Культурны хаб на лініі фронту: палявы тэатр, кіно і казіно пад Крэвам у гады Першай сусветнай вайны

8 мая 2026
штаб 75-га пяхотнага палка ландвера
Выступ вайсковага аркестра. Здымак з кнігі 75-га пяхотнага палка ландвера з калекцыі Уладзіміра Багданава

Падчас Першай сусветнай вайны вёска Бабры за 10 кіламетраў на поўдзень ад Крэва была базай для нямецкага 75-га пяхотнага палка ландвера. У самой вёсцы і ваколіцах для падтрымкі баявога духу салдаты і афіцэры здолелі стварыць унікальную інфраструктуру для адпачынку: ад раскошнага казіно да палявога тэатра, на сцэне якога ставіліся творы будучых галівудскіх зорак.

Якім было казіно

У лясным масіве каля Баброў было пабудавана афіцэрскае казіно. Вайскоўцы іранічна называлі яго “люкс-будынкам” праз незвычайны для фронту камфорт.

Дэкарыраваннем займаўся прафесіянал – унтэр-афіцэр Эберт, які ў мірным жыцці быў загадчыкам рэквізіту ў гамбургскім тэатры “Талія”. Унутры былі выкарыстаны элементы, прывезеныя з разбураных сядзіб (напрыклад, мэбля з бярозы і ельніку). Галоўная зала была ўпрыгожана карцінамі, партрэтамі кайзера і военачальнікаў, а таксама памятнай дошкай з пералікам баёў палка. Асаблівую ўтульнасць стваралі арыгінальныя свяцільні, зробленыя з колаў ад старых калаўротаў, і аздабленне вокнаў з густам падабранымі фіранкамі.

штаб 75-га пяхотнага палка ландвера
Вайскоўцы насупраць будынка казіно. Здымак з кнігі 75-га пяхотнага палка ландвера з калекцыі Уладзіміра Багданава

Для аматараў шахмат і карт у казіно быў адмысловы гульнявы пакой, абсталяваны крэсламі з разьбянымі спінкамі, узоры якіх адлюстроўвалі картачныя масці. Вялікая зала, якая атрымала назву “Ганзейскі пакой”, выкарыстоўвалася як сталовая.

Казіно не толькі служыла месцам для адпачынку і афіцыйных сустрэч, як, напрыклад, візіт бурмістра Гамбурга ў 1917 годзе, але і мела дабрачынную функцыю: прыбытак ад спецыяльнай афіцэрскай крамы пры казіно накіроўваўся ў фонд дапамогі ўдовам і сіротам палка.

Кіно і аперэта будучага намінанта на “Оскар” на сцэне вандроўнага тэатру

Вольным ад дзяжурстваў салдатам дазвалялася наведваць кінапаказы, якія ладзіліся ў вялікім драўляным будынку для вучэнняў. Аднак дасведчаныя франтавікі часта ставіліся да іх з іроніяй і крытыкай: ім не падабаліся нерэалістычныя ваенныя сцэны, відавочна пастаўленыя людзьмі без баявога досведу, або фільмы, дзе галоўная зорка нямецкага кіно Хэні Партэн з’яўлялася ў ролі спакуслівай Цырцэі, апранутай у сціплую форму медсястры.

штаб 75-га пяхотнага палка ландвера
Над уваходам у тэатр вісела вялікая шыльда з назвай і выявамі класічных тэатральных масак камедыі і трагедыі. Здымак з кнігі 75-га пяхотнага палка ландвера з калекцыі Уладзіміра Багданава

Значна большы поспех і шчырую любоў салдат мелі жывыя выступы. Тут з аншлагамі праходзілі гумарыстычныя забаўляльныя вечары вядомага майстра мастацкага чытання Марцэля Зальцэра і пастаноўкі прафесійнай вандроўнай тэатральнай трупы, у склад якой уваходзілі і акцёры жанчыны, што было рэдкай з’явай для франтавых пазіцый.

Як вядома з захаваных фотапаштовак, у гэтым палявым тэатры 2 і 3 жніўня 1917 года ставілі аперэту “Das Glücksmädel” (Шчаслівая дзяўчына). Музыку да аперэты напісаў выбітны аўстрыйскі кампазітар Роберт Штольц.

тэатр на лініі фронта
Паказ спектакля “Das Glücksmädel” у жніўні 1917 года. Здымак з калекцыі Сяргея Гапона
штаб 75-га пяхотнага палка ландвера
Салдаты наведваюць тэатр у жніўні 1917 года. Здымак з калекцыі Сяргея Гапона

У гады Першай сусветнай вайны аўтар служыў у аўстрыйскай імператарскай арміі. Пасля акупацыі Аўстрыі нацысцкай Германіяй Штольц эміграваў у ЗША, дзе працягнуў сваю кар’еру ў Галівудзе. Там кампазітар двойчы намінаваўся на прэмію “Оскар”: у 1941 годзе за музыку да фільма “Spring Parade” (Вясновы парад) і ў 1944 годзе за фільм рэжысёра Рэнэ Клера “It Happened Tomorrow” (Гэта адбылося заўтра).

Як яшчэ забаўляліся салдаты

Кожную нядзелю пасля абеду пад гукі палкавога аркестра праводзіліся футбольныя спаборніцтвы, якія збіралі вялікую колькасць гледачоў з суседніх раёнаў. З палкавога дзённіка вядома, што каля казіно планавалася абсталяваць тэнісны корт, аднак няма інфармацыі, ці паспелі рэалізаваць гэты праект.

штаб 75-га пяхотнага палка ландвера
Футбольная каманда. Здымак з кнігі 75-га пяхотнага палка ландвера з калекцыі Уладзіміра Багданава

Узімку салдаты каталіся на санках альбо проста слізгалі па лёдзе. Для афіцэраў ладзіліся традыцыйныя паляванні, а малодшыя афіцэры праходзілі курсы верхавой язды. Некаторыя салдаты займаліся вырабам сувеніраў з рэшткаў снарадаў ці іншага ваеннага лому, ствараючы попельніцы, адкрывалкі для лістоў і іншыя дэкаратыўныя рэчы.

Сапраўдным захапленнем салдат стала добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол сваіх зямлянак і штабоў. Яны разбівалі кветнікі, агароды і нават сады. Любоў да садоўніцтва даходзіла нават да саміх акопаў на перадавой, дзе салдаты стваралі невялікія “альпійскія горкі”. У раёне сядзібнага парку быў абсталяваны Салдацкі дом. Тут франтавікі маглі адпачыць ад сырых зямлянак і пачытаць кнігі з бібліятэкі.

Сярод вайскоўцаў было папулярным развядзенне трусоў, што таксама дапамагала разнастаіць харчаванне.