Хто з крэўскіх святароў трапляў пад рэпрэсіі ўладаў

2 снежня 2022
рэпрэсіі святароў азярлаг
Турма для палітзняволеных Азярлаг у Сібіры, дзе адбываў пакаранне і загінуў ксёндз Адам Станкевіч. Фота: foto-memorial.org

Змена палітычнага строю на тэрыторыі нашага краю была звычайнай з’явай ва ўсе часы. Асабліва характэрна гэта для ХХ стагоддзя, калі Крэва і ваколіцы падпарадкоўваліся то Польшчы, то Саветам. Каб замацаваць свае пазіцыі, кожная новая ўлада імкнулася скарыстацца рэлігіяй. Рэлігійныя дзеячы, якія стаялі на баку народа і выказвалі сваю нязгоду з новымі парадкамі, траплялі пад рэпрэсіі.

Краязнавец Аляксандр Камінскі прасачыў лёсы святароў, якія нарадзіліся ў нашым краі ці апынуліся тут са святарскай місіяй ды зведалі ўціск за свае погляды.

Адам Станкевіч

“Высока ў буру і пагоду ты родны сцяг і крыж трымаў, між беларускага народу святую праўду засяваў”, – гэтыя словы выбітыя на магіле ксяндза Адама Станкевіча на вясковых могілках у Арлянятах пад Крэвам, на радзіме слыннага беларускага рэлігійнага і грамадска-палітычнага дзеяча. Магіла гэта сімвалічная, бо сапраўднае месца яго пахавання згубілася ў глыбі халоднай сібірскай тайгі, дзе святар быў у зняволенні.

Прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху і ідэі беларусізацыі каталіцкага касцёла на нашых землях Станкевіч стаў яшчэ ў гады вучобы. Нават абразок-памятка пра яго першую імшу, адпраўленую ў Крэве 1 студзеня 1915 года, быў надрукаваны па-беларуску. Затым былі службы на роднай мове, стварэнне патрыятычных арганізацый і ўстаноў, шматлікія артыкулы і кнігі па нашай гісторыі, беларускамоўныя малітоўнікі, падручнікі, газеты і часопісы, якія ён выдаваў.

рэпрэсіі святароў адам станкевіч
Дом у Арлянятах, дзе нарадзіўся Адам Станкевіч. Фота: Марыя Бартош

Небывалая актыўнасць святара з Арлянятаў была не даспадобы польскім уладам. Аднак, асцерагаючыся сапсаваць сваю рэпутацыю і баючыся гневу з боку шматлікіх яго прыхільнікаў, чыніць над ім нейкія рэпрэсіі яны не асмельваліся. І ўсё ж, калі з канца 1936 года палякі ўзялі курс на поўны разгром  беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, Адам Станкевіч быў сярод тых, хто адчуў на сабе іх уціск. У лістападзе таго года ў яго віленскай кватэры ўлады правялі ператрус, а праз два гады загадалі выселіць ксяндза ў Слонім.

З пачаткам ІІ сусветнай вайны Адам Станкевіч вярнуўся ў Вільню. У гады нямецкай акупацыі ён працягваў святарскую дзейнасць і дапамагаў тым, хто трапляў у небяспеку, незважаючы ні на нацыянальную, ні на палітычную прыналежнасць гэтых людзей. Напрыклад, у чэрвені 1941 года ў касцёле хаваў групу камуністаў. Пазней ратаваў жыцці яўрэям. З яго дапамогай была вызвалена з гестапа група смаргонскіх падпольшчыкаў-камсамольцаў.

