Як пісьменнікі і паэты “забіваюць” Кейстута і “выратоўваюць” Вітаўта. Крэўскія падзеі 1382 года ў літаратуры

14 жніўня 2022
забойства Кейстута і ўцёкі Вітаўта
Князь Кейстут. Фрагмент карціны Леапольда Байера, першая палова ХІХ стагоддзя

Ці не найбольш папулярным сярод літаратараў, якія спрабавалі асвятляць справы далёкай мінуўшчыну нашага краю, з’яўляецца насычаны падзеямі перыяд першай паловы 1380-ых гадоў. Тут і забойства Кейстута ў Крэўскім замку, і ўцёкі адтуль з палону яго сына Вітаўта, і падпісанне славутай Крэўскай уніі.

І ў гэтым няма нічога дзіўнага: усё таямнічае і напоўненае драматызмам прыцягвае ўвагу і аўтараў, і чытачоў.

За трагедыяй у замку назіраў салдат напалеонаўскага войска

У 1844 годзе была апублікавана містычная аповесць Ігнація Ходзькі “Duch opiekuńczy” (“Анёл-абаронца”). Гэты твор рэдка перавыдаваўся і, здаецца, зусім не перакладаўся з польскай.

Герой аповесці пад іменем Палкоўнік, паблукаўшы па свеце за сваім кумірам Напалеонам і атрымаўшы ў адным з баёў раненне, вяртаецца ў свой радавы маёнтак пад Вільняй. Там ён сумуе, і розум яго час ад часу напаўняюць думкі аб сэнсе жыцця. Мясцовы ксёндз імкнецца скіраваць іх да Бога, веру ў якога наш герой амаль цалкам растраціў падчас сваіх блуканняў. Па настойліваму запрашэнню святара ён прыняў ўдзел у набажэнстве. А вечарам таго ж дня нібы ў жарт пачаў выклікаць на размову душы памерлых. Гэты занятак перарваў нейкі незнаёмец. Палкоўнік прыняў яго за вандроўніка, які цікавіцца помнікамі даўніны. Зайшла гутарка пра старадаўнія замкі, і незнаёмец прапанаваў нашаму герою адправіцца ў Крэва. Не паспеў Палкоўнік сказаць і слова, як вандроўнік узмахнуў перад яго вачыма рукой, бліснула маланка і… гэтыя двое апынуліся ля развалін Крэўскага замка.

У начным змроку яны заўважылі постаці чатырох асоб. Тыя пералезлі па драбіне цераз замкавы мур і накіраваліся да турмы, дзе калісьці трымалі палоннага князя Кейстута. “Гэта – душы забойцаў Кейстута, – прашаптаў спадарожнік Палкоўніка. – Штоночы ў час, калі гэта злачынства было ўчынена, яны вымушаны прыбываць сюды, каб паўтарыць сваю чорную справу”. Нябачныя для прывідаў, нашы героі сталі сведкамі іх размоў і дзеянняў, у якіх чытач пазнае пераказ звестак са старых хронік.

У аповесці душы забойцаў спрачаюцца, хто павінен ажыццявіць тое, што задумаў ці то Ягайла, ці то яго сястра Марыя, а можа немцы-крыжакі. Адзін з іх, дарэчы, уваходзіў у хеўру зламыснікаў. І хоць спадарожнік Палкоўніка ўвесь час нашэптвае крыжаку на вуха словы пятай Божай запаведзі “Не забі!”, злачынцы непахісна рухаюцца да сваёй мэты. У рэшце рэшт, забойства князя ўчыняецца, а нашы героі, не маючы магчымасці ўмяшацца ў хаду падзей, вяртаюцца пад раніцу на сваё ранейшае месца. І толькі там мы даведваемся, што невядомым госцем Палкоўніка быў яго анёл-абаронца, які прыняў чалавечае аблічча, каб дапамагчы герою вярнуць веру ў Бога.

Прыдуманы персанаж на старонках навуковай працы

Крыху раней за Ходзьку да падзей у Крэўскім замку звярнуўся Тэадор Нарбут у аповесці “Лука Пятровіч”. Яна пабачыла свет у 1830 годзе. Хоць і заснаваны гэты твор, як піша пра тое аўтар, на нейкім старажытным рукапісе, мастацкая выдумка там яўна пераважае над дакументальнасцю. Персанажаў аповесці Нарбут увёў у якасці рэальных асоб і ў сваю навуковую працу “Гісторыя літоўскага народа”. Там, як і ў аповесці, прысутнічаюць Кейстутаў верны слуга Рыгор Амуліч і яго жонка Алена. Баронячы Кейстута ад забойцаў, Рыгор таксама гіне. Алена, помсцячы за мужа, крыху пазней дапамагае ўратавацца Вітаўту, аддаўшы яму сваю вопратку і застаўшыся замест яго на месцы зняволення.

