Чым у Крэве “частуюць” дакучлівых дзяцей і як адсылаюць залішне цікаўных

3 студзеня 2023
дыялагічныя фразеалагізмы
Здымак з сямейнага архіву Валянціны Заянчкоўскай

У Крэве і ваколіцах бытуе процьма слоў і выразаў, якімі даходліва і эмацыйна адсылаюць каго-небудзь куды падалей, калі той дакучае непатрэбнымі, несвоечасовымі або недарэчнымі пытаннямі, просьбамі ці меркаваннямі.

Для абазначэння такіх выразаў у пары-тройцы навуковых прац сустракаюцца тэрміны ідыёмы ў адказ ці дыялагічныя фразеалагізмы. Аднак яны палохаюць сваёй штучнасцю і мала перадаюць сутнасць з’явы, таму дазволю сабе для падобных узораў крэўскага фальклору ўвесці ва ўжытак назву адпавяданкі. Адпавесці – мясцовы аналаг дзеяслова адказаць, яўны паланізм. Даць адповядзь азначае ў нас не толькі даць адказ, але і паставіць каго-небудзь на месца, адчытаць, адпомсціць.

Найчасцей адпавяданкі ўжываюцца сярод блізкіх і добра знаёмых, таму яны могуць быць прыпраўленымі не зусім далікатнымі для чужога вуха слоўцамі. У сваім жа асяродку тыя словы ніхто нават і не задумваецца замяняць нейкімі эўфемізмамі. Наадварот, грубаватая натуралістычнасць, як тут лічыцца, надае выказванням больш гумару. Што ж, і мы не будзем “выкідваць слоў з песні”.

Рэакцыя на дакучлівыя просьбы і жаданні

Калі мы ў дзяцінстве пачыналі даймаць маці, якая завіхалася ля печы, вечным А што будзем сёння есці?, тая незадаволена адказвала Мігдалы! Гэта значыла Чаго вы чэпіцеся з дурнымі пытаннямі? Што, свята якое, каб выядаць усялякія прысмакі? Маглі і не пытацца – усё будзе як кожны дзень: бліны, мачанка… Аднак і яе кароткага адказу было дастаткова, каб мы гэта зразумелі і адчапіліся.

Замест нейкіх недасяжных мігдалаў яна часам абяцала не менш экзатычныя яглы, толькі сэнс адказу ад гэтага не мяняўся. Пры настроі магла прапанаваць раўназначны вар голы, ведаючы, што мы нязменна пачуем у яе адказе нейкія варголы. А гэта ў нашым разуменні было яшчэ адной фантастычнай стравай.

Хачу есьці! – Есьці – ня ср*ць, можна пачакаць!
Хачу есьці! – Адкуль прыйшлі звесьці?
Хачу малака! – Падаі быка!
Хачу дахаты! – Там дзед брухаты, як перня – назад верня!
Хачу вады! – Тры пядзі ад барады! Нагніся і напіся!
Хачу піць! – Пад гарой кабыла сц*ць!
Хачу спаць! – На тым сьвеця высьпісься!
Дай грошы! – Грошы пайшлі па раскошы!
Дай хлеба! – Падскоч да неба. Там анёлачкі ядуць, можа і табе дадуць
Дай піва! – Ад піва будзіш сц*ць крыва!
Дай квасу! – Німа часу!

Дай мне! – Нос у гаўне! Падатры – дам тры. Калі субяседнік па інерцыі падцірае нос, то працягваюць з яго здзекавацца Ні трэбала падціраць – даў бы пяць.
Пакажы! – У казы!
От, каб…! – Кап-кап – і лужына была б!
Скарэй! – Скарэў – дык памыйся!

Калі дзеці дакучалі дарослым з просьбамі зрабіць што-небудзь, услужыць (да прыкладу, прынесці вады), а тыя не маглі ці не хацелі гэтага рабіць, то дзяцей саромілі словамі Служка-служка! Выляці з-пад лужка, прынясі яму вады! Хутчэй за ўсё, польскае łóźko ўжывалася тут замест звыклага для нашай мясцовасці слова ложка (ложак) толькі дзеля рыфмы.

