Гісторыя царквы, якую Расійская імперыя перарабіла з касцёла, а пазней зруйнавала артылерыяй

29 чэрвеня 2022
Свята-Троіцкая царква
Свята-Троіцкая царква напрыканцы Першай сусветнай вайны. Фота з калекцыі Уладзіміра Багданава

Сцёртая з паверхні зямлі ў гады Першай сусветнай вайны, Свята-Троіцкая царква пакрысе знікала і з людской памяці. У канцы ХХ стагоддзя пра яе ўжо мала хто ведаў. Мясцовыя старажылы згадвалі часам пра “другую крэўскую” царкву, аднак звесткі былі надзвычай скупымі і блытанымі. Між тым лёс святыні быў цікавым і няпростым.

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў для жыхароў нашага краю насталі змрочныя часы: расійскія ўлады распачалі тут сапраўдны палітычны тэрор і масавую русіфікацыю. Дасталася і каталіцкай царкве, якая была ў першых шэрагах незадаволеных нацыянальным і рэлігійным прыгнётам. Новы мураваны касцёл, узведзены ў Крэве ў 1848 годзе, у 1866-ым быў зачынены і перароблены пад царкву. Апошнімі каталіцкімі святарамі, якія адпраўлялі тут службы, былі айцы Баніфацый Раўбіцкі і Антоні Палубінскі.

“Каталіцкі касцёл у Крэве дзеля прагрэсу праваслаўя неабходна як мага хутчэй зачыніць”

Архіўныя дакументы дазваляюць узнавіць храналогію падзей, звязаных з закрыццём касцёла. З іх бачна, якімі непрыгляднымі шляхамі ішлі расійскія дзяржаўныя чыноўнікі да дасягнення сваіх мэт. Вось вытрымка з пісьма тагачаснага віленскага губернатара Панюціна свайму вышэйстаячаму начальніку, генерал-губернатару Паўночна-Заходняга краю фон Каўфману, ад 3 красавіка 1866 года: “Я лічу, што каталіцкі касцёл у Крэве Ашмянскага павета Віленскай губерні дзеля прагрэсу праваслаўя ў азначаным павеце неабходна абавязкова і як мага хутчэй зачыніць.” А ўжо 9 красавіка той жа губернатар дакладвае генерал-губернатару, што крэўскі касцёл зачынены і, як старшыня камітэта па будаўніцтву ў губерні праваслаўных храмаў, прапануе перарабіць яго пад царкву. З падобнай просьбай, нібыта, звярталіся і мясцовыя жыхары, якія з каталіцтва перайшлі ў праваслаўе.

12 мая сяляне крэўскай і некалькіх суседніх валасцей звярнуліся з хадайніцтвам да цара. Яны скардзіліся на тое, што касцёл быў зачынены ў выніку махлярства. Ніякіх заяў з боку мясцовага насельніцтва аб яго закрыцці не паступала, а той дакумент-прашэнне, які трапіў у рукі начальства, быў складзены валасным пісарам і падпісаны малалетнімі вучнямі, якія нават не ведалі тых людзей, за якіх ставілі свае подпісы. Паскардзіліся вернікі і на тое, што жандарскім капітанам была спалена без дай прычыны каталіцкая капліца ў недалёкім ад Крэва Мілэйкаве.

Хадайніцтва было разгледжана, але справа скончылася ўсяго толькі адпіскамі. Генерал-губернатар усё ж даў загад на пераробку крэўскага касцёла пад царкву. У хуткім часе гэтая царква была асвечана ў гонар Святой Троіцы.

Як асвячалі “новы” храм

Свята-Троіцкая царква
Свята-Троіцкая царква незадоўга да Першай сусветнай вайны. Фота з кнігі “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча”

Пра ўрачыстасці з нагоды асвячэння Свята-Троіцкай царквы пісалі “Виленский вестник” і “Литовские епархиальные ведомости”. Праўда, пра закуліссе справы па закрыццю каталіцкага касцёла і пераробцы яго ў праваслаўную царкву там не было і слова.

Святкаванні адбыліся 4 верасня 1866 года. Асвячэнне храма праводзіў епіскап ковенскі Аляксандр, вікарый Літоўскай епархіі. Прысутнічалі нават генерал-губернатар краю і віленскі губернатар – тыя высокапастаўленыя асобы, што кіравалі закуліснымі гульнямі па вырашэнню лёсу крэўскага касцёла. Быў таксама камандзір 30-й пяхотнай дывізіі генерал-маёр Пузанаў. Па словах аўтара “Литовских епархиальных ведомостей”, усё адбывалася “ў прысутнасці дзесяці тысяч народу рознага веравызнання: і праваслаўных, і рымлян, і лютэран, і яўрэяў, і магаметан”. Сярод гасцей было многа павятовых чыноўнікаў, духавенства і афіцэраў.