Нягледзячы на тое, што ў старажытных летапісах і хроніках звесткі пра Рыгора Амуліча і Алену адсутнічаюць, многія папулярызатары нашай даўніны да гэтага часу таксама падаюць прыдуманых Нарбутам персанажаў як рэальных. Фігуруюць яны і ў некаторых пазнейшых мастацкіх творах іншых аўтараў.

Вітаўт “выратоўваецца” ад пагібелі ў кнізе пра смерць Янкі Купалы

Героі кніг Уладзіміра Някляева часта паходзяць з Крэва ці наведваюць мястэчка як госці. Фота: Сяргей Гапон

Не абышоў бокам той далёкі перыяд крэўскай гісторыі і наш славуты зямляк Уладзімір Някляеў. На старонках свайго рамана “Гэй Бэн Гіном” ён шукае разгадку таямнічай смерці Янкі Купалы. Адзін з галоўных герояў кнігі – Віктар Маргер – як і сам аўтар таксама паходзіць з Крэва, таксама паэт. І ўвогуле шмат у чым паўтарае шлях Някляева. Неяк седзячы на Юравай гары, ён даводзіў сваёй каханай жанчыне Ганне, што падзеі, якія адбываліся ў нашым краі – не менш драматычныя, чым сюжэт шэкспіраўскай трагедыі “Кароль Лір”. Па дарозе з гары да замка герой Някляева шкадуе, што сотні год таму Ягайла падпісаў унію з Польшчай і тым самым абмяняў сваю зямлю на пасаду караля. “Гэтая зямля – я, і я – гэтая зямля (…) Калі яе прадалі, дык прадалі і мяне. І ў яе, і ў мяне быў бы зусім іншы лёс, калі б нас не прадавалі,” – разважае Віктар Маргер.

Някляеў прыводзіць сваіх герояў у сутарэнні Княскай вежы – туды, дзе сядзеў у палоне Вітаўт. Там Ганна горача адстойвае сваю думку, што жонка Вітаўта – таксама Ганна – выратавала свайго мужа, каб той, вырваўшыся з крэўскай турмы, меў магчымасць стаць вялікім князем і выратаваць Літву. Чытач рамана можа заўважыць падабенства паміж стасункамі Віктара з Ганнай і Вітаўта з жонкай. Сучасная Ганна таксама прапануе паратунак свайму каханаму, пытаецца ў яго: “А ты чаго хочаш? Стаць пастухом у Крэве? На жалейцы каровам граць? І хочаш, каб дзеля гэтага я ратавала цябе? Жыццё на цябе паклала ў гэтым закінутым мястэчку?” (ад рэдакцыі: ці не адсылае тут нас Уладзімір Някляеў да свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2010 годзе?).

Да падзеяў, звязаных з забойствам Кейстута і ратаваннем Вітаўта, літаратар звяртаецца і ў сваёй паэме “Ягайла”. Адзін з яе фрагментаў уключаны ў кнігу пра Купалу. У ім мы знаёмімся з пакаёўкай пад іменем Любоў, якая ахвяруе сваім жыццём і дапамагае Вітаўту збегчы з палону праз моцныя пачуцці да яго.

Купалаўскі тэатр ставіў спектакль у Крэўскім замку

забойства Кейстута і ўцёкі Вітаўта
“Князь Вітаўт” на сцэне Купалаўскага тэатра. Кадр з відэазапіса спектакля

Сваю мастацкую інтэрпрэтацыю старажытнай гісторыі прапануе сучасны беларускі драматург Аляксей Дудараў ў п’есе “Князь Вітаўт”. Твор даволі складаны, насычаны шматлікімі падзеямі і персанажамі. Тут назіраецца перапляценне рэальнага і фантастычнага. Месца дзеяння хутка змяняецца – гэта то Вільня, то Трокі, то Гародня, то Кракаў, то Крэва. Канфлікт паміж галоўнымі героямі – Ягайлам і Вітаўтам – пастаянна ўскладняецца, абвастраецца, пакуль усё не заканчваецца іх прымірэннем.

Як і ў сапраўднасці, у творы Кейстута забіваюць, а Вітаўт ратуецца ўцёкамі. Праўда, забойства старога князя ў гэтай п’есе ўчынена не тымі, да каго нас прывучылі летапісы, а зусім іншым чалавекам – Ягайлавым стражнікам Люценем. Прычым, сам Ягайла пазней распраўляецца з забойцам.

Што тычыцца вызвалення Вітаўта, то, згодна з п’есай, матывам самаахвярнага ўчынку служанкі Алёны, якая ўзялася яго выратаваць, было яе моцнае каханне да князя – як і ў гераіні Някляева.

Па п’есе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы доўгія гады ставілі аднайменны спектакль. А ў пачатку 2000-ых дзея са сценаў тэатра перанеслася ў сцены Крэўскага замка! Падчас фестывалю, які ў тыя часы штолета ладзіла таварыства літоўцаў ў Беларусі, на старажытным дзядзінцы паказалі фрагмент пастаноўкі.