Адказы на дакучлівыя або недарэчныя пытанні

Што рабіць? – Пярдзець і лавіць, у полачкі вязаць і нікому ні казаць!
Што рабіць? – Наср*ць і да сьцяны прыбіць!
Што рабіць? – Сядзь у кашы і ср*ку пачашы!
Што рабіў? – Ср*ку цярабіў!
Дзе дзелася? – У куце зьвярцелася!
Дзе? – У ср*цца ў куце!
Дзе? – На барадзе!
Дзе? – У казы пад хвастом, зарасло хварастом!

Дзе? – У сучкі (у Руткі) пад хвастом!

З апошняй адпавяданкай звязана цэлая гісторыя. Магчыма, там хаваецца разгадка этымалогіі яе варыянта пра Рутку. Быццам было гэта падчас чарговай кампаніі змагання з самагонаварэннем. У адну хату зайшоў участковы: “Паступіла інфармацыя, што вы гналі самагонку. Здавайце добраахвотна, каб потым было менш праблем.” “Пра што вы кажаце? – запярэчыў гаспадар. – Якая самагонка?” Міліцыянеру давялося праводзіць вобшук. Абгледзеў усе закуточкі. Зазірнуў і пад стол, дзе гуляў маленькі сын, а ў куце на нейкіх лахманах ляжала сучка, якую клікалі Руткай. Падумаўшы, што ў някемлівага малога можа выведаць бацькоўскі сакрэт, міліцыянер лагодна запытаў: “Хлопчык, а дзе бацька хавае самагонку?” Той абыякава кіўнуў на сучку: “У Руткі пад хвастом!” Міліцыянер быў абражаны словамі малога, быццам той паслаў яго куды падалей. Нічога не знайшоўшы, ён сыйшоў, а бацькі кінуліся абдымаць малога. Сам пра тое не думаючы, хлопчык адначасова і праўду сказаў, і бацькоў выратаваў: самагонка сапраўды была схавана пад лахманамі, на якіх ляжала Рутка.

дыялагічныя фразеалагізмы
Здымак з сямейнага архіву Станіславы Давідовіч

Працягнем наш спіс.

Калі? – А калі валы балі!
Калі? – А калі Кучкі былі!
Тут маюцца на ўвазе жыдоўскія Кучкі – перыяд з халодным надвор’ем перад Вялікаднем.

Калі?Тады, як лом зацьвіце
Калі? – На сьвятыя Нігды! У дадзеным выпадку пад выглядам нейкага неіснуючага свята пададзена польскае слова nigdy, якое як і сам фразеалагізм азначае ніколі.
Куды? – У прочкі!
Куды – У м*ды!
Куды? – Ср*ць на правады!

На пытанне Ты куды зьбіраешся (ідзеш)? у нас часам можна пачуць і адказ У Баргалішкі на фэст! Этымалогія тут простая: Баргалішкі – драбнюсенькая вёска, былы фальварак, і ніякага там фэсту ніхто ніколі не ладзіць. І калі чалавек так адказвае, то дае суразмоўцу зразумець, каб той адчапіўся.

Ідзём далей.

Каму? – Сівому каню!
Каго? – Таго!
Што такоя? – Гаўно мяккоя!
А колька табе гадоў? – А колька ў Крэвя жыдоў!
Як цябе зваць? – Зваць – Разарваць, а фамілія – Лопнуць
Што чуваць? – Порткі парваліся, яйцы відаць!
Што сніў? – Сьніў, што ср*ку не закрыў
А што скажаць людзі? – А ср*ць ім на грудзі!
Чым? – Чымчыкам!

Што там напісана? – Напісана: кабыла лысая, жарабё рабоя, зьеў воўк абоя 

Калі вы трапляеце на неспадзяванае застолле і пытаецеся Што за сьвята?, у адказ можна пачуць Сьвята – ўср*ўся тата!

