Дзесяць назваў ракі ў Крэве, якая цячэ пад гару і напаўняе Балтыйскае мора

6 сакавіка 2023
рака Крыўлянка
Рака Крыўлянка. Фота: Сяргей Гапон

У Крэве рэчка цячэ пад гару! Такой падколкай жыхары суседніх мясцін любяць паддражніваць крэўскіх. Маўляў, у вас усё не так, як у людзей. Тым не менш, поўнасцю абсурдным гэтае сцверджанне не назавеш. Справа ў ілюзіі, якая можа з’явіцца, калі праязджаць праз мястэчка з боку Смаргоні. На ўсім шляху тут падарожніка суправаджае рака Крыўлянка. Мясцовасць у нас узгорыстая, і па дарозе трапляюцца то пад’ёмы, то спускі. Ствараецца адчуванне, што і рачулка таксама то спускаецца, то ўздымаецца – вадзяная плынь накіроўваецца некуды ўгару.

Кажуць, што ў далёкія часы пасля аднаго з баёў на берагах ракі вада афарбавалася ў чырвоны колер ад пралітай крыві. Таму і пачалі называць яе Крыўлянкай. Ад іншых можна пачуць, што назва пайшла ад надзвычайнай крывізны рэчкі на ўсім шляху цячэння. Розныя інтэрпрэтацыі паходжання гідроніма прывялі да розных варыянтаў яго напісання.

Якая версія правільная?

У пісьмовых крыніцах назбіралася каля дзесяці версій. Нават на дарожных указальніках, якія стаяць у Крэве, іх два: Крэўлянка і Крыўлянка. Апошняй назвай карыстаюцца мясцовыя жыхары. Энцыклапедычны даведнік “Блакітная кніга Беларусі” , які можа прэтэндаваць на ролю нарматыўнага дакумента ў пытанні назваў беларускіх вадаёмаў, падае іншы варыянт – Краўлянка.

У старадаўніх дакументах яшчэ большы разнабой! У летапісах, на картах розных часоў і ў тэкстах даследчыкаў мінуўшчыны адшукаліся такія варыянты: Кревка, Кревянка (лацінкай – Krewianka), Krewczanka, Кревля, Кревна, Kruglanka. На тапаграфічнай карце Карла Тэннера за 1836 год наша рэчка на розных участках называецца па-рознаму. Адрэзак, які праходзіць паўз Мілэйкава, падпісаны як Милейковка. Вышэй па цячэнні яна значыцца як Кревлянка. Менавіта такое напісанне і яго варыянты лацінкай Krewlanka і Krewljanka сустракаюцца найчасцей у пісьмовых крыніцах. У адным з дакументаў канца ХVІІІ стагоддзя і ў некаторых тэкстах ХІХ стагоддзя знаходзім варыянт Krywlanka, найбольш сугучны з тым, які бытуе і сёння сярод мясцовых жыхароў. Падобным чынам у 1871 годзе перадаў назву нашай рэчкі і аўтар рускамоўнага нарыса “Местечко Крево” святар Дамецій Плаўскі – Кривлянка.

Побач з замкам Крыўлянка ўтварала возера

Рака бярэ свой пачатак у раёне крэўскага гарадзішча і працякае ў межах Ашмянскага ўзвышша. Крыўлянка з’яўляецца правым прытокам Заходняй Бярэзіны, якая ўпадае ў Нёман, а той – у Балтыйскае мора. Атрымліваецца, Балтыка напоўненая вадой і з крэўскіх крыніц! Працягласць Крыўлянкі – 20 км, плошча вадазбору – 112 кв.км, а сярэдні нахіл воднай паверхні – 5%.

рака Крыўлянка крэўскае вадасховішча
Моладзь на крэўскім вадасховішчы. Удалечыні – будаўніцтва дарогі Мінск-Вільня. Здымак з архіву Мечыслава Чайкі

На працягу стагоддзяў рака змяняла сваю форму. У адным з дакументаў І сусветнай вайны – ў “Плане абароны першай  вайсковай паласы, занятай часцямі 38-га армейскага корпусу” – паведамляецца, што “на поўдзень ад замка рэчка разліваецца і ўтварае азярко ў выглядзе дугі, сваёй выпукласцю звернутай на поўдзень, шырынёй каля 20-ці сажняў (42,7 м) і даўжынёй каля 50-ці (106,7 м)”. Пра глыбіню вадаёма сказана, што яна месцамі ў рост чалавека. Хутчэй за ўсё, гаворка вядзецца пра вадасховішча, створанае для патрэб вадзянога млына, які вядомы яшчэ з 1780 года і добра бачны на малюнку 1827 года. У нашыя часы пра вадаём нагадвае толькі забалочаная мясцовасць.

У пачатку 1970-ых шляхам узвядзення дамбы на Крыўлянцы было ўтворана сучаснае крэўскае вадасховішча, побач з якім пазней праклалі дарогу Мінск-Вільня.

Неіснуючая Шляхцянка і іншыя ручаі, што напаўняюць крэўскую раку

На ўсім шляху да Заходняй Бярэзіны Крыўлянку абагачаюць шматлікія крыніцы і рачулкі. У самім Крэве найбуйнейшым яе прытокам з’яўляецца ручай, які цячэ з боку каталіцкіх могілкаў. Гэтая мясцовасць разам з прылеглай вуліцай ў народзе называецца Радзівонкай (або Радзівонаўкай). Не дзіўна, што і ручай мае адпаведную назву – Радзивонка, як пазначана на плане замка 1827 года, або Радзівонаўскі, як называюць яго мясцовыя жыхары. Рускі афіцэр Карэва ў 1861 годзе ў сваім тэксце пра Крэўскі замак назваў гэты ручай Шляхцянкай, што больш падобна на яго аўтарскую фантазію. Пазней гэты варыянт падхапілі іншыя папулярызатары крэўскай мінуўшчыны. І ўжо ў нашы дні журналісты і блогеры ахвотна падаюць такую назву за сапраўдную, не звяртаючы ўвагі на мясцовую традыцыю.

рака Крыўлянка
Ручай Радзівонка і вадаём з млынам на плане Крэўскага замка, 1827 год

Іншыя больш дробныя крэўскія прытокі Крыўлянкі найчасцей звязваюць з імёнамі або мянушкамі тых людзей, бліжэй да дамоў якіх яны выбіваюцца з-пад зямлі: Трацякоў (або Паўлінчын) ручаёк, ручай ад Мані Коткі (ці ад Гаравых) і г.д.

Уніз па цячэнні, ужо за крэўскім вадасховішчам, да Крыўлянкі далучаюцца воды з іншых ручаёў. Найбуйнейшымі з іх з’яўляюцца Верацянец (або Вераценніца), што цячэ з боку колішняй Няроўкі, Маляўка з-пад колішніх Мажалёў, а таксама безназоўныя – з Сабілак і з ваколіц Мілэйкава. Паступае ў Крыўлянку і вада з меліярацыйных каналаў, вырытых у 1980-ых гадах на яе некалі забалочаных берагах.

Падтрымайце Kreva.Travel!