Біскуп Казахстана. Як склалася жыццё крэўскай настаўніцы, да якой прыйшлі энкавэдзісты

11 снежня 2021
Ірэна Бандаровіч з зухамі – будучымі гарцэрамі. Фота з архіву Мечыслава Чайкі
Ірэна Бандаровіч з зухамі – будучымі гарцэрамі. Фота з архіву Мечыслава Чайкі

Для Ірэны Бандаровіч – польскай рэлігійнай актывісткі і педагога, Крэва было ўсяго толькі адным са шматлікіх прыпынкаў на яе доўгім і часамі пакутлівым жыццёвым шляху. Пражыўшы ў нашым мястэчку дзесяць год, Бандаровіч (у дзявоцтве – Аляхновіч) палюбіла і гэтыя мясціны, і людзей, якія жылі тут. Нават у поўных жахлівых падрабязнасцей успамінах пра гады высылкі ў Казахстан нашу вёску яна згадвае з цеплынёй і пяшчотай.

Дарога да Крэва

Нарадзілася Ірэна 3 сакавіка 1909 года ў Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам у шматдзетнай сям’і палякаў. Каб даць дзецям магчымасць атрымаць лепшую адукацыю, Аляхновічы пазней перабраліся ў сталіцу. Пасля Кастрычніцкая рэвалюцыі  1917 года яны ізноў сарваліся з месца і паехалі ў Латвію. Спыніліся ў горадзе Рэзэкнэ, дзе жыла вялікая дыяспара палякаў і дзейнічала польская гімназія.

У час вучобы ў гімназіі Ірэна ўступіла ў Саюз польскіх гарцэраў – папулярную нацыянальную скаўцкую арганізацыю, якая прывівала моладзі любоў да Радзімы, Бога і бліжніх. Ідэя гарцэрства так захапіла дзяўчынку, што яна прысвяціла гэтаму руху ўсё сваё далейшае жыццё.

У 1928 годзе сям’я ізноў пераехала. Гэтым разам – у Вільню, дзе Ірэна прадоўжыла сваю адукацыю і атрымала пасведчанне настаўніцы геаграфіі.

Ірэна і Вінцэнт Бандаровічы з групай вучняў Крэўскай школы. Фота з калекцыі Аляксандра Камінскага
Ірэна і Вінцэнт Бандаровічы з групай вучняў Крэўскай школы. Фота з калекцыі Аляксандра Камінскага

З 1930 года маладая настаўніца пачала працаваць па сваёй спецыяльнасці ў Крэўскай школе. Ад самага пачатку яна разгарнула тут і грамадскую дзейнасць. Энергічная, вясёлая, поўная творчага запалу і ініцыятывы, яна стала кумірам школьніц, якія з ахвотай запісваліся ў створаную ёй дзявочую скаўцкую дружыну імя Эміліі Плятэр. Апякала Ірэна і каманду зухаў, у якую ўваходзілі вучні малодшых класаў, і пазашкольную гарцэрскую каманду, а пазней – і першую ў Польшчы каманду былых гарцэрак, якія сталі дарослымі і абзавяліся сем’ямі. Са сваімі падапечнымі яна ладзіла скаўцкія злёты, паходы і экскурсіі. Разам са школьным хорам у сценах замка выступалі перад прэзідэнтам Польшчы Ігнаціем Масціцкім, калі той улетку 1930 года наведваў Віленскае ваяводства.

Саслалі ў Казахстан праз тое, што была жонкай былога польскага афіцэра

У верасні 1934 года Ірэна звязала сваё жыццё з калегам па школе Вінцэнтам Бандаровічам, які паходзіў з вёскі Галубы пад Валожынам. У маладой сям’і Бандаровічаў, якія жылі на вуліцы Зарэчнай, нарадзілася двое сыноў: спачатку Мар’ян, а праз некалькі год Зэнон. Маленькі Зэнюсь на дзясятым месяцы жыцця пакінуў гэты свет.

