“Культурнае жыццё само стукаецца ў дамы жыхароў вёскі, але…” Што пісалі савецкія газеты пра Крэва

5 мая 2022
савецкія газеты пра Крэва
Вучні крэўскай школы падчас адной з дэманстрацый на вуліцы Смаргонскай у савецкі час. Фота з сямейнага архіву Дар’і Ламаноўскай

У савецкія часы журналістыка кіравалася строгім правілам: пра тагачаснае грамадства як пра нябожчыка – альбо добра, альбо ніяк. Калі чытаеш газеты той эпохі, то ловіш сябе на думцы, што аптымізм у іх аж зашкальвае. І нават калі размова вялася не аб “знакавых” мітынгах і пасяджэннях з уласцівымі гэтаму часу “сардэчна адабраем” ці “аднадушна асуджаем”, а аб нейкіх дробных дасягненнях, то і такія падзеі падаваліся ў раённых шматтыражках як нечуваныя перамогі.

Дасягненні

Вось, напрыклад, як ашмянская раённая газета “Знамя свободы” ў нумары ад 31 кастрычніка 1939 года падае інфармацыю аб будаўніцтве ў Крэве клуба: “У мястэчку разгарнулася дзейсная падрыхтоўка да вялікага пралетарскага свята – 22-й гадавіны Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Да свята будзе закончана будаўніцтва новага клуба. Мясцовы духавы аркестр развучвае новыя рэвалюцыйныя песні. Вучні гімназіі развучваюць новыя вершы, прысвечаныя вызваленню працоўных Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ад панскага гнёту. Гэтыя вершы яны будуць дэкламаваць на ўрачыстым вечары”.

Тая ж газета 24 снежня паведамляе аб арганізацыі ў вёсцы Мажалі Крэўскай воласці хаты-чытальні, куды збіраюцца сяляне не толькі, каб пачытаць свежыя газеты і кніжкі, але і наведаць заняткі па вывучэнні Сталінскай канстытуцыі, паслухаць гутарку аб правах жанчын у Савецкім Саюзе. Паведамляецца таксама, што пры хаце-чытальні наладжана праца вячэрняй школы для дарослых, у якой навучаецца каля 20 асоб.

У гэтым жа нумары знаходзім паведамленне аб тым, што жыхары Крэва пастанавілі ў бліжэйшы час пабудаваць бальніцу. Для гэтай мэты быў выбраны дом у адным з былых панскіх маёнткаў.

А вось загаловак у смаргонскай раённай газеце “Перамога” ад 13 верасня 1951 года: “Загарэліся лямпачкі Ільіча” (Ільіч – ласкавая мянушка тагачаснага палітычнага ідала Уладзіміра Леніна, утвораная ад яго імя па бацьку – рэд.). Гаворка ў паведамленні ідзе пра тое, што мяняецца аблічча вёскі, паляпшаецца матэрыяльны і культурны дабрабыт калгаснага сялянства, у іх штодзённы быт уваходзіць радыё і электрычнасць. Паведамляецца, што загарэлася святло ў сельсавеце, аптэцы, на пошце, чарапічным заводзе, а таксама ў дамах калгаснікаў арцелі “Шлях Леніна”.

Загалоўкі раённых газет той пары нярэдка падаваліся ў форме заклікаў. Некаторыя з іх сёння нічога, акрамя ўсмешкі, не выклікаюць. “Камсамольцы, моладзь і школьнікі! У паход на збор попелу і курынага памёту!”, – запрашае газета “Светлы шлях” у адным з лютаўскіх нумароў за 1966 год. Падобны зварот да тых жа камсамольцаў, толькі ўжо “на збор ураджаю каноплі”, у нашы дні зацікавіў бы найперш супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Скаргі

савецкія газеты пра Крэва
Хоць і рэдка, але ў савецкіх газетах усё ж праскоквалі паведамленні пра заганы ў грамадстве. Фота з сямейнага архіву Дар’і Ламаноўскай

Пра адмоўныя ўчынкі і злачыннасць у тагачасных газетах пісалі вельмі рэдка: ну, які негатыў можа быць у краіне, якая крочыць па шляху будаўніцтва камунізму! Вось некаторыя з такіх крытычных паведамленняў, знойдзеныя ў нумарах смаргонскай раённай газеты “Перамога” за 1950 год.

У пачатку году вучні крэўскай школы на праз старонкі газеты паскардзіліся на сваю настаўніцу Зінаіду Канстанцінаўну Астравух, якая, нібыта, няправільна ацэньвала іх веды, павярхоўна тлумачыла праграмны матэрыял. Скарга была разгледжана, настаўніца атрымала папярэджанне і была пастаўлена на кантроль. Сёння цяжка сказаць, крытыка была сапраўды справядлівай, або гэта ўсяго толькі звычайнае “прапясочванне” асобы, якая нечым не дагадзіла ўладам.

