Мастачка з Крэва стварае калекцыі з куцюр’е, які працаваў з Dior і Saint Laurent

2 сакавіка 2019
Ларыса Нуры
Ларыса Нуры ў адной са сваіх сукенак. Фота з асабістага архіву гераіні

Больш за дваццаць год на Манмартры ў Парыжы жыве і працуе беларуская мастачка Ларыса Нуры, якая першыя месяцы свайго жыцця правяла ў Крэве.

Што звязвае сям’ю з мястэчкам

У 1956 годзе ў крэўскую школу прыбыў новы настаўнік фізікі Міхаіл Мельгуй. Родам ён быў з вёскі Дуброва на Маладзечаншчыне.

Міхаіл Мельгуй
Міхаіл Мельгуй у гады працы ў Крэўскай школе

Папрацаваў Міхаіл Аляксандравіч у Крэве зусім нядоўга – каля трох гадоў. Праўда, гэтага часу хапіла не толькі на тое, каб падняць на больш высокі ўзровень выкладанне фізікі ў школе, але і каб заваяваць сэрца мясцовай піянерважатай Анастасіі Новік. Маладыя справілі вяселле і тут жа – ў Крэве – далі жыццё дачцэ Ларысе.

Калі дзяўчынцы не было яшчэ і году, маладая сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька заняўся навукай. Сёння Міхаіл Мельгуй – вядомы вучоны-фізік. Сваё жыццё прысвяціў вывучэнню магнітных і механічных уласцівасцей сталей. Яго навуковыя распрацоўкі выкарыстоўвалі металургічныя прадпрыемствы па ўсім Савецкім Саюзе і за мяжой.

Ларыса працуе з мадэльерам, які ствараў адзенне для Элізабет Тэйлар і Брыджыт Бардо

Сама Ларыса занялася даследаваннямі ў галіне фізікі колеру і святла, стала доктарам архітэктуры і мастацтва, аўтарам многіх публікацый, а таксама кніг “Колер у горадзе” і “Сімволіка колеру”. Колеравыя гармоніі, каларыстыка ў прыкладным мастацтве, дызайне і архітэктуры горада сталі прыярытэтам яе творчых пошукаў.

Вядомасць да мастачкі прыйшла з пераездам у Парыж. Там яна пазнаёмілася з куцюр’е Жан-Мары Пюжолем, які працаваў з сусветна вядомымі дамамі моды Dior і Saint Laurent, а пазней пад уласнай маркай ствараў вобразы для Элізабет Тэйлар, Брыджыт Бардо і іншых зорак. Сёння французскі дызайнер-стыліст шые сукенкі, а мастачка з Крэва распісвае іх уручную. Адна з іх сумесных прац – сапраўдны трансформер: сукенка можа існаваць у выглядзе моднага вечаровага ўбору ці як карціна – дэкаратыўным пано на сцяне.

Працы Ларысы Нуры экспануюцца на выставах па ўсім свеце, захоўваюцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў музеях сучаснага мастацтва Францыі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Балгарыі і ЗША.

Мастачка пабывала на радзіме

У сваіх інтэрв’ю Ларыса Нуры заўсёды вылучае той факт, што нарадзілася ў нашым мястэчку: “Я не памятаю нічога пра Крэва – мы пераехалі жыць у Мінск, калі мне не было і года. Але сімбіёз прыроды, гісторыі і старажытнага дойлідства на генетычным узроўні праходзіць чырвонай ніткай у маёй творчасці”.

12 ліпеня 2017 года мастачка здзейсніла сваю мару і наведала месца, дзе пазнаёміліся яе бацькі. На жаль, дом на вуліцы Багданаўскай, дзе яна з’явілася на свет, да нашага часу не захаваўся.

Ларыса Нуры
Ларыса Нуры падчас візіту ў Крэва ў 2017 годзе. Фота з асабістага архіву гераіні

Сімвалічна, што першымі, хто зусім выпадкова сустрэў Ларысу на крэўскай зямлі, былі менавіта колішнія калегі яе бацькоў – былыя настаўнікі Тамара і Аляксандр Жукоўскія. Яны ў маладосці былі з бацькамі Ларысы добрымі сябрамі, таму з вачэй пажылых людзей пырснулі слёзы, калі тыя даведаліся, хто перад імі.

Спадабаўся тэкст? Мы працуем над новымі гісторыямі для вас! Вы можаце падтрымаць аўтара і каманду Kreva.Travel з дапамогай сервісу PayPal. Гэта бяспечна і проста!