Паўночнае ззянне расфарбавала крэўскі небасхіл

11 мая 2024
паўночнае ззянне над Крэвам
Агні паўночнага ззяння над Крэвам. Фота: Іван Крэсла

У ноч з 10 на 11 мая жыхары Крэва мелі ўнікальны шанец назіраць палярнае ззянне – прыродную з’яву, якая характэрная для паўночных рэгіёнаў нашай планеты.

Беларускі астрафатограф Віктар Малышчыц адзначае, што магнітная бура мінулай ноччу можа стаць самай магутнай за гэтае стагоддзе.

– Гіганцкія сонечныя плямы скіравалі выкід плазмы роўна ў бок Зямлі – у выніку палярныя ззянні назіралі нават на поўначы Афрыкі! Хто мог бачыць гэта ўдалечыні ад гарадоў, атрымаў сапраўднае нябеснае шоу: часам на вуліцы можна было спакойна арыентавацца без ліхтарыка, а вока выразна бачыла колеры свячэння, чаго звычайна ў нашых краях не бывае. Слупы, завесы і кароны назіраліся не толькі на поўначы неба, але па ўсім небасхіле – нават на поўдні! – не хавае свайго захаплення суразмоўца.

Жыхар Крэва Іван Крэсла назіраў з’яву разам з сябрамі і падзяліўся з намі здымкамі, якія яны зрабілі з падворку сваёй хаты.

паўночнае ззянне над Крэвам
паўночнае ззянне над Крэвам
паўночнае ззянне над Крэвам

Магнітная бура ўсё яшчэ не спыняецца, і ў бліжэйшую ноч феерверк можа паўтарыцца. Сачыць за прагнозам можна праз адмысловую аплікацыю на тэлефоне My Aurora Forecast & Alerts.

Падтрымайце Kreva.Travel!