З аркестрам і помпай, на якую заданацілі местачкоўцы. Як у Крэве змагаліся з агнём

23 ліпеня 2022
выратавальнікі
Крэўскі выратавальнік ліквідуе пажар у Мілэйкаве. Фота: Сяргей Гапон

Крэўскія выратавальнікі карысталіся павагай сярод мясцовых, таму трапіць у іх шэрагі было асаблівым гонарам. У 30-ыя гады пажарныя мелі духавы аркестр, які суправаджаў розныя масавыя мерапрыемствы, а святочнымі вечарамі граў на танцах у будынку аховы. Калі ж здараліся пажары, было не да музыкі.

17 жніўня 1889 года ў Крэве ад неасцярожнага абыходжання з агнём згарэла 25 жылых яўрэйскіх дамоў, іх грамадская лазня і багадзельня. Страты ад пажару склалі 28 980 рублёў. А ўсё таму, што яўрэйскія дамкі шчыльна туліліся адзін да другога, што спрыяла іх масаваму знішчэнню ў час стыхіі. У 1898 годзе такое ж няшчасце напаткала і вёску Ракаўцы. Там 25 жніўня па невядомай прычыне загарэліся і былі знішчаны 16 жылых дамоў, 12 свірнаў, 17 адрын з неабмалочаным збожжам і 12 хлявоў. Страты склалі 29 700 рублёў.

Здаралася, загараліся і культавыя пабудовы. Вядома, што ў пачатку ХІХ стагоддзя быў пажар у крэўскім касцёле, а 4 ліпеня 1884 года гарэла Свята-Троіцкая царква. Пажар быў такі моцны, што ад святыні засталіся толькі сцены, і спатрэбіліся чатыры гады, каб яе аднавіць.

Першыя пажарныя часткі ў Крэве

выратавальнікі
Дабраахвотны пажарны атрад у часы, калі Крэва ўваходзіла ў склад Польшчы. Фота з фондаў школьнага музея

У тыя часы ў Крэве яшчэ не была належным чынам наладжана сістэма барацьбы з агнём. Супрацьпажарныя фармаванні тады існавалі толькі ў больш буйных населеных пунктах, і калі пажар узнікаў у аддаленых кутках павета, прыбыццё выратавальных разлікаў на месца здарэння часта мала што вырашала.

А вось у пачатку ХХ стагоддзя сетка гэтак званых вольных пажарных таварыстваў ужо ахапіла ўсе валасныя мястэчкі, у тым ліку і Крэва. Па дадзеных на 1905 год тут пад кіраўніцтвам брандмайстра і вахмістра неслі службу 35 радавых. У іх распараджэнні былі 2 трубы (помпы) на летнім хаду, 9 сякер, 18 вёдзер і чарпакоў, 7 бочак на колах, 9 багроў і 11 лесвіц. У згаданым годзе ўтрыманне пажарнай часткі ў Крэве абышлося ў 644 рублі.

Пасля І сусветнай вайны, калі наш край уваходзіў у склад Польшчы, добраахвотныя пажарныя атрады таксама існавалі ў кожнай гміне. У Крэве будынак “пажаркі” знаходзіўся непадалёк ад сінагогі. Сябры добраахвотнага пажарнага атрада мелі спецыяльную форму. Пажарных машын тады яшчэ не было, выкарыстоўвалася конская сіла. Затое ў распараджэнні пажарных мелася даволі магутная на той час помпа, купленая на грошы грамадства.

выратавальнікі
Крэўскія выратавальнікі на святкаванні гадавіны Канстытуцыі 3 мая ў 1930 годзе. Фота з сямейнага архіву Станіславы Давідовіч

Крэўскія пажарныя прымалі ўдзел у барацьбе з вогненнай стыхіяй і на тэрыторыі гміны, і за яе межамі. У сярэдзіне красавіка 1925 года ім давялося ўступіць у бой з вялікім лясным пажарам, што распачаўся з падпалу хмызняку паміж Крэвам і Папелевічамі. З успамінаў старажылаў і з даваеннай прэсы вядома, што крэўскія змагары з агнём таксама дапамагалі тушыць моцны пажар 21 чэрвеня 1929 года ў Гальшанах.

Пажарныя ў часы Савецкага Саюза

У савецкі перыяд у Крэве доўгі час не было асобнага падраздзялення, якое непасрэдна сачыла за супрацьпажарнай бяспекай і займалася ліквідацыяй вогненнай стыхіі. У кожнай больш-менш буйной установе прызначаліся адказныя асобы, але іх наяўнасць была найчасцей усяго толькі фармальнасцю. Тым не менш у лясгасе ў найбольш пажаранебяспечныя перыяды вялося дзяжурства. Для гэтай мэты ў найвышэйшай кропцы мясцовасці, што знаходзіцца за царквой, была ўзведзена драўляная назіральная вежа. Пазней яе замянілі на больш высокую металічную канструкцыю.

У ліпені 1964 года было зацверджана “Палажэнне аб пажарна-вартавой ахове калгасаў БССР”. Як і па ўсёй рэспубліцы, у штат крэўскага калгаса было ўведзена некалькі адзінак пажарных. Яны хоць і не неслі сталага дзяжурства (бо займаліся на сваіх асноўных працоўных месцах), але ў любы момант былі гатовы выступіць на барацьбу са стыхіяй. У іх распараджэнні была пажарная машына і ўсё неабходнае абсталяванне. За гэтую дзейнасць да асноўнага заробку ім налічвалася невялікая надбаўка.

Нашыя дні

Справа абароны ад пажараў і іншых стыхійных бедстваў перайшла ў кампетэнцыю Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пасля яго стварэння ў сярэдзіне 90-ых гадоў. У лютым 1995 года было прынята пастанаўленне “Аб стварэнні дзяржаўнай пажарнай службы ў сельскай мясцовасці і на прадпрыемствах у гарадах”. Асобны атрад пажарных быў створаны і ў Крэве. Ён пачаў несці сталае дзяжурства. Дэпо з двума пажарнымі аўтамабілямі і дзяжурнае памяшканне доўгі час размяшчаліся ў будынку былога калгаснага гаража ў пачатку вуліц Зарэчнай і Смаргонскай. Пазней пажарныя са сваёй гаспадаркай перабраліся ў памяшканні дрэваапрацоўчага цэха на ускрайку мястэчка.

пажарнае дэпо
Будынак пажарнага дэпо, які месціўся на скрыжаванні вуліц Смаргонскай і Зарэчнай. Фота: Сяргей Гапон

У студзені 2014 года ў Крэве пабудавалі новы будынак пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Акрамя каравульнага памяшкання тут ёсць пакой для адпачынку, гардэроб, душ, санвузел, сталовая. У распараджэнні крэўскіх выратавальнікаў маюцца дзве пажарныя аўтацыстэрны, сучасная аргтэхніка і разнастайныя бытавыя прыборы, неабходныя для больш камфортнага нясення службы.

Спадабаўся тэкст? Мы працуем над новымі гісторыямі для вас! Падтрымайце аўтара і каманду Kreva.Travel з дапамогай сервісу PayPal. Гэта бяспечна і проста!