Па слядах “нямецкіх ботаў”: Як манахі з Барунаў крэўскі цудадзейны абраз выкрадалі

27 сакавіка 2026

Восенню 1781 года мясцовую супольнасць у Крэве ўскалыхнула дзёрзкае злачынства – з мясцовай царквы Святога Мікалая быў выкрадзены цудадзейны абраз Маці Божай. Архіўная судовая справа, якая змяшчае паказанні сведак і агляд месца здарэння, дазваляе літаральна па гадзінах аднавіць гэтую гісторыю. Яе галоўнымі фігурантамі сталі крэўскі святар Ян Ляснеўскі і манахі-базыляне з суседніх Барунаў.

Драматычныя падзеі пачалі разгортвацца непасрэдна на Раство Прасвятой Багародзіцы – 8 верасня. У той час на Крэва абрынулася жудасная непагадзь. У святочны дзень у мястэчку знаходзіўся галоўны падазроны – манах-базылянін Шыман Вайніловіч. Ён быў запрошаным госцем у плябаніі крэўскага святара Яна Ляснеўскага.

Выведка і ноч злачынства

Cудовая справа налічвае 24 старонкі, над якімі добра папрацавалі мышы

На судовым пасяджэнні, якое адбылося 24 лістапада, сведкі абвінавачвання Віктар Міхалоўскі і Юзаф Магер засведчылі, што бачылі як манах больш за паўгадзіны пільна прыглядаўся да алтара, а таксама ўважліва вымяраў вачыма вышыню вокнаў царквы.

Пасля гасцявання святар Ляснеўскі даручыў свайму асабістаму парабку Стэфану Копцу адвезці манаха дадому ў Баруны. Падчас допыту парабак прызнаўся, што як толькі яны выехалі з Крэва, Вайніловіч даў яму своеасаблівы хабар у выглядзе дробнай манеты і пачаў пытацца, хто і як пільнуе абраз у царкве Святога Мікалая. Атрымаўшы пацверджанне, што моцнай аховы няма, манах у той жа вечар разам са сваім саўдзельнікам мясцовым шляхцічам панам Сідаровічам конна вярнуўся ў Крэва. Сведка з Барунаў пад прысягай сказаў, што бачыў на свае вочы як каля шостай гадзіны вечара манах Вайніловіч выязджаў з кляштара.

Каб не прыцягваць увагі, злодзеі не паехалі конна да самай царквы. Згодна з матэрыяламі агляду месца здарэння, яны прывязалі коней у рове пад раскідзістай грушай на адлегласці прыкладна трох стаяў (каля 400 метраў – рэд.) ад царкоўных могілкаў. Каб пранікнуць у закрытую капліцу, яны выкарысталі прынесеную з сабой драўляную калоду і вынялі акно.

Цудадзейны абраз быў прымацаваны да масіўнай драўлянай дошкі ў алтары і абаронены жалезнымі кратамі, таму ўзломшчыкам давялося літаральна выдзіраць святыню з грубай фізічнай сілай.

Па гарачых слядах

Раніцай крэўскія жыхары кінуліся ў пагоню. Падчас начнога ўзлому на вільготнай пасля дажджу зямлі каля царквы засталіся глыбокія сляды. Сведкі апісалі іх як адбіткі ад “нямецкіх ботаў”. Гэта было стоадсоткавым маркерам таго, што тут хадзіў нехта не з мясцовых і не з простых людзей, а чалавек шляхецкага ці духоўнага саслоўя, які апранаўся па гарадской заходняй модзе.

У пошуках злачынцаў найбольш вызначыўся Ян Леановіч. Ён ішоў па конскіх слядах ажно да млына ў Вярэбушках. Жонка тамтэйшага млынара пацвердзіла, што вершнікі праносіліся міма позняй ноччу ў самую буру. Леановіч здагадаўся зняць мерку з адбіткаў капытоў каля млына. Пазней яна ідэальна супала са слядамі каля абкрадзенай царквы. На шляху ў бок Барунаў людзі знайшлі ў полі расшчэпленую драўляную дошку, да якой мацавалася святыня, раскіданыя ўпрыгожанні і манеты.

Кляштар у Барунах. Малюнак Напалеона Орды, 1879 год

Канчаткова выкрыць злачынцаў дапамагла іх уласная п’яная ганарыстасць. Вайніловіч і Сідаровіч зрабілі прыпынак у мясцовай карчме ў Папелевічах. Сведка Юзаф Магер далажыў следчай камісіі, што саўдзельнікі пілі там гарэлку і абсалютна неасцярожна ўголас хваліліся сваім учынкам: “Вось ніхто не чуў у Крэве, як мы абраз з царквы ўкралі”.

Што вядома пра далейшы лёс іконы

Пакуль ішло следства, мястэчка ахапілі чуткі. Мясцовы столяр прагаварыўся, што спяшаецца з працай, бо базыляне загадалі яму ўбудаваць скрадзены крэўскі абраз ў вялікі алтар барунскага кляштара. Вандроўны жабрак расказваў, што абраз прывезлі ў Баруны, але калі мясцовы святар хацеў вынесці яго на імшу, то раптоўна злёг ад страшнай хваробы. Таму спалоханыя манахі хутка пазбавіліся ад святыні. Панавала версія, што абраз “пайшоў з дымам угару”, то бок быў спалены. Сведкі з боку манахаў даказвалі, што ніякага крадзяжу ўвогуле не было, а абраз хітра схаваў сам крэўскі святар Ляснеўскі.

Што насамрэч сталася са святыняй і якое пакаранне атрымалі злачынцы, верагодна, можна даведацца з пратаколу фінальнага судовага пасяджэння па справе. Яно было запланавана на 29 лістапада 1781 года, аднак на сёння не вядома, ці захаваўся такі дакумент і дзе.