Крэўскі замак і яго родны брат на здымках вучняў Яна Булгака

3 снежня 2023
вуліца Замкавая ў Крэве
Як і сёння, у міжваенныя гады берагі рачулкі Радзівонкі былі аздобленыя камянямі

Краязнавец Кастусь Шыталь адшукаў у архівах Нацыянальнага музея ў Варшаве фотаальбом фатографаў Эдмунда і Баляславы Зданоўскіх з дагэтуль невядомымі здымкамі Крэўскага і Медніцкага замкаў ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя.

Зданоўскія былі вучнямі, а пазней і супрацоўнікамі фотамайстэрні славутага беларускага фотамастака Яна Булгака ў Вільні. Акрамя творчасці, аўтары таксама выкладалі фатаграфію. Над тэмамі творцы працавалі разам, таму свае здымкі падпісвалі як сумесную працу. У 1930-ыя і 1940-ыя гады яны шмат фатаграфавалі Вільню. У тыя ж часы сямейная пара наведала наш край і задакументавала замкі ў Медніках і Крэве, а таксама мячэць у Даўбучках.

Якім аўтары ўбачылі Крэўскі замак

Выявы самога замка, як ён выглядаў у тыя часы, нельга назваць новымі. Прынамсі, падобныя здымкі з міжваення можна сустрэць у таго ж Яна Булгака ці Альфонса Высоцкага. Працы Зданоўскіх найперш цікавыя тым, што даюць уяўленне пра навакольную забудову Крэва: на фатаграфіях можна пабачыць Замкавую вуліцу, пляцоўку, дзе ладзіліся славутыя крэўскія кірмашы, а таксама цэнтр мястэчка з яго дамінантай – буйнейшым драўляным касцёлам у Заходняй Беларусі, які перабудавалі ў бальніцу.

Крэўскі і Медніцкі замкі
Замкавы дзядзінец з вежамі касцёла на заднім плане
Касцёл у Крэве
Фрагмент Княскай вежы і габрэйскі цэнтр Крэва
Крэўскі замак
На гэтай пляцоўцы ладзіліся кірмашы
вуліца Замкавая ў Крэве
Местачкоўцы ідуць па Замкавай вуліцы
Крэўскі і Медніцкі замкі
Від на замак з боку сучаснай вуліцы Ашмянскай
Крэўскі замак
Паўночны мур Крэўскага замка і царква святога Аляксандр Неўскага
Крэўскі замак
Замкавы дзядзінец з вышыні Княскай вежы

Замак у літоўскіх Медніках

У Медніках фатографы Зданоўскія таксама засяродзіліся на помніку ў кантэксце наваколля. Аўтарам атрымалася перадаць спакой і няспешнасць жыцця ў мястэчку, якое некалі было сведкам драматычных падзеяў.

Медніцкі замак
Як і ў Крэве, у паўночна-ўсходнім куце Медніцкага замка мелася галоўная вежа-данжон. Яе вышыня дасягала 30 метраў, і яна выступала за лінію муроў замка.
Крэўскі і Медніцкі замкі
Медніцкі мур, які можна лёгка прыняць за сцяну Крэўскага замка
Крэўскі і Медніцкі замкі
Крэўскі і Медніцкі замкі
Крэўскі і Медніцкі замкі

Чаму Крэўскі і Медніцкі замкі лічаць братамі

У XIX стагоддзі Уладзіслаў Сыракомля і Чэслаў Янкоўскі запісалі легенду, якая жыла ў нашым мястэчку ў тыя часы. Паводле яе, Крэўскі і Медніцкі замкі будаваліся адначасова. I ўзводзілі іх не звычайныя муляры, а магутныя волаты. Яны адначасова працавалі ў Крэве і Медніках і пазычалі адзін аднаму малаток, перакідваючы яго ў паветры праз чатыры мілі.

Час будаўніцтва абодвух замкаў сапраўды супадае, і ў сваёй архітэктуры яны маюць шмат агульнага. Да ўсяго ж, у іх адзін “бацька” – Меднікі, гэтаксама як і Крэва, належалі да ўладанняў Альгерда. Адметна, што ўсходняя вежа Медніцкага замка, у кірунку да Крэва, мела назву Крэўскай. І адзін, і другі замак напаткаў падобны лёс. Напрыклад, у 1402 годзе Свідрыгайла навёў на Меднікі нямецкіх саюзнікаў. У той год, праўдападобна, былі спалены драўляныя ўмацаванні замка ды вакольны горад. Гэты ж князь адзначыўся і ў Крэўскім замку, які ён спаліў падчас штурму ў 1433 годзе. Як і Крэўскі, Медніцкі замак панёс значныя страты ў гады Першай сусветнай вайны – значная частка заходняга муру была разабрана нямецкімі войскамі ў мэтах здабычы бутавага камню для будаўніцтва дарогі на Мінск.

Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу скарыстаны тэкст Алега Дзярновіча “Медніцкі замак як выклік беларускім рэстаўратарам“.

Падтрымайце Kreva.Travel!