Ад прадзедаў пасля вайны нам засталася спадчына. Да чаго прыводзілі выбухі снарадаў у мірны час

16 мая 2022
выбухі снарадаў у мірны час
Здымак вайсковага лекара Аляксандра Зусмановіча, які служыў на фронце ў ваколіцах Крэва

Першая сусветная вайна, якая прайшлася па нашым краі крывава-вогненным ураганам, а пасля і Другая сусветная пакінулі пасля сябе на крэўскім полі бою сотні снарадаў, якія ўзрываліся толькі праз дзесяцігоддзі пасля падпісання мірных дамоваў.

Часам гэта адбывалася пад кантролем сапёрных брыгад, а часта і здаралася, калі мінулыя войны “стралялі” праз неасцярожнасць мясцовых жыхароў, якім траплялілся такія знаходкі.

Разбіралі боепрыпас, каб зарабіць грошай

“Наступствы дурасці” – так называецца кароткае паведамленне ў віленскай газеце “Nasz pszyjaciel”, якая выйшла 18 жніўня 1929 года. У ёй расказваецца пра трагічнае здарэнне, якое адбылося ў Крэве з местачковымі падлеткамі Антонам Былінскім, Янам Басюкевічам і маім будучым бацькам Мікалаем Камінскім. Пасучы кароў, гэтыя хлопцы знайшлі ў полі снарад і паклалі яго ў вогнішча. Прагрымеў выбух, які моцна параніў Былінскага і разарваў Басюкевіча. Хлопцаў даставілі ў крэўскі шпіталь. Выратаваць Яна не ўдалося. Ён памёр, не прыйшоўшы ў прытомнасць.

выбухі снарадаў у мірны час
Вайсковец побач са снарадам на крэўскіх пазіцыях у ліпені 1917 года

Мой бацька, якому ў той час было 13 год, пазней не любіў згадваць пра гэтае здарэнне. Падрабязнасці аб трагічным выпадку ўдалося даведацца ад сваякоў Антона Былінскага, якія жылі па суседству. 

Знайшоўшы снарад, хлапчукі вырашылі яго разабраць, каб здабыць алавяныя дранкулькі, якімі ён быў начынены. За іх потым можна было б атрымаць невялікія грошы. Каб снарад хутчэй паддаўся разборцы, вырашылі яго нагрэць на вогнішчы ў адным з бліндажоў.

За разборку ўзяўся Антон. Астатнія двое вырашылі не рызыкаваць. Мікалай, не здолеўшы адгаварыць сяброў ад небяспечнай задумкі, наогул пакінуў бліндаж. Ян застаўся, але адышоў бліжэй да выхаду. У выніку выбуху менавіта ён і загінуў, а Антон застаўся без пальцаў на руцэ. Бацька мой хоць і не пацярпеў, але яго, відаць, як найчасцей бывае ў такіх выпадках, усё жыццё грызла сумленне.

Дом узляцеў у паветра

Хутчэй за ўсё, зарабіць на разборцы боепрыпасаў меў намер яшчэ адзін з жыхароў крэўскіх ваколіцаў. “Gazeta Lwowska” ў сваім нумары за 6 кастрычніка 1926 года змясціла невялікі матэрыял пад загалоўкам “Загадкавы выбух”. У ім паведамлялася, што ў вёсцы Кубаліны Крэўскай гміны Ашмянскага павета ў доме селяніна Янкоўскага адбыўся страшэнны выбух.

Ён быў такой магутнай сілы, што ўвесь дом узляцеў у паветра. На шчасце, гаспадар не загінуў, абыйшоўшыся толькі лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Прычынай няшчасця паслужыла вялікая колькасць выбуховых прыстасаванняў, якія Янкоўскі захоўваў дома. Як паведамляе газета, у сувязі са здарэннем было распачата следства.

Снарад у купальскім вогнішчы

выбухі снарадаў у мірны час
Следчыя працуюць на месцы здарэння. Фота: Сяргей Гапон

Прасторны бліндаж ва ўрочышчы Катлоўка на ўскрайку мястэчка заўжды быў любімым месцам адпачынку крэўскай моладзі: тут можна было схавацца ад дажджу, а вялікая квадратная адтуліна ў столі дазваляла нават распальваць вогнішча ўнутры гэтай бетоннай пабудовы.

У ноч з 6 на 7 ліпеня 2010 года, каб адсвяткаваць Купалле, сюды прыйшла група з адзінаццаці хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў. На дзіва, тут ужо былі складзеныя пад вогнішча дровы.

Моладзь падпаліла іх, сядзелі, размаўлялі. І літаральна праз некалькі хвілін прагрымеў моцны выбух, бліндаж напоўніўся дымам. З крыкамі і слязьмі ўсе кінуліся прэч. На вуліцы заўважылі, што двое хлопцаў засталіся ўнутры. Старэйшы з кампаніі не разгубіўся і кінуўся назад, каб прыйсці на дапамогу сябрам.

Адзін з хлопцаў, Дзмітрый, хоць быў моцна паранены, але знаходзіўся пры памяці. 17-гадовы Павел Яблонскі страціў прытомнасць. Спрабавалі аказаць яму першую дапамогу, толькі ўсё дарэмна. Выкліканыя са Смаргоні лекары хуткай дапамогі канстатавалі смерць.

Пазней следства высветліла, што напярэдадні двое іншых маладых людзей знайшлі ля крэўскіх могілкаў снарад часоў Другой сусветнай вайны і прынеслі яго ў бліндаж, каб узарваць. Сабралі дроў, абклалі імі небяспечны прадмет і паспрабавалі падпаліць. Агонь крыху разгарэўся, але патух. Распальваць яго нанава хлопцы не асмеліліся. Яны пакінулі бліндаж, нават не прыбраўшы з-пад дроў снарад.

Пра што яшчэ памятаюць газеты і мясцовыя

У выданні “Dziennik Wileński” за 1 мая 1932 года даецца кароткае паведамленне пра Пятра Ляшчэўскага, парабка маёнтка Тэнчына Крэўскай гміны, які “знайшоў у полі артылерыйскі снарад, прынёс яго дадому і пачаў разбіраць. Падчас разборкі адбыўся страшэнны выбух. Аскепкі снарада разарвалі Ляшчэўскага на кавалкі”.

Колішні вучань крэўскай школы Вікенцій Сергіевіч прыгадаў выпадак з 1970-ых гадоў, калі ў выніку рызыкоўнай “забавы” са снарадам хлапчук Целяжэвіч з вёскі Папелевічы назаўжды страціў зрок. Сваё дарослае жыццё ён правёў у Мінску, дзе працаваў на адным з прадпрыемстваў Таварыства інвалідаў па зроку.

Падтрымайце Kreva.Travel!