Братанні рускіх з немцамі: франтавыя гісторыі з Крэва і ваколіц
Братанні салдатаў расійскай арміі з нямецкімі вайскоўцамі падчас Першай сусветнай вайны пачаліся яшчэ ў канцы 1915 года. Масавы характар з’ява набыла пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Найчасцей усё зводзілася да сустрэч на нейтральнай тэрыторыі з мэтай абмену рэчамі салдацкага ўжытку, некаторым удавалася пабываць нават на чужых пазіцыях. Часам такія сустрэчы выкарыстоўваліся варожай разведкай для збору важных звестак і прапаганды.
Краязнавец Аляксандр Камінскі пагартаў успаміны вайскоўцаў, якія былі ўдзельнікамі братанняў ля Крэва і ў ваколіцах мястэчка.
Нямецкія санітары выратавалі рускага лётчыка
У пачатку лета 1917 года расійскія лётчыкі Казакоў і Ганчароў на самалёце “Вуазэн” вялі карэкціроўку стральбы дальнабойных гармат па тылавых умацаваннях праціўніка пад Крэвам. Немцам удалося падбіць іх самалёт, і ён упаў паміж нямецкімі і рускімі акопамі.
Была надзея, што лётчыкі засталіся жывымі. Аднак прыйсці ім на дапамогу маглі перашкодзіць нямецкія снайперы. Тым не менш, чакаць наступлення цемры не сталі – была дарагой кожная хвіліна. Начальнік авіяатрада накіраваў да збітага самалёта старшыню салдацкага камітэта Мікалая Аганесава і фельчара Залкінда.
У сваіх успамінах Аганесаў згадваў, што, апынуўшыся ў акопах першай лініі, яны пабачылі як да рачулкі на нейтральнай тэрыторыі час ад часу спускаліся з кацялкамі і нямецкія, і рускія салдаты. Па тых, хто прыходзіў па ваду, ніхто не страляў.
Аганесаў і Залкінд вырашылі скарыстацца момантам, каб выратаваць сваіх лётчыкаў. Узяўшы ў пехацінцаў кацялкі, яны таксама накіраваліся да ракі. Фельчар ведаў нямецкую мову, і ім удалося завязаць гутарку з салдатамі супрацьлеглага боку. Аганесаў і Залкінд папрасілі немцаў даставіць ім са збітага самалёта рускіх лётчыкаў. Тыя спачатку завагаліся, бо баяліся афіцэраў, аднак потым усё ж згадзіліся. Як высветлілася, у жывых застаўся толькі Казакоў. Але ён быў цяжка паранены. Нямецкія санітары аказалі лётчыку першую дапамогу, а затым даставілі яго на насілках да рускіх акопаў. Па дарозе да іх далучылася вялікая група іншых нямецкіх салдат. Рускія прынялі іх без варожасці. Адбыўся імправізаваны мітынг, на якім выступоўцы выказалі свае адносіны да вайны і да ўладаў, якія не хацелі яе спыняць.
Рускія абменьвалі вайсковую маёмасць на гарэлку
“З сярэдзіны лістапада рускія атрымалі свабоду на сваіх пазіцыях: старыя афіцэры зрынутыя з іх пасадаў, а новыя абраныя з ліку салдатаў. Толькі зрэдку цішыня парушаецца рускай артылерыяй і агнём пяхоты ноччу. Рускія ўсё часцей з’яўляюцца ля ўмацаванняў з дроту з мэтай распачаць перамовы,” – апісваецца атмасфера тых часоў у палкавой кнізе нямецкага 379-га ландвернага палка (тут і далей пераклады забяспечаныя Уладзімірам Багданавым – рэд.).
Салдаты з 374-га пяхотнага палка ў сваіх ваенных запісах апавядалі, што “там, дзе ў ліпені смерчам прайшоў па пазіцыі рускі агонь, з каранямі выварочваючы дрэвы на ўскрайку леса, позняй восенню мірна стаяў, нібы нічога не было, сціплы хлеў з дошак. (…) На пах валяр’янкі, як вядома, збіраюцца каты з усіх ваколіц. Нос рускага пры ўсёй яго неадчувальнасці да пахаў мае такую каціную адчувальнасць, калі размова ідзе пра “wuttki” (так немцы вымаўлялі рускае слова “водка” – рэд.). І тут, у гэтым хляве, была гэтая магічная вадкасць – бутля з ромам.”
У абмен на гарэлку, старыя і непатрэбныя рэчы (напрыклад, у ход ішла тупая брытва, непрацуючы гадзіннік) немцы здабывалі ў рускіх гарбату, метал, гуму, мыла. “Людзі гонару рускай рэвалюцыі прадавалі вайсковую маёмасць сваёй радзімы,” – падсумоўваюць у запісах.
З кнігі 3-га пяхотнага палка вядома пра яшчэ адзін выпадак гандлю на крэўскім участку фронту. Адна з такіх сустрэч паміж варожымі бакамі адбылася 7 снежня 1917 года – праз некалькі дзён пасля абвяшчэння лакальнага міру. У той жа дзень акрамя гандлю адбылася і сустрэча афіцэраў-прапагандыстаў 16-й ландвернай дывізіі з рускімі.
Дзе яшчэ на крэўскім фронце адбываліся братанні
У франтавой тэлеграме ад 27 лістапада 1917 года на адрас Міністэрства замежных спраў Германіі паведамлялался пра братанне немцаў з “батальёнам смерці” рускай 69-й дывізіі на поўдзень ад Крэва. Пра гэту падзею дакладваў таксама і начальнік гэтай дывізіі палкоўнік Нямчынаў. Вядома, што ў раёне вёскі Навасёлкі батальённы камітэт з афіцэрамі выходзіў для перамоў аб міры: “Немцы прынялі салдата і афіцэра, якія пабывалі ў штабе палка і дывізіі, дзе атрымалі ўмовы перамір’я на 3 месяцы за подпісам генерала фон Адрыяні.” На наступны дзень для перамоў аб перамір’і на ўсім участку фронту, які займала дывізія, былі накіраваны салдаты-прадстаўнікі яе часцей. 2 снежня 3-і армейскі корпус заключыў падобную дамову з 57-ым корпусам немцаў. На тры месяцы варожыя бакі падпісалі перамір’е і на ўчастку фронту Кунава – Суцькава.
З данясення начальніка штабу 134-й пяхотнай дывізіі ў штаб 10-й арміі даведваемся, што ля фальварка Невярышкі немцы выйшлі са сваіх акопаў і перадалі рускім вайскоўцам запіску з просьбай прыслаць дэлегацыю салдат або афіцэраў для заключэння перамір’я. Германскае войска было ініцыятарам перамір’я таксама на ўчастку, які займала 6-я пяхотная дывізія 3-й арміі. Там з прапановай мірных перамоваў выступіў нямецкі генерал.
Падтрымайце Kreva.Travel!