Кансервацыя Крэўскага замка ў 30-ыя гады. Рэдкія здымкі

20 сакавіка 2023
кансервацыя Крэўскага замка
Кансервацыя Крэўскага замка, 1930 год. Фота: Ян Булгак

Пасля Першай сусветнай вайны ў нашым краі яшчэ доўгі час панавала разруха. Крэўскі замак, які знаходзіўся на самым рубяжы нямецкай абароны, быў значна разбураны. Стан сярэднявечнага помніка спачатку мала каго хваляваў. Многія мясцовыя ўзяліся нават разбіраць тое-сёе з яго рэшткаў на свае патрэбы. Але з часам улады Польшчы, у складзе якой апынулася Крэва, выдалі распараджэнне аб забароне расцягваць з яго камяні і цэглу, заворваць замкавы дзядзінец і наважваць там жывёлу, і неўзабаве распачалі кансервацыю замкавых муроў.

Аднаўленне архітэктурных помнікаў у Польшчы вялося пад кантролем упраўленняў па кансервацыі. Працамі на Крэўскім замку займалася адмысловая камісія ў складзе з аўтарытэтных архітэктараў, мастакоў і гісторыкаў пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Бароўскага.

У якім стане замак атрымалі рэстаўратары

Княская вежа. Здымак з фондаў Літоўскага гістарычнага архіву

Гісторык Станіслаў Лорэнц у часопісе “Ochrona zabytkόw sztuki” (“Ахова помнікаў мастацтва”) за 1930-1931 гады падрабязна апісаў шкоду і змены: “Паўночная сцяна вежы была цалкам зруйнавана, а ў выніку разбурэнняў яе заходняй сцяны былі знішчаны ўсе аконныя праёмы. У паўночным куце вежы адвалілася цагляная абліцоўка рэшткаў усходняй сцяны, абліцоўка заходняй сцяны аддзялілася ад яе самой, стварыўшы 5-сантыметровую шчыліну. Шчыт нарожніка расшчапіўся і ў выніку вымывання вапнавага раствору пагражае ўпасці. Паўночна-ўсходняя і паўднёва-ўсходняя сцены, таксама як і ўнутраная частка вежы, – у руінах. Каменная і цагляная абліцоўка сцен замкавага чатырохвугольніка, аналагічнага ў плане да замкаў у Медніках Каралеўскіх і Лідзе, звонку захавалася адносна добра ў заходняй і паўночнай сценах, а вось у паўднёвай і ўсходняй ад яе засталіся толькі рэшткі. З унутранага боку абліцоўка цалкам разбурана так, што сярэдняя таўшчыня сцен у цяперашні час складае каля 1 метра, тады як першапачаткова яна дасягала да 2,5 метраў. Усходні і заходні вуглы замка разбураны цалкам. Апроч таго, істотныя выбоіны існуюць у паўночнай, усходняй і паўднёвай сценах. Верхняя частка муроў моцна патрапана, і камяні ляжаць на ёй цалкам свабодна. Большая частка паўночнай сцяны замка моцна нахілена вонкі. Вугал нахілу яе фрагмента, які знаходзіцца бліжэй да вежы – 10°, у сярэдняй частцы ён крыху меншы.”

Што зрабілі для выратавання Крэўскага замка

Кансервацыя замкавых муроў у 1930 годзе. Здымак з фондаў Літоўскага гістарычнага архіву

Кансервацыя пачалася ў 1929 годзе з пахіленай паўночнай сцяны. Спачатку яе падперлі жэрдкамі і ачысцілі ад завалаў. Было выяўлена, што ў гэтым месцы амаль адсутнічаў фундамент. Прыйшлося яго падмураваць і падперці бліжэйшы да вежы фрагмент сцяны каменным контрфорсам шырынёй у 2 метры. Быў таксама дамураваны ўсходні ўскраек паўночнай сцяны у месцы разбуранага кута. Пахілены сярэдні фрагмент паўночнай сцяны пакінулі на падпорках. Завалы пры выбоінах у мурах і вежы выдалілі, часткова адкапалі стральчатую адтуліну ў ніжняй частцы заходняй замкавай сцяны. Абліцоўку вежы, якая адставала, звязалі жалезнымі сцяжкамі. Шчыліну паміж абліцоўкай і асноўнай масай ачысцілі і залілі растворам. Дамуравалі выбіты заходні вугал вежы і рэшткі яе паўночна-ўсходняй сцяны, а таксама запоўнілі выемку ў паўночна-заходняй сцяне.

Этапы аднаўленчых прац фіксаваліся даследчыкамі і фатографамі. Як праходзіла кансервацыя Крэўскага замка можна пабачыць на здымках у тым ліку і славутага беларускага фотамастака Яна Булгака. У наш час гэтыя фатаграфіі захоўваюцца ў Літоўскім гістарычным архіве ў Вільні.

кансервацыя Крэўскага замка
кансервацыя Крэўскага замка
кансервацыя Крэўскага замка
кансервацыя Крэўскага замка
Падтрымайце Kreva.Travel!