Забойства святара Леванчука і яго сям’і. Што адбылося ў трагічную ноч 80 год таму

14 сакавіка 2024
святар Міхаіл Леванчук
Міхаіл Леванчук з сям’ёй і вернікамі ў 1930-ыя гады. Здымак з калекцыі Сяргея Міхалевіча

З прыходам немцаў на заходнебеларускія землі падчас Другой сусветнай вайны мясцовыя палякі ці, як правіла, апалячаныя беларусы пачалі выдаваць гітлераўцам колішніх савецкіх актывістаў. Нярэдка ў шэрагі ворагаў траплялі і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, якія яшчэ ў даваенныя часы змагаліся з апалячваннем. Такі лёс напаткаў і крэўскага святара Міхаіла Леванчука, яго дачку і пляменніцу, якіх забілі актывісты Арміі Краёвай.

Падзеі трагічнай ночы, пра якую самі “акаўцы” не любяць згадваць у сваіх мемуарах, пераказвае краязнавец Аляксандр Камінскі.

Што здарылася

У ноч з 14 на 15 сакавіка 1944 года да дома праваслаўнага святара накіравалася група “акаўцаў” з трох чалавек. Па словах старажылаў, гэта былі так званыя “палякі” з тутэйшых. Пра існаванне загаду на ліквідацыю сям’і Леванчукоў вядома з успамінаў Адама Вальчака, аднаго з кіраўнікоў аперацыі па захопу гарнізона літоўскай паліцыі ў Крэве, які адбыўся ў тую ж ноч.

У доме Леванчукоў былі сам айцец Міхаіл, дачка Ларыса, пляменніца Валянціна і служанка з мясцовых. Жонка святара Лізавета і сын Леанід былі ў ад’ездзе, таму ім удалося пазбегнуць расправы. У сваіх мемуарах Адам Вальчак са шкадаваннем піша, што сям’я святара ў тую ноч была не ў поўным складзе.

Калі забойцы загрукаталі ў дзверы, служанка паспела схавацца ў склеп пад домам, што і выратавала ёй жыццё. Адтуль яна чула ўсё, што адбывалася наверсе, а пасля пераказала пачутае аднавяскоўцам.

Адчыніўшы дзверы, айцец Міхаіл зразумеў, што чакае яго. Ён папрасіў катаў, каб тыя дазволілі памаліцца перад смерцю. “Акаўцы” ў гэты час прывялі ў пакой дачку і пляменніцу. У іх прысутнасці адзін з бандытаў уставіў у рот святара карабін і выстраліў. Услед за гэтым былі забіты і дзяўчаты.

За што забілі Леванчука

У віну крэўскаму святару і яго сям’і ставілася “шкодная дзейнасць супраць палякаў”. Гэтая фармулёўка падмацоўвалася яшчэ і сцверджаннем пра тое, што Леванчукі нібыта супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. Але што насамрэч стаяла за такім абвінавачваннем?

Яшчэ ў даваенныя часы святар Міхаіл Леванчук смела выказваўся супраць апалячвання заходніх беларусаў і быў прыхільнікам беларусізацыі праваслаўнай царквы. Пра гэта сведчаць найстарэйшыя жыхары мястэчка і іншыя сучаснікі ў сваіх успамінах. Вядомы беларускі каталіцкі святар Адам Станкевіч, напрыклад, у сваім дзённіку занатаваў выпадак, калі польскія настаўнікі са школ з-пад Крэва прывялі сваіх вучняў у царкву на экскурсію. Не зважаючы на заўвагі і пратэст з боку выкладчыкаў, святар вёў гутарку з вучнямі на роднай для іх беларускай мове, а не па-польску.

Дамогшыся ад нямецкага кіраўніцтва ў Мінску адпаведнага дазволу, айцец Міхаіл адчыніў у адной з частак свайго дома беларускую школу. Ён сам, а таксама яго дачка Ларыса і пляменніца Валянціна Шкуцько, якая прыехала з Мінска, пачалі праводзіць тут заняткі.

Ёсць сведчанні пра тое, што падчас вайны Леванчук ратаваў моладзь ад вывазу на прымусовыя працы ў Германію.

святар Міхаіл Леванчук
Аднаўленне царквы святога Аляксандра Неўскага пад кіраўніцтвам Міхаіла Леванчука ў канцы 1920-ых гадоў. Здымак з калекцыі Аляксандра Камінскага

Відаць, адкрыццё беларускай школы на тэрыторыі, якая да вайны адносілася да Польшчы, і было для палякаў той шкоднай дзейнасцю. А настойлівыя звароты святара да акупацыйных уладаў па дазвол зрабіць гэта, як і хадайніцтвы перад імі ў абарону моладзі, былі класіфікаваны імі як супрацоўніцтва.

Хто яшчэ загінуў ад рук “акаўцаў”

Яшчэ па дарозе ў Крэва, зайшоўшы ў суседнюю вёску Чухны, “акаўцы” расправіліся з Канстанцінам Германам і Сцяпанам Гоманам. У першага з іх засталіся сіротамі чацвёра дзяцей, прычым найменшаму было ўсяго чатыры тыдні. У віну гэтым людзям ставілася тое, што яны з прыходам савецкай улады былі абраны народнымі дэпутатамі. Нейкім чынам у першыя дні акупацыі гэтыя людзі засталіся па-за ўвагай немцаў, і іх не расстралялі, як тое здарылася з некалькімі абвінавачанымі ў супрацоўніцтве з камуністамі жыхарамі мястэчка і некаторых суседніх вёсак.

Па сведчанню старажылаў, у тую ж ноч быў забіты і лекар з Барунаў, які таксама ўдзельнічаў у беларускім руху і адмовіўся супрацоўнічаць з Арміяй Краёвай.

Крыху раней, 23 лютага таго ж года, у вёсцы Ракаўцы легіянеры забілі колішніх калгасных актывістаў Івана і Пятра Андрыяловічаў, Канстанціна Стрыгу, Юльяна Тытуша. Цудам удалося выратавацца ад расправы былому старшыні калгаса Канстанціну Казакевічу: у час прыходу няпрошаных гасцей яго не было дома. У вёсцы Людвінова, нібыта за прыязнае стаўленне да савецкай улады, польскія партызаны расстралялі Мікалая Стрыгу. У Крыўску за тое ж былі забіты Фёдар Дурка, Станіслаў Родзевіч, Антон Казак. У вёсцы Ракуцева была расстраляна сям’я Стрыгаў з пяці чалавек. Гэтым людзям з прыходам савецкай улады быў прадстаўлены для жылля апусцелы пасля верасня 1939 года панскі дом. Калі з прыходам немцаў вярнуўся яго гаспадар, Стрыгі вымушаны былі перабрацца на сваё ранейшае месца жыхарства. Аднак таму гэтага падалося недастаткова, і разам са сваімі хаўруснікамі з Арміі Краёвай ён скарыстаўся зручным момантам, каб паквітацца з бедакамі, пазбавіўшы іх жыцця.

Падтрымайце Kreva.Travel!