Вяселле Бандаровічаў. Фота з архіву Зінаіды Шыпкоўскай
Вяселле Бандаровічаў. Фота з архіву Зінаіды Ангельскай

Са смерцю сына ў жыцці Бандаровічаў пачынаецца чорная паласа. Неўзабаве грымнула Другая сусветная вайна. Прыйшлі Саветы. Вінцэнт, з’яўляючыся афіцэрам рэзерву, трапіў у савецкі палон і апынуўся ў лагеры для польскіх ваеннапалонных у Старабельску (горад у сучаснай Луганскай вобласці Украіны). Ірэну, як жонку польскага афіцэра, у сярэдзіне красавіка 1940 года прымусова перавезлі з Крэва ў Казахстан.

Пра нялёгкае жыццё ў гэтым далёкім краі наша выгнанніца распавяла пазней у сваіх успамінах, для назвы якіх узяла словы з адной польскай песні – “Gdzieś daleko stąd został rodzinny dom” (“Недзе далёка адсюль застаўся родны дом”). Першыя старонкі ўспамінаў прысвечаныя якраз моманту развітання з домам, з роднымі і суседзямі.

Рэчы ў дарогу збірала ўся вёска

“Другая гадзіна ночы. Жулік, вялікі сабака-воўк, на паўгады старэйшы за майго 4,5-гадовага сына Марыся, зацята брэша. Громкі стук у дзверы,” – успамінае Ірэна, з чаго ўсё пачалося.

На парозе хаты стаялі яе знаёмы цясляр Страшкевіч і савецкія салдаты. Каб выратаваць настаўніцу ад высылкі, цясляр замест яе прозвішча спытаў, ці жыве тут пані Савіньска. Ірэна была вельмі здзіўлена, бо ў мястэчку ўсе адзін з адным знаёмыя, і Страшкевіч выдатна ведаў, што прыйшоў менавіта да яе. Ірэна не памятала, што адказала, але ўсе трое пакінулі хату. Толькі перад выхадам цясляр шматзначна паглядзеў на яе. Праз дзве гадзіны Бандаровіч ізноў пачула стук у дзверы: прыйшла тая самая тройка, толькі на гэты раз з вуснаў Страшкевіча прагучала яе прозвішча. У гэты момант Ірэна ўсвядоміла, што ў яе быў час, каб збегчы, але тады яна не зразумела дзіўных паводзінаў свайго аднавяскоўца.

Энкавэдзісты на ламанай польскай мове запэўнівалі, што яе разам з сынам і бацькамі кліча да сябе муж. Ірэна настаяла на тым, каб маці і бацька засталіся ў Крэве, а ёй усё ж загадалі збіраць рэчы. Службісты правялі вобшук у двух пакоях: заглядвалі пад ложак, перабіралі кнігі. Ірэна прыгадвае, што ўсё выглядала так, нібы яны самі не ведаюць, што шукаюць.

Крэўскія гарцэркі на Крыўлянцы падчас экскурсіі па Крэву, 1939 год. У цэнтры ў белай кашулі - Анастасія Магер, маці паэта Уладзіміра Някляева. Фота з архіву Яўгеніі Марцішонак
Крэўскія гарцэркі на Крыўлянцы падчас экскурсіі па Крэву, 1939 год. У цэнтры ў белай кашулі – Анастасія Магер, маці паэта Уладзіміра Някляева. Фота з архіву Яўгеніі Марцішонак

“Апранаю сваю бялізну, бялізну мужа, сукенку, вопратку мужа, сваю куртку, куртку мужа, кажух і зверху яшчэ вялікую бурку з капюшонам. На гэта чапляю мяшок з ежай. Унізе заплечніка начнік з аднаго боку, а з іншага маленькая 1,5-літровая чыгунная каструлька, да гэтага яшчэ валіза ў руцэ, запоўненая бялізнай,” – у дэталях апісвае Ірэна свае зборы. – “На Марыся я апранула яго адзенне, плашч, на верх банжурку мужа, у руку – сумку з аптэчкай, а пад мышку – любімую ляльку Зоську.”