рэпрэсіі святароў адам станкевіч
Пратакол, які органы склалі па выніках ператрусу і затрымання Станкевіча ў 1944 годзе. З архіву Навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа

У снежні 1944 года, калі ў нашых краях была адноўлена савецкая ўлада, Адама Станкевіча арыштавалі органы НКУС. Праўда, святара хутка адпусцілі. Верагодна, ён быў вызвалены, дзякуючы хадайніцтву тых, каго ратаваў падчас акупацыі. Аднак галоўная прычына яго вызвалення магла быць і іншай. Як можна зразумець з тагачасных дзённікаў Станкевіча, савецкія ўлады вырашылі выкарыстаць вядомага і ўплывовага рэлігійнага дзеяча ў сваіх палітычных гульнях. Абяцаючы недатыкальнасць і высокія пасады, яны адразу пасля таго кароткачасовага затрымання ўзяліся схіляць святара стварыць і ўзначаліць аўтакефальны беларускі каталіцкі касцёл, які б не падпарадкоўваўся Ватыкану, але быў бы лаяльным савецкай дзяржаве. Згадзіцца з гэтымі прапановамі Станкевіч не мог, бо гэта значыла б стаць марыянеткай савецкіх спецслужбаў, што нічога акрамя шкоды беларускаму народу і касцёлу не магло прынесці. 13 красавіка 1949 года яго ізноў кінулі за краты. “Грахоў” святару гэтым разам прыпісалі мноства. Хадзілі чуткі, што яго вінавацілі нават у шпіянажы на карысць Японіі. Відавочна, што такім спосабам улады імкнуліся ліквідаваць незгаворлівага ксяндза як сведку іх спроб саветызаваць каталіцкі касцёл у краіне.

Смерць чакала святара ўжо праз некалькі месяцаў пасля затрымання. Але спачатку была віленская турма ў Лукішках, затым – доўгая і цяжкая дарога ў Сібір, і нарэшце – сам Азярлаг – лагер для палітзняволеных. Па адной з версій, асуджанага на 25 год ксяндза забілі ў самым пачатку тэрміну. Афіцыйныя дакументы, рассакрэчаныя ў 90-ых гадах, падаюць, што смерць надышла “ад атлушчэння сэрца” 4 снежня 1949 года. Відавочцы-асуджаныя называлі іншую дату смерці: з 29 на 30 лістапада.

рэпрэсіі святароў адам станкевіч
Адам Станкевіч на фотаздымках з турэмнага дасье

Вязень ГУЛАГу Віктар Сікора пакінуў успаміны пра жудасныя абставіны пасмяротнага ускрыцця памерлага: “Калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыццё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. “Працаваў” там адмысловы “мяснік”, які ўпрост ірваў труп на кавалкі. Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. (…) Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. З дзяжуркі выходзіць „мяснік“ з „кішнёй“, што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названне, а не труна), увесь заліты крывёю.”

“Пробашч усё яшчэ пад арыштам. Відаць, голас асабістых ворагаў кс. Пятроўскага мацнейшы, чым двух тысяч сялян.”

Пасля Першай сусветнай вайны наша мястэчка засталося на нейкі час без сваіх святыняў, і крэўскім вернікам-каталікам, калі ўзнікала патрэба справіць шлюб, ахрысціць дзяцей або адпець памерлых, даводзілася дабірацца ў Баруны, дзе дзейнічаў найбліжэйшы касцёл. З 1919 года святаром там быў айцец Міхал Пятроўскі – паплечнік Адама Станкевіча ў справе адраджэння Бацькаўшчыны і пашырэння беларускай мовы ў касцёле. Ён таксама неаднойчы трапляў у няміласць і з боку бальшавікоў, і з боку палякаў, калі тыя па чарзе былі тут ва ўладзе.

Дзейнасць Пятроўскага знайшла масавую падтрымку ў мясцовых жыхароў. Калі ў час непрацяглага знаходжання Саветаў ва ўладзе ён быў арыштаваны, сялянская дэлегацыя адправілася ў Ліду хадайнічаць перад бальшавіцкімі камісарамі аб вызваленні ксяндза, і яго былі вымушаны адпусціць. Такую ж падтрымку землякоў меў святар, калі за сваю дзейнасць у чэрвені 1921 года апынуўся ўжо ў польскай турме. Новыя ўлады вінавацілі барунскага ксяндза ў “здрадзе справе адраджэння польскай дзяржаўнасці”. Яму прыпісвалі таксама сувязь з бальшавікамі, нават не зважаючы на тое, што святару прыйшлося перацярпець і ад іх.