У адным з кастрычніцкіх нумароў газеты за гэты ж год крытыкуецца праца бібліятэкара Плюткінай, культмасавіка Гуляевай і дырэктара крэўскага клуба Камінскага. Нібыта ў гэтай установе не праводзіцца на належным узроўні масава-палітычная работа: не працуюць гурткі, рэдка чытаюцца лекцыі і даклады. “За што “работнікі” культурных устаноў у Крэве атрымліваюць дзяржаўныя грошы?” – здзіўляюцца аўтары допісу.

Раённая газета “Светлы шлях” у нумары за 3 сакавіка 1964 года змясціла паведамленне кінамеханіка Я. Грынкевіча. Жыхар Крэва скардзіцца, што “сельпо” зачыніла мясцовае фотаатэлье, бо фатограф Іван Шчасны часта не бываў на рабоце. Карэспандэнт зазначае: “Было дрэнна, а стала горш. Калі раней хоць з цяжкасцю можна было атрымаць здымак, то цяпер за фота трэба ехаць аж у Смаргонь”. Далей аўтар расказвае, што жыхары працягваюць звяртацца да Шчаснага, калі патрэбна фатаграфія, і той, калі яму захочацца, задавольвае іх патрэбы. “Дык ці не лепш, каб “сельпо” ўсё ж ізноў адчыніла фотаатэлье?” – пытаецца кінамеханік.

У артыкуле за 16 лістапада адзначаецца, што ў мястэчку ў заняпадзе і фізкультурная работа: “нават у сярэдняй Крэўскай школе гэтаму
пытанню не надаецца належнай увагі, тут ёсць толькі валейбольная сетка, а больш ніякага фізкультурнага інвентару не маецца”.

Крэва – гогалеўскі Міргарад

“Вуліцы без гаспадароў” – такую назву мае крытычны матэрыял В. Грышчанкі, змешчаны ў газеце “Светлы шлях” за 12 верасня 1972 года. Пачынаецца ён нібыта аптымістычна: “Старажытнае Крэва – адзін з большых населеных пунктаў нашага раёна. Сёння выклікаюць радасць дабротныя, прыгожыя дамы калгаснікаў у гэтай вёсцы. Некалькі магазінаў, клуб, бібліятэка, школа, участковая бальніца робяць вёску падобнай на пасёлак гарадскога тыпу. Аўтобусныя маршруты звязваюць Крэва не толькі з райцэнтрам, а нават са сталіцай нашай рэспублікі. Усё гэта сведчыць аб тым, што культурнае жыццё само стукаецца ў дамы жыхароў вёскі.”

Гусі на вуліцах мястэчка – звычайная з’ява як для савецкага, так і для сучаснага Крэва. Фота: Сяргей Гапон

Але затым аўтар пераходзіць на крытыку. Ён піша, што некалькі гадоў назад на вуліцы Багданаўскай былі пракладзены тратуарныя дарожкі, але далей работа не пасунулася. “Уздоўж вуліцы стаяць зараз рознатыпныя платы, у якіх выламана значная частка планак, платы перакошаны, у прамежках паміж хатамі густыя зараслі пустазелля, якое ніхто не падкошвае. I гэта якраз насупраць вокнаў адміністрацыйнага будынка сельскага Савета”, – абураецца Грышчанка.

Далей карэспандэнт піша, што ў напрамку Смаргоні яшчэ больш непрыемны малюнак. “Тут няма ні тратуарных дарожак, ні аднатыпных платоў. Каля некаторых дамоў ляжаць згружаныя дровы, вуліца засмечана. У самым цэнтры Крэва не высыхаюць лужыны, як у вядомым гогалеўскім Міргарадзе. На вуліцу з-пад сталоўкі мясцовага сельпо і хлебапякарні цячэ выкарыстаная на пасудамыйках вада, расцякаецца бруднымі ручаямі, над якімі кружацца хмары мух. (…) Неад’емнай часткай «пейзажу» Крэва з’яўляюцца цэлыя табуны свіней, індыкоў, гусей, якія разгульваюць проста па вуліцах, па цэнтры вёскі, не пакідаючы свае купальні-лужыны. Між тым, праўленне калгаса «40 год Кастрычніка», цэнтрам якога з’яўляецца Крэва, а таксама сельскі Савет, не вядуць барацьбу з гэтай адкрытай антысанітарыяй”.

Параўнаўшы Крэва з іншымі вёскамі, у якіх ужо наведзены парадак, аўтар зазначае: “Становіцца неяк дзіўна, што людзі зусім абыякава глядзяць на гэты далёка не радуючы вока пейзаж, у той час, калі павінны з’яўляцца гаспадарамі гэтай вёскі, наводзіць у ёй парадак”.

Падтрымайце Kreva.Travel!