкрадалі дома з-пад курыцы пару яек і неслі іх яўрэю. Атрыманых ад гэтай няхітрай здзелкі некалькіх капеек якраз хапала на кінасеанс. Такім чынам, выконваючы свае планы па яйканарыхтоўках, Рабіновіч часам дапамагаў выконваць планы і клубным работнікам.

А аднойчы мясцовыя дзецюкі, каб раздабыць грошай на пару куфляў піва, якое разлівалі ў буфеце крэўскай сталовай, прынеслі Рабіновічу пеўня. Атрымаўшы разлік, хлопцы спешна змыліся, а Рабіновіч панёс птушку у куратнік. І як ён здзівіўся, калі іншыя пеўні замест таго, каб накінуцца на чужака, прынялі таго лагодна і без бою. Пералічыўшы птушак, гаспадар зразумеў, што чужаком той зусім тут і не быў: хлопцы прадалі яму аднаго з яго асабістых пеўняў!

Дзецюкі хітрасцю атрымалі ад Рабіновіча грошы на пару куфляў піва ў мясцовай сталовай. Фота з архіву Мечыслава Чайкі

Што яшчэ было ў будынку магазіна

У Інтэрнэце “гуляе” памылковая інфармацыя, што некалі ў гэтым будынку была карчма. Аднак яна размяшчалася побач, а ў гэтым вялікім доме ад самага пачатку і ўвесь міжваенны час размяшчаліся аптэка, паліцэйскі ўчастак і хата Давіда Рабіновіча. Пастарунак паліцыі месціўся тут і ў час вайны. У першыя дні акупацыі ў яго падвале трымалі арыштаваных савецкіх актывістаў, якіх расстралялі ў лесе пад Войневічамі. У сакавіку 1944 года пост сілавікоў штурмавала Армія Краёва.

Пасля вайны сюды ізноў вярнулася сям’я Рабіновіча і аптэка. У другой палове дома таксама тулілася сельская бібліятэка. У апошнія гады свайго існавання дом пуставаў, толькі невялікая цэнтральная частка яго выкарыстоўвалася ў якасці прыватнай прадуктовай лаўкі.

нарыхтоўчы магазін
Нарыхтоўчы магазін у савецкія часы. Фота: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Каларытны і багаты на гісторыю будынак да нашага часу не захаваўся. Падчас будаўніцтва аграгарадка ў пачатку 2000-ых ён быў зруйнаваны.

Падтрымайце Kreva.Travel!