Хімічная атака пад Крэвам. Як немцы намагаліся даць па “Рускім носе” ў Першую сусветную вайну

13 сакавіка 2022
Хімічная атака пад Крэвам
Ахвяры нямецкай газавай атакі на “Навасёлкаўскі бугор”. Фота: Уладзіслаў Паўлюкоўскі

Адразу пасля стабілізацыі фронту ў канцы 1915 года для немцаў склалася нязручная сітуацыя каля вёскі Навасёлкі, што за некалькі кіламетраў ад Крэва ўніз па цячэнні Крыўлянкі. У гэтым месцы ў лінію кайзераўскіх пазіцый уразаўся невялікім клінам пагорак, заняты рускімі, адкуль тыя добра кантралявалі сітуацыю і ўвесь час трымалі праціўніка ў напружанні. Рускія называлі гэты стратэгічны аб’ект “Навасёлкаўскім бугром”, а на нямецкіх картах вышыня значылася як “Рускі нос”.

Спробы немцаў “зламаць” яго і тым самым выраўняць лінію фронту распачаліся яшчэ ў канцы верасня 1915 года, але яны кожны раз заканчваліся безвынікова. У наступным годзе атакі перыядычна паўтараліся, прычым для дасягнення мэты немцамі прымяняліся новыя для таго часу спосабы.

Для прарыву выкарыстоўвалі сумесь хлору і фасгену

На старонкі франтавых хронік Навасёлкі трапілі ў сувязі з прымяненнем тут атрутных газаў. Хімічная зброя на гэтым участку фронту пачала выкарыстоўвацца летам 1916 года, прычым абодвума бакамі. Наогул, менавіта пад Крэвам быў здзейснены адзін з першых газапускаў з боку рускіх пазіцый на руска-нямецкім фронце. Адбылося гэта 19 ліпеня. Праўда, як адзначана ў данясенні камандуючаму фронтам, пуск атрутных рэчываў ніякіх адчувальных вынікаў не даў.

У немцаў вопыт газавых атак быў нашмат багацейшы. Яны былі больш эфектыўнымі і прыводзілі да шматлікіх чалавечых ахвяр.

Хімічная атака пад Крэвам, якую 22 жніўня здзейсніў нямецкі 333-ці пяхотны полк 89-й дывізіі, апісваецца генерал-маёрам рускай арміі Уладзімірам фон Дрэерам у яго кнізе ўспамінаў “На зыходзе імперыі”. Наступ рапачаўся каля 2-х гадзін ночы, пасля пусцілі яшчэ дзве газавыя хвалі – а 4-й і а 6-й гадзінах раніцы. Немцы атакавалі пазіцыі рускіх сумессю хлору і фасгену. Па прычыне цемры воблака атрутных рэчываў не было заўважана рускімі, распазналі іх толькі па спецыфічнаму паху. Была паднята трывога, аднак газ ужо распаўсюдзіўся па пазіцыях. Прымяненне хімічнай зброі суправаджалася няспынным артылерыйскім агнём.

Пасля газапуску немцы пайшлі ў атаку, аднак яна была адбіта. Праўда, месцамі ім усё ж удалося захапіць кулямёты рускіх і ўзяць палонных. 

“Паўсюль, ледзь рухаючыся і цяжка дыхаючы, поўзалі палявыя мышы і жабы, у суседняй рэчцы плавала мёртвая рыба”

Хімічная атака пад Крэвам
Хімічная атака пад Крэвам прывяла да шматлікіх ахвяраў. Фота: Уладзіслаў Паўлюкоўскі

Страты ад газаў і ад атакі былі велізарнымі. У адным толькі Лебядзінскім палку пацярпела 20 афіцэраў і 989 салдат, з якіх 179 памерлі. Амаль усе вайскоўцы, у якіх не было масак, а толькі марля, памерлі на месцы ў цяжкіх муках. На пазіцыях знаходзіліся 26 коней, якімі напярэдадні прывезлі правізію. Усе яны таксама загінулі. Шмат санітараў, якія чысцілі акопы і знялі раней часу маскі, пазней памерлі ў шпіталях. Тых, хто выжыў, адправілі на эвакуацыйны пункт у Маладзечна. Наступствы засведчыў франтавы фатограф Уладзіслаў Паўлюкоўскі.