Хто яшчэ пісаў пра вялікіх князёў

Неардынарная асоба Кейстута і яго няпросты лёс знайшлі сваё адлюстраванне ў некалькіх драматычных творах ХІХ стагоддзя. У 1861 годзе была апублікавана вершаваная драма “Кейстут” Юліюша Турчыньскага. Вядомы таксама дзве аднайменныя пяціактовыя трагедыі: першая, напісаная Юльянам Нямцэвічам, пабачыла свет у 1820 годзе, другая, аўтарства Адама Асныка, – у 1878 годзе.

Менавіта апошняя была ва ўсе часы найбольш запатрабаванай у пастаноўшчыкаў, гледачоў і чытачоў. Месца дзеяння заключнага пятага акта п’есы – падзямелле Крэўскага замка. Тут адбываецца развязка. Нягледзячы на тое, што канцоўка твора рэальнай гісторыі не супярэчыць – Кейстут гіне ад рук Ягайлавых наймітаў, аднак драматызму тут надаюць зусім іншыя прыдуманыя аўтарам абставіны. Высвятляецца, што адзін з персанажаў п’есы – крыжак Конрад – з’яўляецца сынам Кейстута Бутаўтам. Усе лічылі, што ён загінуў яшчэ ў дзяцінстве. Рыцар спрабуе выратаваць бацьку ад смерці, аднак зрабіць гэта яму не ўдаецца.

Тэме ўцёкаў Вітаўта з крэўскага палону цалкам прысвечана апавяданне “На парозе 1386 году” аўтарства У. Гр-віча (адзін з псеўданімаў Уладзіслава Грыневіча). Апавяданне было надрукавана ў часопісе “Родныя гоні” ў 1927 годзе. У ім усё амаль так, як у аналагічным фрагменце летапісу, толькі больш разгорнута ды па-мастацку яскрава і эмацыйна.

Шэраг падзей, сведкамі якіх быў у канцы XIV стагоддзя Крэўскі замак, апісваецца і ў драматычнай паэме Міколы Арочкі “Крэва”, апублікаванай у 1982 годзе. Расказваецца тут і пра палоннага Вітаўта, якому пагражае смерць, пра яго жонку Ганну і служанку Марылю, якія дапамагаюць яму пакінуць месца зняволення.

Лёс вялікіх князёў захоплівае і сучасную моладзь. Нядаўна школьніцы з Маладзечна Юліі Ярашонак прысніліся падзеі тых часоў, і яна напісала апавяданне. Цалкам твор можна прачытаць на нашым сайце.

Што насамрэч адбылося

У ходзе змагання за ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім троцкі князь Кейстут захапіў сталіцу Вільню. Пасля гэтага звергнуў з дзяржаўнага трону свайго пляменніка Ягайлу і саслаў яго ў Крэва. Той не скарыўся лёсу і выступіў супраць дзядзькі. Ён сабраў сілы і заціснуў свайго праціўніка ў Троках. У выніку Кейстут і яго сын Вітаўт апынуліся ў палоне Ягайлы, а сам ён вярнуўся да ўлады. Вітаўта пад вартай прывезлі ў Вільню, а Кейстута адправілі ў Крэва і пасадзілі ў замкавую цямніцу.

Чатыры дні правёў Кейстут у зняволенні. На пятыя суткі стары князь быў задушаны шнурком ад вопраткі. Як паведамляе “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, Кейстута задушылі “каморнікі Ягайлавы Прокша, што ваду падаваў яму, а былі іншыя – брат Мосцеў, і Кучук, і Лісіца Жыбянцяй”. Адбылося гэта 15 жніўня 1382 года.

Праз нейкі час і Вітаўта перавезлі ў Крэва. Яго таксама маглі пазбавіць жыцця, але лёс склаўся інакш. Хітры спосаб выратавання яго з палону прыдумала Вітаўтава жонка Ганна. Вось як “Хроніка Быхаўца” апісвае тыя падзеі: “Князь вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве. Хадзілі да яго з княгіняю ў пакой дзве жанчыны слаць пасцель і, паслаўшы, выходзілі разам з вартаю. І вялікая княгіня пачула ад людзей: калі князь Вітаўт будзе ў іх доўга сядзець, тое ж самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным. І параіла яна яму так: як прыйдуць жанчыны слаць, каб ён наклаў на сябе адзенне адной з жанчын ды выйшаў з другою жанчынаю, а каб першая жанчына засталася з ёю. Вітаўт паводле тое рады ўбраўся ў адзенне адной жанчыны ды выйшаў з другою і, спусціўшыся з горада, уцёк да немцаў у Прусы.”

Падтрымайце Kreva.Travel!