Нягледзячы на тое, што за ёй прыехалі на двух вазах, а салдаты былі добразычлівыя, і яна магла забраць усе рэчы, частку з іх Ірэна ўсё ж пакінула, бо ёй сказалі, што ўсё роўна адбяруць.

Ля дома Бандаровіч сабраліся местачкоўцы, якія развітваліся з ёй, не стрымліваючы слёзаў. У нейкі момант з суседняга падворку выскачыў брат Ірэны Леось з пісталетам, з якога хацеў стрэліць у вайскоўцаў. Памочніца настаўніцы своечасова выхапіла зброю з рук і не дала адбыцца трагедыі.

Дом на вуліцы Зарэчнай, дзе жылі Бандаровічы
Дом на вуліцы Зарэчнай, дзе жылі Бандаровічы

Перад тым, як накіравацца на чыгуначную станцыю ў Смаргонь, усіх ссыльных збіралі ля ўпраўлення гміны, дзе іх сустракаў палітрук.

“Вы шчаслівая, што едзеце да мужа!” – звярнуўся ён да Ірэны. “Мне і тут добра” – адказала яна з жалем. “Першы раз сустракаю жанчыну, якая не радуецца, што едзе да мужа! А ты?” – Звярнуўся палітрук да Марыся. “Я буду савецкім афіцэрам!” – Адказаў хлопчык. Засмучаная і задуменная Ірэна паглядзела на сваё дзіцё: гэта дакладна яе сын? Марысь кінуўся ёй на шыю і прашаптаў: “Гэта я толькі яму так сказаў”.

Падчас ад’езду Ірэны Бандаровіч крэўскі ксёндз Юзаф Маліноўскі загадаў біць у званы, каб звон суправаджаў сям’ю настаўніцы ў выгнанні. Калі Ірэну везлі вуліцамі Крэва, мясцовыя жыхары, у асноўным яўрэі, кідалі да яе ў воз лекі, печыва, розныя смачнасці.

У дарозе адпраўляла родным паштоўкі, каб тыя ведалі, куды яе вязуць

У дарозе настаўніца спрабавала размаўляць з салдатамі аб рэлігіі, але яны толькі слухалі і нічога не адказвалі. На чыгуначным вакзале ў Смаргоні выгнаннікаў пасадзілі ў халодныя таварныя вагоны. Ім не забаранялі выходзіць з цягніка, і можна было лёгка збегчы, але Ірэна верыла, што яе вязуць да мужа.

Як толькі цягнік крануўся, увесь састаў запеў патрыятычныя і рэлігійныя песні. У першыя дні, праязджаючы населенныя пункты, мясцовыя жыхары праводзілі іх з іконамі святых ды грамнічнымі свечкамі.

Чым далей ад’язджалі на ўсход, тым больш мяняліся карціны наваколля. “Від з нашага акна быў вельмі сумны: хаты без дахаў, вокны без шкла, дзіркі былі закладзеныя анучамі. Копы сена стаялі нібы без гаспадара, пры чыгуначнай каляіне час ад часу сустракаліся чалавечыя астанкі, разадраныя ваўкамі, – піша ў сваіх успамінах Бандаровіч.

Крэўская настаўніца ўзяла з сабой паштоўкі. Каб родныя зарыентаваліся, куды яе вязуць, яна падпісвала іх і на вялікіх станцыях перадавала на пошту. Як потым высветлілася, 9 з 10 дасланых пісьмаў сваякі атрымалі.

Адзінаццаць пакутлівых дзён ў дарозе – і яны апынуліся ў Казахстане.

Хрысціла нованароджаных, адпявала памерлых, спраўляла шлюбы

Невядома, што больш надавала сілаў Ірэне ў той нялёгкі перыяд яе жыцця: прыродная энергія і аптымізм, любоў да Бога і да Радзімы або надзея на хуткае вырашэнне ўсіх непаразуменняў і сустрэчу з мужам. Да самага апошняга дня свайго выгнання яна не ведала, што Вінцэнт Бандаровіч быў расстраляны яшчэ ў красавіку 1940 года, хутка пасля яе адпраўкі ў Казахстан.

