Хто і якія беларускамоўныя спектаклі ставіў у часы паланізацыі нашага краю
У красавіку 1922 года паводле рашэння сойма Сярэдняй Літвы мястэчка Крэва і ваколіцы апынуліся ў складзе Польшчы. Па Рыжскай мірнай дамове новыя ўлады мусілі захоўваць правы беларусаў на іх родную культуру. Аднак палітыка апалячвання на тэрыторыі Заходняй Беларусі закранула ўсе сферы жыцця ад адукацыі да рэлігіі. Нягледзячы на гэта, беларуская мова працягвала жыць у побытавых стасунках, а таксама часта знаходзіла дарогу на тэатральную сцэну.
Краязнавец Аляксандр Камінскі вывучыў тагачасныя афішы ды пагартаў старонкі газет з водгукамі на спектаклі той пары.
Артыстаў з Шутавічаў закідалі камянямі, а кіраўніка пасадзілі ў турму
22 траўня 1929 года ў Крэва са сваімі прадстаўленнямі на роднай мове завіталі ўдзельнікі гуртка з вёскі Шутавічы, якім кіраваў Войцех Шутовіч. Жыхарам нашага мястэчка былі прадстаўлены п’есы “Паўлінка” Янкі Купалы і “Заручыны Паўлінкі” Францішка Аляхновіча.
Шутавіцкі калектыў быў бадай што самым вядомым у нашым краі. Штогод самадзейныя артысты развучвалі і інсцэніравалі каля дзесяці спектакляў. Са сваімі прадстаўленнямі яны аб’ехалі абшары Ашмянскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Віленска-Троцкага паветаў. Сродкі ад выступаў ішлі на набыццё кніг для бібліятэкі, на правядзенне ранішнікаў для дзетак і разнастайных народных гулянняў кшталту Купалля, а часам і на дабрачыннасць. Так, у 1929 годзе грошы ад спектаклю артысты перадалі на рамонт царквы ў Суцькаве, разбуранай у час І сусветнай вайны. Таксама вядома пра дапамогу жыхару Свірыдавічаў, у якога згарэла хата.
На жаль, артысты сутыкаліся з ціскам з боку польскага кіраўніцтва і яго памагатых. Час ад часу афішы іх выступаў зрывалі, а аднойчы прыхільнікі новай улады нават учынілі бойку падчас спектаклю, закідваючы прысутных камянямі.
4 чэрвеня 1927 года меўся адбыцца паказ п’есы Францішка Аляхновіча “Птушка шчасця”, аднак артысты не атрымалі дазвол ад мясцовых уладаў, хоць гэтая працэдура лічылася фармальнай, і звычайна праблем не ўзнікала. Адмову павятовы староста тлумачыў тым, што ў заяўцы быццам бы не быў прадстаўлены склад тэатральнай трупы. З часам, польскім чыноўнікам усё часцей ва ўсім падобным бачылася пагроза грамадскай бяспецы. Хутка ўлады пастанавілі, што пастаноўкі на беларускай мове павінны ісці толькі ўслед за абавязковымі ў праграме польскамоўнымі. Праз нейкі час іх наогул забаранілі, а кіраўніка шутавіцкага тэатральнага гуртка Войцеха Шутовіча за яго патрыятычную дзейнасць на два месяцы пазбавілі волі.
Гастралёры з-пад Беніцы
Летам 1928 года жыхары Крэва атрымалі магчымасць пабачыць дзве пастаноўкі на беларускай мове ад гасцей з суседняй Беніцкай гміны Маладзечанскага павета. Пра гэтую падзею згадвала газета “Грамадзянін” у №17 за той жа год. Крыху больш інфармацыі пра самадзейных артыстаў знаходзім ў кнізе Юльяна Сергіевіча “За волю родных хат”, якая выйшла ўжо ў нашы дні. Аўтар жыў у Ленкаўшчыне, што зусім недалёка ад мяжы цяперашняга Крэўскага сельсавета, і быў удзельнікам гуртка. Праўда, не маючы магчымасці рэгулярна наведваць рэпетыцыі, сам ён рэдка іграў у спектаклях, таму звычайна ў час выступленняў быў суфлёрам, а таксама займаўся афармленнем афіш.
Па звестках з кнігі, кіраўніком драматычнай секцыі акружной рады “Прасвета” ў вёсцы Румянцава Беніцкай гміны з’яўляўся Павал Асіповіч, шчыры беларус, на якога тагачасныя польскія ўлады спрабавалі павесіць бірку “камуніст”. Тэатральны гурток, які складаўся з тутэйшых прыхільнікаў беларушчыны, падрыхтаваў некалькі спектакляў на роднай мове і паказваў іх па навакольных вёсках. У Крэве самадзейныя артысты прадставілі гледачам жартоўную п’есу Леапольда Родзевіча “Збянтэжаны Саўка” і фарс “У доктара”.
