Дзядуля прэм’ер-міністра Ізраілю Нетаньяху нарадзіўся ў Крэве

2 сакавіка 2019

Карані прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху паходзяць з Крэва. У мястэчку нарадзіўся і жыў яго дзядуля Натан Мілэйкоўскі, а на крэўскіх могілках пахаваныя прапрадзядуля і прапрабабуля ізраільскага палітыка.

Натан Мілэйкоўскі быў прыкметнай асобай у яўрэйскім асяродку. Гісторыю яго жыцця пераказвае краязнавец Аляксандр Камінскі.

Прапаведаваў сіянізм у Сібіры і Амерыцы

Натан Мілэйкоўскі нарадзіўся ў нашым мястэчку 15 жніўня 1879 года. Яго бацька Цві зарабляў на жыццё тым, што здаваў у арэнду сельскагаспадарчую нерухомасць у адной з суседніх вёсак. У дзесяцігадовым узросце Натан быў накіраваны на вучобу ў валожынскі ешыбот (вышэйшую яўрэйскую рэлігійную навучальную ўстанову – рэд.). Адвучыўшыся там восем год, ён стаў рабінам.

карані прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху
Натан Мілэйкоўскі

Падчас вучобы ў ешыбоце Натан Мілэйкоўскі зблізіўся з актывістамі сіянісцкага руху. Ужо тады малады студэнт праявіў сябе як выдатны прамоўца. Ва ўзросце дваццаці год ён накіраваўся ў Сібір з мэтай прапаганды там ідэй сіянізму. У 1908 годзе пераехаў у Польшчу. Там дзядуля ізраільскага прэм’ера працаваў дырэктарам яўрэйскай гімназіі ў Варшаве, а таксама выступаў з прамовамі ў розных польскіх гарадах. З 1912 года Мілэйкоўскі пачаў служыць рэлігійным прапаведнікам у сінагозе “Бет-Якаў” у Лодзі.

У 1920-ым Мілэйкоўскі з сям’ёй пераехаў ў Палесціну, дзе ўзначаліў школу ў горадзе Рош-Піне. У гэты час ён публікаваў разнастайныя артыкулы ў яўрэйскай прэсе на ідыш і іўрыце.

Праз чатыры гады Мілэйкоўскі перабраўся ў Іерусалім, адкуль хутка накіраваўся ў Англію і ЗША для збору сродкаў для Яўрэйскага нацыянальнага фонду. На працягу некалькіх год ён з поспехам выконваў сваю місію, чытаючы лекцыі, якія карысталіся надзвычайнай папулярнасцю. Найбольш яскравыя яго выступленні былі апублікаваны ў кнізе “Нацыя і дзяржава”, якая ўбачыла свет у 1928 годзе.

Вярнуўшыся ў Палесціну, Мілэйкоўскі працягваў сваю рэлігійную і асветніцкую дзейнасць да самай смерці. “Прамоўца ад Бога” – так сказаў пра памерлага адзін з яго паплечнікаў падчас развітальнай цырымоніі, і гэта было зусім не шэраговым для такіх момантаў узнёслым развітальным перабольшваннем. Гэта – сапраўдная характарыстыка аратарскага таленту, якім валодаў ураджэнец крэўскай зямлі Натан Мілэйкоўскі. У наш час у Іерусаліме адна з гарадскіх плошчаў названая ў яго гонар.

Адкуль пайшло прозвішча Мілэйкоўскія

Цалкам верагодна, што прозвішча Мілэйкоўскія ўтварылася ад назвы вёскі Мілэйкава, што непадалёк ад Крэва. Людзі старэйшага ўзросту распавядалі, што два прадстаўнікі яўрэйскага народу трымалі там калісьці млын і краму. Гэтых людзей па назве вёскі маглі клікаць Мілэйкаўскімі, ці, на польскі манер – Мілэйкоўскімі.

Старыя дакументы, што маюць дачыненне да жыцця і спраў крэўскіх яўрэяў, сведчаць пра тое, што тут некалі пражывала нямала людзей з такім ці падобным прозвішчам. У прыватнасці, у статыстычным даведніку “Spis miejscowosci” за 1927 год можна сустрэць некалькі імёнаў: гаспадар магазіна тканін Мілікоўскі М., мяснік Мілікоўскі І., уладальнікі прадуктовых лавак Мілікоўская М., Мілікоўскі Шэб. і Мілікоўскі Шм., гаспадар магазіна вырабаў з жалеза Мілэйкоўскі Г. Магчыма, што некаторыя з іх былі з роду, да якога належыць Біньямін Нетаньяху.

Як Мілэйкоўскія сталі Нетаньяху

Пачынаючы з часоў жыцця ў Палесціне, Натан Мілэйкоўскі свае публікацыі падпісваў псеўданімам Нетаньяху, што ў перакладзе азначае “Бог даў”. Пазней аўтарскае імя стала яго афіцыйным прозвішчам, якое пры нараджэнні атрымалі дзеці прапаведніка. У сям’і аднаго з яго сыноў – ізраільскага гісторыка Бенцыёна Нетаньяху – і нарадзіўся будучы прэм’ер-міністр Ізраілю.

карані прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху
Біньямін Нетаньяху і яго бацька Бенцыён ў 2009 годзе. Фота: theworld.org

У 2018 годзе адбыўся гістарычны візіт Біньяміна Нетаньяху ў Літву. Палітык наведаў месца расстрэлу яўрэяў з віленскага гета, дзе таксама пахаваныя і крэўскія яўрэі. Выступаючы з прамовай у “лесе смерці”, як назваў гэтае месца ізраільскі прэм’ер, ён згадаў і пра свае беларускія карані.

Яго родны брат – публіцыст і ўрач Іддо Нетаньяху – у эфіры ізраільскага тэлебачання летам 2020-га прызнаўся, што вельмі хацеў бы наведаць месца, дзе нарадзіўся яго дзядуля.

Падтрымайце Kreva.Travel!