Падсвечнікі з патронаў і панікадзіла з калючага дроту. Якім быў храм-бліндаж на пазіцыях пад Крэвам

3 сакавіка 2024
храм-бліндаж
Храм-бліндаж у ваколіцах Крэва

У расійскім часопісе “Іскры” 25 снежня 1916 года быў апублікаваны артыкул пра таямнічы храм-бліндаж. Рэпартаж быў зроблены з баявых пазіцый, таму ні аўтар допісу, ні дакладнае месца не былі пазначаныя. Аднак вядома, што гаворка ідзе пра аб’ект на тэрыторыі Ашмянскага павету, і, як высветлілася – побач з Крэвам.

Паходныя цэрквы пры вайсковых фарміраваннях былі даволі распаўсюджанай з’явай на фронце. Нярэдка яны здзіўлялі сваёй архітэктурай і ўбранствам. Калі б не іх часовы характар, яны маглі б быць сапраўднымі помнікамі той вайны.

Храм на крэўскіх пазіцыях не быў выключэннем. Яго будаўніцтвам кіраваў хтосьці шт.-к. Б-скі (хутчэй за ўсё, скарачэнне азначае чын штабс-капітана). Царква была ўзведзеная ў трохтыднёвы тэрмін і нагадвала сабой бліндаж. Аўтар артыкулу адзначае, што здалёк было цяжка вызначыць, што гэта – царква: будынак быў глыбока ўкопаны ва ўзгорак і зліваўся з ім.

храм-бліндаж
Уваход у царкву

“Толькі ўваход у катакомбу, выкладзены дзікімі камянямі, якімі быў усыпаны адзін бок узгорка, і стылёвыя, у гусце старажытных білібінскіх цэркваў і палацаў, ганак ды вежачкі на ўзгорку, што адпавядаюць купалам і ўвянчаны крыжамі, прыцягваюць увагу сваёй незвычайнай і своеасаблівай прыгажосцю”, – апісвае знешні выгляд аўтар.

Якім быў інтэр’ер

Сцены і скляпенні былі высечаны з неачэсаных стройных соснаў. Цёмныя бліндажныя сцены падкрэслівалі нечаканую бялізну іканастаса. Па словах аўтара артыкула, аскепкі снарадаў былі ўстаўлены ў рамы іканастаса і абразоў, прабітых гэтымі ж аскепкамі. Панікадзіла вайскоўцы змайстравалі з калючага дроту, а металічныя кругі з прыпаянымі да іх патронамі паспяхова выконвалі нязвыклую для іх мірную ролю падсвечнікаў. У адным з кутоў храма былі сабраныя і выстаўленыя ў шэраг сялянскія абразы. Тым самым кут нагадваў звычайную бажніцу сялянскай хаты беларуса.

храм-бліндаж
Рака з мошчамі святых

З адмысловай дбайнасцю, любоўю і глыбокім пачуццём прыгажосці Б-скі аздобіў прыбудоўку храма – пячору, дзе захоўвалася здабытая дзесьці рака з часткай святых мошчаў. У гэтае сховішча з храма вёў невялікі падземны ход. “Прыгожая рашотка з падкоў з зіхатлівай меднай эмблемай Хрыста напачатку падземнага ходу і створкавыя разьбяныя дзверы з архангелам на ёй, які нібыта ахоўвае агністым мячом уваход у пячору, ствараюць уражанне таямнічасці і значнасці. Сама пячора з мошчамі, якія змешчаны пад парчовым покрывам на падобным на надмагілле каменным стале, мігаценне лампады і пакутлівы воблік Хрыста на фоне чорнага аксаміту задрапіраванай сцяны – усё гэта пакідае незабыўнае ўражанне таямнічага супакою і малітоўнага стану,” – дзеліцца сваімі ўражаннямі франтавы карэспандэнт.

Дзе мог знаходзіцца храм

Паходны храм быў узведзены ля вёскі Д. Ашмянскага павета і асвечаны ў гонар святога Мікалая, а яго іканастас і начынне перанесеныя з паўразбуранай царквы сяла С.

У Ашмянскім павеце, у склад якога ўваходзілі некалі і землі сучаснай Смаргоншчыны, было не так шмат сёл ці мястэчак, якія пачыналіся на літару С, яшчэ менш з іх мелі разбураныя вайной цэрквы. Смаргонь адразу адпадае, бо на пачатак вайны яна была ўжо горадам. Славенская царква знаходзілася ў тыле на расійскім баку абароны і не падверглася разбурэнню. Застаецца сяло Суцькава, якое размяшчалася якраз на мяжы руска-нямецкага фронту. Суцькаўская Спаса-Праабражэнская царква, прыстасаваная рускімі з пачаткам баявых дзеянняў пад лазарэт і назіральны пункт, сапраўды была моцна пашкоджана, бо сістэматычна падвяргалася абстрэлу нямецкай артылерыі. Усё царкоўнае начынне магло быць перапраўлена ў больш бяспечнае месца. Хутчэй за ўсё, такім месцам і стаў новазбудаваны храм-бліндаж, пра які расказваецца ў артыкуле. Застаецца вызначыць, ля якой вёскі на літару Д была размешчана тая адметная царква. Верагодней за ўсё, трэба шукаць на пазіцыях рускіх недзе паблізу Суцькава. Гэта маглі быць вёскі Даўбуцішкі (Даўбучкі) і Доўгі Лог Беніцкай воласці, Дракі – Смаргонскай, Дахны і Дойнеўцы – Крэўскай.

храм-бліндаж
Унутранае ўбранства храма

У час колішніх краязнаўчых вандровак смаргонскі аматар даўніны Уладзімір Прыхач запісаў ад старажылаў з суцькаўскіх ваколіц інфармацыю пра вырытыя недзе ў гэтых мясцінах рускімі салдатамі “катакомбы ладных памераў, частка якіх выходзіла на паверхню”. Па меркаванню аднаго з апавядальнікаў, гэта былі артылерыйскія склады. Гэтую версію пацвярджае інфармацыя, запісаная калісьці настаўнікам гісторыі са Смаргоні Расціславам Шчасным ад жыхара вёскі Пасынкі Уладзіміра Скробата, які нарадзіўся ў 1898 годзе. Той, як высветлілася, у час вайны працаваў у гэтым самым складзе.

Зусім побач з вёскай Пасынкі, дзе жыў Уладзімір Скробат, знаходзіўся  населены пункт на літару Д – Дракі (сучасная назва – Вясенняя). Магчыма, што згаданы артылерыйскі склад першапачаткова і быў тым падземным храмам. І калі рускія летам 1917 года распачалі падрыхтоўку да сваёй маштабнай наступальнай аперацыі, яго маглі  часткова ці поўнасцю прыстасаваць для ваенных мэтаў.

У 50-я гады мінулага стагоддзя на месцы колішняга артылерыйскага склада (і, як мяркуецца, падземнай царквы) быў распрацаваны кар’ер па здабычы жвіру.

Падтрымайце Kreva.Travel!