У адным з нумароў газеты “Еднасць” той пары паведамлялася: “Вось ужо прайшло болей як паўтара месяца ад часу арышту нашага дарагога пробашча кс. Міхала Пятроўскага. Два разы падавалі мы ў гэтай справе просьбу аб яго звальненні. Пад гэтай просьбай падпісалася каля 2 тысяч парафіянаў, ездзілі да ген. Жэлігоўскага (кіраўнік тагачаснага дзяржаўнага ўтварэння Сярэдняя Літва, куды ўваходзіў і наш край – рэд.), Макжэцкага (старшыня Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы – рэд.), да пракурора, усіх прасілі, але дагэтуль нічога з гэтага не выйшла, і пробашч усё яшчэ пад арыштам. Відаць, голас асабістых ворагаў кс. Пятроўскага мацнейшы, чым двух тысяч сялян.”

касцёл у барунах
Касцёл у Барунах у міжваенныя гады. Здымак з фотаальбома Ашмянскага дэканату, 1930 год

Пад націскам патрыятычна настроеных беларусаў улады вымушаны былі змякчыць пакаранне. Святара хутка выпусцілі з турмы і змясцілі пад хатні арышт. У Баруны тым часам прыслалі іншага, лаяльнага да ўладаў ксяндза.

Праваслаўным таксама дасталося

Праваслаўны святар з Крэва Васіль Магер у гады Першай сусветнай вайны апынуўся ў Краснаярску. Каб пракарміць сям’ю з шасці чалавек, працаваў на чыгунцы. Там Васіль хадзіў у царкву і спяваў у хоры. Гэта паслужыла нагодай да яго звальнення. Прыйшлося змяніць месца жыхарства. Сям’я Магераў перабралася ў Кастрамскую губерню. Там у 1930 годзе святара арыштавалі па абвінавачванні ў прыналежнасці да кулацкай групоўкі, у антысавецкай агітацыі, а таксама ў сувязі з колішнім белагвардзейскім афіцэрам. Прыгадалі і яго перапіску з родным братам Антонам, які пражываў у Вільні, што была тады пад Польшчай, і хадайніцтва перад польскімі ўладамі аб дазволе вярнуцца ў родныя мясціны. Пасля трохмесячнага следства Магера усё ж адпусцілі, але прапанавалі супрацоўнічаць з органамі дзяржаўнай бяспекі. На ролю “стукача” святар не пагадзіўся. Праз два гады яго ізноў арыштавалі і прысудзілі дзесяць год пазбаўлення волі з высылкай спачатку ў Яраслаўскую, а затым у Архангельскую вобласць. У 1943 годзе ён быў вызвалены.

У першыя гады пасля Другой сусветнай вайны служба ў крэўскай царкве вялася рознымі святарамі, якія па тых ці іншых прычынах у хуткім часе пасля свайго прызначэння пакідалі нашае мястэчка. Адзін з іх, іерэй Нікіфар Пыск, нібыта “за антысавецкую агітацыю” быў арыштаваны ў снежні 1945 года і асуджаны на шэсць год зняволення. У маі 1950 года святар быў датэрмінова вызвалены, аднак у Крэва ён ужо не вярнуўся.

Яўрэйскі святар абараняў правы беднякоў – трапіў за краты

Рабін Рафаіл Гальперын нарадзіўся ў беларускім мястэчку Ружаны. Святарскую дзейнасць пачаў у 1836 годзе ў Крэве. Пазней служыў у Койданаве, Цеханаўцы, Межырэччы і ў Беластоку. Гальперын быў вядомы як абаронца абяздоленых, удоў і сірот. У час знаходжання ў Койданаве святар выступіў супраць дыскрымінацыі яўрэяў-беднякоў: іх дзяцей адпраўлялі на воінскую службу замест дзяцей з заможных яўрэйскіх сем’яў, якім удалося адкупіцца ад войска. Такая карумпаваная сістэма разбурала маральныя асновы яўрэйскай абшчыны, але была выгаднай уладам. Па даносе яго абвінавацілі ў нелаяльнасці да расійскага ўраду і асудзілі на некалькі месяцаў зняволення.

Падтрымайце Kreva.Travel!