Акцёры з Арлянятаў
Са жніўня 1925 года ў заходнебеларускай прэсе пачынаюць з’яўляцца паведамленні пра дзейнасць тэатральнага гуртка з вёскі Арляняты, якім кіраваў Станіслаў Станкевіч. Артыкул пра адзін з выступаў перад аднавяскоўцамі знаходзім у газеце “Беларуская крыніца” ад 19 жніўня 1927 года. Само прадстаўленне прайшло 7 жніўня і складалася з двух аддзяленняў. У першай частцы паказалі п’есу Аляхновіча “Птушка шчасця”. У ролі Малашкі на сцэну выйшла Міхаліна Станкевічанка. Нягледзячы на тое, што яна ў дзень вечарыны зусім ахрыпла, аднак выканала сваю ролю зусім добра. Янку сыграў Станіслаў Станкевіч, а свайго героя Жыда ўмела прадставіў Язэп Станкевіч. У другім аддзяленні адыгралі камедыю “Суд” Уладзіслава Галубка. “Тут усе каталіся ад смеху”, – піша аўтар нататкі. Асабліва вылучыліся Янка Бандаровіч у ролі Авечкі і Марыля Чарняўская ў ролі Гарбузіхі.
У сваім допісе аўтар паведамляе, што на прадстаўленні прысутнічаў славуты ўраджэнец Арлянятаў ксёндз Адам Станкевіч, а таксама выказвае падзяку Людвіку Мацавічу, які прадставіў для вечарыны свой дом і даў патрэбны матэрыял для стварэння сцэны.
Праз год тая ж газета распавяла пра яшчэ адно прадстаўленне, якое адбылося 28 мая, на другі дзень Сёмухі. Самадзейныя артысты з Арлянятаў падрыхтавалі для землякоў п’есы “Паўлінка” і “Заручыны Паўлінкі”. Па словах аўтара, вясковае жыццё было перададзена моладдзю з вялікай натуральнасцю, і “мімавольна прыходзілася забывацца аб штучнасці прадстаўлення”.
Карэспандэнт занатаваў для гісторыі прозвішчы артыстаў-аматараў, якія “кожны вечар, напрацаваўшыся на полі за дзень, збіраюцца нават з чужых за пару вёрст вёсак і да позняй ночы робяць рэпетыцыі”. У той вечар на сцэну выйшлі Зося Залеская, Ул. Барысевіч, Міхал Шульвінскі, Гэлена Станкевічанка, Стася Станкевічанка і Язэп Станкевіч.
Якія спектаклі ставілі крэўскія тэатралы
У 1921 годзе настаўнік Касевіч з вёскі Копцевічы Крэўскай гміны арганізаваў вясковую моладзь на пастаноўку беларускай камедыі “Міхалка”. Пра гэты тэатральны гурток пісала газета “Крыніца” ў лютым таго ж года.
Невядома, ці былі беларускамоўныя тэатральныя суполкі ў самім Крэве. А вось на польскай мове спектаклі ставілі дакладна. Мясцовы аматарскі гурток складаўся з настаўнікаў крэўскай гміны, якім кіраваў нехта пан Каліноўскі. Наш зямляк Казімір Маеўскі ў № 11 газеты “Głos Wileński” за 1927 год апісаў адзін з выступаў гэтага калектыву. 19 і 20 лютага таго ж года ў нашым мястэчку самадзейныя артысты паказалі гледачам камедыю англійскага драматурга Брэндана Томаса “Цётка Чарлі”, а таксама польскую класіку, прадстаўленай сцэнай з “Кардыяна” Юліуша Славацкага.
Аўтар публікацыі лічыць, што абедзве п’есы ўдаліся самадзейным артыстам вельмі добра. У першым спектаклі добра паказалі сябе кіраўнікі крэўскай і мілэйкаўскай школ паны Рабайчык і Ляскоў, пані Буткевіч і пан Лукашэвіч. Найлепш публіка прымала пана Зарыхту, які граў фальшывую цётку Чарлі з Бразіліі, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне. У другім прадстаўленні сваёй ігрой вызначыліся пан Дашчынскі і пан Зарыхта. На тых гледачоў, якія бачылі падобнае ўпершыню, п’еса “аказала вялікае ўражанне, абудзіла ўзнёслы і патрыятычны настрой”.
Падтрымайце Kreva.Travel!