Параненыя рускія салдаты чакаюць эвакуацыю ў Маладзечна. Фота: Уладзіслаў Паўлюкоўскі

Уся мясцовасць пасля бою ўяўляла сабой жахлівую карціну. Па словах фон Дрэера, “напярэдадні ўсё было пакрыта зелянінай, а пасля газаў засталася жоўтая, як салома, трава і такія ж дрэвы. Паўсюль, ледзь рухаючыся і цяжка дыхаючы, поўзалі палявыя мышы і жабы, у суседняй рэчцы плавала мёртвая рыба.” Сам генерал не здымаў маску цягам пяці гадзін і ледзь не задыхнуўся, а потым яшчэ месяц з цяжкасцю хадзіў і не мог ездзіць на кані.

Наступную буйную газавую атаку пад Навасёлкамі немцы ажыццявілі 8 студзеня 1917 года. У шэрагах рускіх не абышлося без ахвяр, але на гэты раз іх было не так шмат: памылкі, дапушчаныя раней, навучылі многаму. Высланая разведка заўважыла падрыхтоўку немцаў да атакі. Калі ж яна пачалася, месцы пуску атрутных рэчываў былі абстраляны артылерыяй. Наступ варожай разведкі быў спынены ружэйным і артылерыйскім агнём. Падчас атакі байцы не ігнаравалі і больш умела выкарыстоўвалі сродкі індывідуальнай абароны ад атрутных рэчываў.

Як яшчэ спрабавалі прарваць лінію рускіх

Вайскоўцы ў адной з варонак часоў падземна-мінных аперацый. Фота з калекцыі Уладзіміра Багданава

Вясной 1916 года немцы падвялі да “Навасёлкаўскага бугра” спецыяльныя падземныя галерэі і заклалі там міны. Свой першы падрыў міннага зараду яны ажыццявілі 26 сакавіка. У сваю чаргу рускія сапёры правялі контрмінную атаку і двума камуфлетнымі выбухамі разбурылі падземную галерэю праціўніка.

Крыху пазней немцы ўзнавілі рыццё мінных галерэй, і ўжо 10 мая прагрымеў другі выбух пад пазіцыямі рускіх. Утварылася велізарная варонка глыбінёй каля 10 і даўжынёй да 40 метраў. 16 мая рускія адказалі немцам сваёй міннай атакай.

У канцы мая – пачатку чэрвеня супернікі, спачатку – рускія, затым – немцы, ажыццявілі яшчэ па адной атацы, пасля чаго “падземная” вайна пад Навасёлкамі закончылася.

Дзе пахавалі загінулых

Жанчына наведвае вайсковыя могілкі ў Барунах, дзе пахаваныя нямецкія салдаты, якія загінулі пры штурме “Рускага носу”. Фота: Сяргей Гапон

У ходзе баёў за авалоданне вышынёй “Навасёлкаўскі бугор” было шмат забітых як з рускага боку, так і з нямецкага. Рускія пахавалі сваіх салдатаў на брацкіх могілках каля вёскі Мікулеўшчына, немцы – на вайсковых могілках у Барунах.

У канцы 90-ых гадоў краязнаўцам Уладзімірам Прыхачам былі выяўлены паабапал дарогі праз вёскі Навасёлкі, Круглянка, Баярск чатыры занядбныя брацкія магілы расійскіх воінаў часоў Першай сусветнай вайны. Пад яго кіраўніцтвам на магілах быў наведзены парадак, устаноўлены крыжы і сціплыя помнікі.

Падтрымайце Kreva.Travel!