Прароцтва пачатку ХХ стагоддзя: Польшча ўваскрэсне, калі Крэўскі замак апынецца ў руінах
У 1912 годзе ў польскамоўным часопісе Ziemia быў надрукаваны краязнаўчы артыкул Уладзіслава Загорскага “Крэўскі замак”. У ім аўтар сярод іншага згадвае легенду, звязаную з забойствам Кейстута і гісторыяй Польшчы.
Загорскі звяртае ўвагу на тое, што нават праз стагоддзі мясцовыя жыхары памятаюць пра злачынства і хрысцяцца штораз, калі праходзяць паўз Княскай вежы, дзе быў забіты вялікі князь. За гэтае забойства Бог быццам бы асудзіў Крэўскі замак на разбурэнне і звязаў з ім лёс Польшчы. Кожны год з замкавых муроў павінен адрывацца адзін камень і некалькі цаглін, і толькі калі увесь замак пераўтворыцца ў руіны і ад яго нічога не застанецца, – тады ўваскрэсне Польшча.
Надзіва, прароцтва спраўдзілся!
Артыкул быў апублікаваны ў час, калі Польшча не існавала як незалежная дзяржава. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе яе землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, Аўстра-Венгрыі і Прусіі. Краіна знікла з карты Еўропы на 123 гады – да 11 лістапада 1918 года, калі ўдзельнікі Першай сусветнай вайны падпісалі дамову аб спыненні баёў. У гэты ж дзень адбылося канчатковае раззбраенне нямецкіх акупацыйных войскаў у Варшаве, а вызвалены з турмы Юзаф Пілсудскі ўзяў на сябе кіраванне польскім войскам. Неўзабаве ён быў прызначаны і кіраўніком адноўленнай Польскай Рэспублікі.
Адметна, што на гэты момант Крэўскі замак ужо ляжаў у руінах, разбураны артылерыйскімі абстрэламі нямецкіх пазіцый рускімі войскамі ў гады Першай сусветнай вайны.