Урачыстасці распачаліся хросным ходам да зачыненай на той момант Успенскай царквы, што стаяла на тэрыторыі сучаных каталіцкіх могілкаў. Пасля гэтага адбылося асвячэнне новага храма  і пачалася служба ў ім.

На плошчы перад новым домам святара былі выстраены падраздзяленні мясцовага войска і расстаўлены сталы з пачастункамі для гасцей.

У час святкавання была ўшанавана і памяць Льва Зянковіча, колішняга ўніяцкага святара, які сам  перайшоў у праваслаўе і перавёў у яго сваю паству. У панядзелак раніцай адбыўся хросны ход да яго магілы на крэўскіх могілках.

Царква гарэла

Свята-Троіцкая царква
Свята-Троіцкая царква месцілася на пагорку, дзе спрадвеку стаялі крэўскія касцёлы. Фота з калекцыі Сяргея Міхалевіча

4 ліпеня 1884 года у царкве адбыўся вялікі пажар. Стыхія разбушавалася не на жарт: ад будынка тады засталіся толькі сцены. Але былі вылучаны сродкі, на якія чатыры гады вяліся аднаўленчыя працы. Новае асвячэнне храма адбылося 10 лютага 1889 года. Урачыстасці з гэтай нагоды былі не менш пышнымі, чым пры адкрыцці храма. Ізноў было мноства гасцей, ізноў ладзіліся святочныя богаслужэнні і хросныя хады. Апісваючы падзею, газеты не забыліся расказаць і пра гістарычны шлях самога Крэва, і пра развіццё праваслаўя ў ім.

Каштоўнасць мае кароткае апісанне адрэстаўраванага Свята-Троіцкага храма: “Аднаўленне яго ажыццёўлена па новым плане, у армяна-грузінскім стылі, з трох’яруснай даволі прыгожай званіцай і з купалам пасярод царквы, на якім зіхаціць залаты крыж. Дах жалезны, сцены пафарбаваны ў ліловы колер з палевымі карнізамі і ліштвамі. Унутры бездакорнае аздабленне і велічны чатырох’ярусны  іканастас”. 

Як і іншая крэўская царква – Аляксандра-Неўская, пабудаваная яшчэ ў 1854 годзе, Свята-Троіцкая мела свой прыход. Да яе было прыпісаны 297 двароў з 1170 прыхаджанамі мужчынскага полу і 1199 – жаночага. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў службу тут вёў выпускнік Цвярской духоўнай семінарыі айцец Васілій Цяжалоў, які адначасова выкладаў Закон Божы ў Крэўскім народным вучылішчы. Да яго ў Свята-Троіцкай царкве служыў святар з былых уніяцкіх па прозвішчу Шалкоўскі. Пры ім тут існавала багадзельня, пераробленая пазней у царкоўную вартоўню. Апошнім, каму давялося праводзіць богаслужэнні ў гэтым храме, быў айцец Канстанцін Залескі.

Крэва наведваў будучы патрыярх

Архіепіскап Літоўскі і Віленскі Ціхан
Архіепіскап Літоўскі і Віленскі Ціхан. Фота: wikipedia.org

У абедзвюх крэўскіх цэрквах 4 мая 1915 года адбыліся ўрачыстасці з нагоды візіту ў Крэва архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Ціхана, будучага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Пасля заканчэння богаслужэння, як паведамлялася ў газеце “Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства”, Ціхан абышоў храм унутры і звонку, агледзеў прыдзел у імя Дзмітрыя Салунскага і заўважыў, што будынак патрабуе значнага рамонту.

Аднак ці да рамонту было ў час, калі ўсё бліжэй да нашых мясцін падыходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны? У пачатку восені таго ж года яна спынілася тут, раздзёршы на доўгі час нашае мястэчка на дзве часткі: паўднёва-ўсходняя з Аляксандра-Неўскай царквой знаходзілася ў руках рускіх, паўночна-заходнюю са Свята-Троіцкай царквой і замкам занялі немцы.

Апынуўшыся на перадавых пазіцыях варожых бакоў, абедзве крэўскія святыні пераўтварыліся ў ваенна-стратэгічныя аб’екты. Абедзве моцна пацярпелі ў ходзе жорсткіх баёў. І калі Аляксандра-Неўскай царкве ў пасляваенны час удалося залячыць свае раны, то для Свята-Троіцкай гады вайны сталі апошнімі ў жыцці.

Падтрымайце Kreva.Travel!