Дзіцё маці-адзіночкі на здзеклівае пытанне А дзе твой бацька? магло дзёрзка адказаць Пайшоў сабакам сена касіць! Аматары рыфмы дадаюць да свайго адказу Накасіў стог – і сам здох.

На пытанне Хто? могуць адказаць Тоцкі, што паеў клёцкі! У адказе часта абмяжоўваюцца словам Тоцкі! Што за асоба мелася на ўвазе – высветліць не ўдалося. Магчыма, гэта толькі гульня слоў, калі апошнімі літарамі пытання пачынаецца адказ.

Рэакцыя на непраўдзівыя, сумнеўныя ці непажаданыя заявы

Я ведаю! – Што ты ведаеш? Курыную сюсю, ды тую ні ўсю!
Я дужы. – Дужы – цягаў гаўно з лужы!
Я паеду! – У ср*ку дзеду!
Я паеду ў Маскву! – Голай ср*кай па пяску!
Ён багаты. – Багаты? Поўная ср*ка шарсьці, і тая будзя расьці!
Ён купя
(купіць). – Купя – аж хвост залупя!
Ён харошы! – Як люлька за тры грошы!
Ён разумны! – Разумны, як сабака да года!
Яна красівая! – Красівая, як кабыла сівая!
Мне зімна! – Гаўняк і на Пятра мерзьня!
Мне пашэнціла! – Як жыду з гары!
Ні хачу! – Ні хочыш – ні трэба! Захочыш – ні будзя!
Ні хачу! – Пацалуй смаркачу!
Жывот баліць. – Трэба ў ср*ку вады наліць!
Я ні меў часу. – А што ты часаў? 

Жартоўныя адказы на словы ветлівасці

Калі хто звяртаецца да старэйшых па-панібрацку Здароў!, то яму адказваюць Пасі кароў! Згодна этыкету, пры ўваходзе ў памяшканне трэба зняць шапку. Калі пра гэта забываюць, то на вітанне Добры дзень! могуць атрымаць адказ Шапку зьдзень!

Вось яшчэ некалькі ўзораў “этыкету па-крэўску”:
Добры вечар! – Карміць нечым!
Добры вечар! – Добра біў, добра енчыў!
Алё! – Здохла цялё!
Памагай Бог! – Бог казаў, каб сам памог!

Як маісься? (як справы?) – Так-сяк-наўскасяк! або С*ры-бяры – ні разьбяры!. Могуць адказаць і выразам От, цягаюся патрохі!

Дзякуй! – “Дзякуй” ні булькая! Гэта – намёк на тое, што матэрыяльная кампенсацыя за нешта была б больш дарэчы, чым проста падзяка словам. Яшчэ кажуць: ”Дзякуй” у кішаню ні пакладзеш і ў чарку ні нальеш!

Перадражніванні

Пад гэтую катэгорыю таксама могуць падпадаць многія іншыя з вышэй пералічаных адпавяданак. Усё залежыць ад сітуацыі.

Ну! – Дугу гну! ці Баранкі гну!
Га? – Качарга!
Што? – Вушы нашто!
Што? – Што-што? Глухіх павезьлі!

Што? – Дзьвесьця! Тут назіраецца гульня слоў, нібы пытальнае што ўспрынялі як лічэбнік сто.
Так! (загадны выклічнік) – Ні так, а за грошы!

Напрыканцы заўважу, што мною прадстаўлены далёка не ўсе адпавяданкі нашай мясцовасці. Іх нашмат больш, а час ад часу нараджаюцца новыя. Калі ж чытач запярэчыць, што многае з прыведзенага можна сустрэць не толькі ў Крэве і яго ваколіцах, на гэта я адкажу чарговай, ужо аўтарскай, адпавяданкай: нічога дзіўнага, крэўскіх людзей ёсць па ўсім свеце!

Спадабаўся тэкст? Мы працуем над новымі гісторыямі для вас! Падтрымайце аўтара і каманду Kreva.Travel з дапамогай сервісу PayPal. Гэта бяспечна і проста!