Арт-пікнік ў Крэве: робім здымкі без фотакамеры і каштуем суп з крапівы

17 верасня 2019

У апошнія летнія дні ў Крэве на Юравай гары адбыўся арт-пікнік, які аб’яднаў фатографаў, мясцовых школьнікаў і проста творчых людзей. Усяго – каля паўсотні чалавек, якія адкрылі для сябе ў гэты дзень нешта новае. Галоўнай падзеяй арт-пікніка стаў майстар-клас па адмысловай тэхніцы фатаграфіі – Lumen printing, які правёў беларускі фатограф Сяргей Лескець. Ён паказаў, як можна зрабіць здымкі кветак … без фотаапарата! Каб на паперы з’явіўся адбітак кветкі або лісточка, патрэбна ўсяго толькі сонечнае святло.

– Такую тэхналогію будучыя фатографы вывучаюць у еўрапейскіх універсітэтах, а ў нас пра яе ніхто не ведае, – распавядае Сяргей Лескець. – Мяне гэтай тэхніцы навучыў Андрэй Антонаў, пісьменнік і аматар аналагавай фатаграфіі з Вільні.

Госці арт-пікніка таксама паслухалі ад фатографа лекцыю па міфалогіі раслін.

– У беларускай міфалогіі кожная кветка валодае магічным сэнсам. І гэтыя сэнсы разам з адбіткам расліны ўдзельнікі майстар-класа пераносілі на фотапаперу.

Яшчэ адзін арганізатар арт-пікніка – фатограф Сяргей Гапон, падрыхтаваў арт-інсталяцыю, прысвечаную праблеме вымірання вёскі. Так, на Юравай гары ён усталяваў старыя вокны як сімвал пустых дамоў, якіх чакаюць два лёсы – або апынуцца на сметніцы, альбо займець новае жыццё. А на яблыні – рамы са старымі фотаздымкамі жыхароў Крэва. Хтосьці з іх зараз ужо з нябёсаў назірае за жыццёвымі справамі сваіх нашчадкаў. Дарэчы, усе фатаграфіі выключна з архіваў мясцовых жыхароў. Асобная падзяка за фота – Мечыславу Чайку і Валянціне Пазнанскай.

На арт-пікніку можна таксама было паслухаць аўтэнтычныя спевы пад гукі ліры Сяржука Доўгушава і атрымаць асалоду ад пескавога шоу ў выкананні Кацярыны Капыш, якая сама родам з Крэва, а цяпер працуе дырэктарам сталічнага івент-агенцтва. Госці майстар-класа не засталіся і галоднымі – іх частавалі яблычнымі пірагамі з іван-чаем і супам з крапівы. Гатавала стравы аграсядзіба «Памяна».

«Не хачу аднойчы ўбачыць Крэва на сметніцы»

– Наш майстар-клас – своеасаблівае вяртанне да сваіх каранёў: не толькі да ўласнай гісторыі, але і да гісторыі нараджэння фатаграфіі. Бо Lumen printing – адна з самых першых тэхналогій друку фота, вядомая з 19 стагоддзя, – кажа Сяргей Гапон. – Мы зладзілі гэтую імпрэзу, каб пазнаёміць людзей з Крэвам, а мясцовым жыхарам прадэманстраваць схаваны патэнцыял свайго роднага краю.

Фатограф прыгадвае, што неяк раз убачыў на палігоне шакуючую карціну: МАЗамі вывезеныя цэлыя хутары, рэшткі дамоў – сцены, мэбля, вокны.

– Я б не хацеў аднойчы ўбачыць і Крэва на сметніцы. Гэта тое мястэчка, якое ні ў якім разе нельга страціць. Але, на жаль, статыстыка кажа як раз аб хуткім канцы вёскі, – кажа Сяргей Гапон. – Штогод Крэва і ваколіцы губляюць каля 80 чалавек: каля 50-60 чалавек памірае, астатнія з’яжджаюць у горад. Наша ж мэта – рабіць усё, што магло б вярнуць людзей у сваю родную вёску хаця б на выходныя. Каб ім было цікава тут быць, а ў перспектыве і жыць.

Сяргей Гапон упэўнены: сённяшняя вёска набывае новы змест. Некаторыя маладыя людзі купляюць хаты ў Крэве.

– Што важна, у апусцелых дамах запальваюць святло людзі, якія бачаць у гэтай зямлі не проста агарод пад бульбу, а глебу для рэалізацыі сваіх творчых праектаў. Гэта музыкі, дызайнеры, праграмісты … Гэта вельмі радуе.

«Мы набылі натхненне, жаданне нешта ствараць»

Арт-пікнік так запаў у душу беларускага фатографа Марыі Дзядзюля, што ёй нават захацелася пажыць нейкі час у Крэве.

– Першапачаткова я паехала ў Крэва дзеля цікавай тэхнікі фатаграфіі, з якой не была знаёмая. Але мне спадабаўся не толькі сам фармат майстар-класа, але і яе атмасфера! Мы гулялі па хутары, збіралі расліны, падымаліся на самую высокую кропку Крэва… Гэта мястэчка і яго гісторыя пакінулі мяне пад неверагодным уражаннем, – распавядае Марыя. – Уразіла і ўлюбёнасць Сяргея Гапона у сваю малую радзіму. Відаць, што месца, дзе ён жыве, яго натхняе. Ды пасля размовы з ім мне самой захацелася купіць у Крэве дом і пераехаць сюды жыць! (Смяецца) Пра Крэва я б сказала так: гэта месца спакою. Чароўнае месца. Дзякуй арганізатарам арт-пікніка – мы, фатографы, атрымалі значна больш, чым проста майстар-клас. Мы набылі натхненне, жаданне нешта ствараць. Калі ты бачыш такіх захопленых людзей, як Сяргей Гапон, то таксама напаўняешся гэтай любоўю да Крэва. Сюды хочацца зноў вярнуцца.

Падтрымайце Kreva.Travel!