Разам з іншымі ссыльнымі, сярод якіх было нямала землякоў, Ірэне давялося шмат і цяжка працаваць. Спачатку – у калгасе на палявых работах, потым – у конегадоўчым саўгасе і на будоўлі чыгункі Акмалінск – Карталы. Жылі ў сырых і змрочных бараках. Нязвыклыя да суровага клімату (зімой тут нярэдка было да 50° марозу), напаўгалодныя і знясіленыя цяжкай працай людзі часта хварэлі. Найбольш пакутавалі дзеці. Прычым лячыцца нават ад такіх цяжкіх хвароб, як тыф і шкарлятына, прыходзілася самастойна і падручнымі сродкамі.

Першы час былі вельмі дарэчы пасылкі і грашовыя пераводы з родных мясцін ад сваякоў і знаёмых. Пазней, калі наш край апынуўся пад нямецкай акупацыяй, пра гэту дапамогу не магло быць і гаворкі.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Ірэна Бандаровіч знаходзіла час на грамадскія і рэлігійныя справы. “Біскуп Казахстана” – такую жартаўлівую мянушку атрымала яна за тое, што ва ўмовах адсутнасці ксяндзоў на тых абшарах, часам брала на сябе выкананне некаторых святарскіх функцый і ладзіла сціплыя набажэнствы. Акрамя ўсяго іншага, Ірэна ўсклала на сябе ролю “мужа даверу”, каб ладзіць стасункі паміж палякамі-ссыльнымі і польскім прадстаўніцтвам у Казахстане ў вырашэнні нейкіх надзённых, а часам і больш глабальных праблем. І ўсё гэта таксама ў вольны ад цяжкай фізічнай працы час.

Ірэна Бандаровіч з вучаніцамі на прыродзе
Ірэна Бандаровіч з вучаніцамі на прыродзе. Фота з архіву Зінаіды Ангельскай

Дзякуючы педагагічнай адукацыі, у канцы вайны Ірэна Бандаровіч уладкавалася на працу ў польскі дзіцячы прытулак у Атбасары. Там яна заняла пасаду намесніка дырэктара. На яе плечы ляглі клопаты па набыцці мэблі для дзетдомаўскіх памяшканняў, прадуктаў харчавання і медыкаментаў для дзяцей. Не забывалася яна і пра гарцэрскі рух.

Вяртанне на радзіму

У маі 1946 года Ірэна з сынам перабраліся ў Польшчу. Пасяліліся ў Торуні, дзе да гэтага знайшлі прытулак яе маці і сёстры. Бацька памёр яшчэ ў Крэве.

Першы час Ірэна Бандаровіч працавала інструктарам у аддзеле асветы, затым кіравала школай для працоўных. Пазней вярнулася да настаўніцкай працы ў сярэдняй школе. Працуючы, знаходзіла час для самаўдасканалення: наведвала тэатральныя курсы, вучылася ў Інстытуце вышэйшай рэлігійнай культуры ў Любліне.

Ірэна Бандаровіч з сябрамі падчас візіту Яна Паўла ІІ у Гданьск, 1987 год

І зноў, як у маладосці, сваю працу і вучобу спалучала з грамадскай дзейнасцю: з галавой акунулася ў гарцэрскі рух, удзельнічала ў гэтак званым “Саюзе сібіракоў”, які аб’ядноўваў былых ссыльных, і ў руху “Салідарнасць”. Да самай смерці працягвала быць каталіцкай актывісткай.

Памерла Ірэна Бандаровіч 2 кастрычніка 2004 года ва ўзросце 95-ці год. У касцёле, да парафіі якога яна належала, усталявана мемарыяльная шыльда ў гонар гэтай няўрымслівай і актыўнай асобы, жыццё якой можа быць прыкладам аптымізму, веры, любові да бліжняга і да Радзімы.

Падтрымайце Kreva.Travel!