З мядзведзямі ды папугаем. Як праходзілі крэўскія кірмашы
На 30-ыя гады ХХ стагоддзя прыйшоўся эканамічны росквіт Крэва. Чатыры разы на год у мястэчку праводзіліся грандыёзныя кірмашы. Па словах смаргонскага краязнаўцы Альфонса Высоцкага, яны нагадвалі пчаліны рой – так шмат збіралася людзей і жывёлаў.
Пра размах даваенных крэўскіх кірмашоў сведчыць назіранне местачкоўца Мікалая Крэслы, дзяцінства якога прыйшлося акурат на тыя часы. Неяк раз ён з-за дзіцячай цікаўнасці ўзяўся падлічваць вазы, якія накіроўваліся на кірмаш толькі з боку Маладзечна і Радашковічаў. Іх аказалася больш за паўтары сотні! А колькі такіх вазоў накіроўвалася з іншых бакоў: з Валожына, Смаргоні, Ашмянаў і Вільні! У такія дні імі былі застаўлены ўсе крэўскія вуліцы.
Невялікія таргі адбываліся кожны тыдзень. Больш буйныя, з продажам жывёлы, збіраліся кожны дваццаць пяты дзень месяца, а ў некаторыя гады – яшчэ і ў кожны дзявяты.
Па словах крэўскіх старажылаў, арганізацыяй кірмашу займаўся хто-небудзь з мясцовых жыхароў. На яго плечы клаліся таксама нагляд за парадкам і збор падаткаў з гандляроў. Частка прыбытку заставалася ў арганізатара, а частку ён аддаваў дзяржаве.
Для правядзення кірмашоў у Крэве вылучаліся дзве пляцоўкі. На адной з іх, побач з замкам, гандлявалі скацінай і мясам. Мясцовыя памятаюць заўсёднюю кліентку Кацярыну з Мірклішак, якая закупляла тут партыю быкоў у 20 галоў і разам з сынам пераганяла іх у Вільню. Якімсьці адмысловым спосабам яны прывязвалі галовы жывёлін да ног, што не давала ім у дарозе паказваць свой нораў.
Ля гэтай пляцоўкі знаходзілася і бойня. Такім чынам, можна было набываць або жывую скаціну, або мяса. Увесь працэс быў пад кантролем ветэрынара пана Круповіча, выпускніка сельскагаспадарчай школы ў Антанове, што пад Барунамі.
На другой плошчы, у цэнтры мястэчка, можна было набыць іншыя прадукты, а таксама прамысловыя і саматужныя вырабы: тканіну, посуд, адзенне, сельскагаспадарчае начынне.
Што было ў культурнай праграме
Апроч камерцыйнага боку, кірмаш валодаў і іншай, вельмі прывабнай для мясцовага і прыезджага люду асаблівасцю: гэта было сапраўднае народнае гулянне.
Культурная праграма пачыналася яшчэ за некалькі дзён да пачатку кірмашу, калі па вуліцах мястэчка хадзіў размаляваны зазывала, ляпаў у засланку ад печы і нагадваў усім пра мерапрыемства. У час кірмашу праводзіліся гульні, працавалі атракцыёны. Пастаянным удзельнікам праграмы быў катрыншчык з жывым папугаем: музыка граў, а птушка выцягвала пісулькі з прагнозамі на будучае.
Канкурэнтамі катрыншчыка з папугаем былі цыганкі. Пакуль іх мужчыны таргаваліся з гандлярамі і ўмела пракручвалі нейкія свае махлярскія справы, тыя гадалі па руках наіўным вясковым кабетам і маладзіцам.
Завітвалі на кірмашы і павадыры з мядзведзямі. Жывёліны танцавалі, паказвалі розныя штукі. Аднаго разу чацвёра моцных дзецюкоў узяліся спаборнічаць з мядзведзем па перацягванню жэрдкі. I як весяліўся натоўп, калі гэты звер без асаблівых намаганняў узяў верх над самаўпэўненымі асілкамі. Праўда, у апошнія перадваенныя гады мядзведжыя забавы трапілі пад забарону, бо ўлады пачалі падазраваць вандроўных артыстаў у прыналежнасці да замежнай разведкі.
Кірмаш завяршаўся ў мясцовых рэстаранах
У дні кірмашу прыкметна ўзбагачаліся гаспадары шматлікіх крэўскіх лавак і двух местачковых забягалавак, якія гучна называліся рэстаранамі: удалую здзелку прынята было адзначыць. І хоць п’янства было ў тыя часы не ў пашане, часам праз гарэлку ўсё ж здараліся непрыемныя моманты. Адна з міжваенных беларускіх газет распавядала пра тое, які нізкі культурны ўзровень паказвала сваімі непрыгляднымі ўчынкамі частка моладзі з Крэва. Напрыклад, падчас кірмашоў крэўскія дзецюкі рабілі “наступы” на хлопцаў з іншых вёсак, збівалі іх ды займаліся вымагальніцтвам. Былі выпадкі, калі для гэтых жа мэтаў мясцовых хлопцаў наймаў хтосьці іншы ў абмен на гарэлку.
Старажылы не згадваюць пра выпадкі, апісаныя ў газеце. Відаць, падобнае было выключэннем з правілаў. А можа проста людзям уласціва даставаць з закуточкаў сваёй памяці найперш толькі добрае, светлае і прыемнае.
Падтрымайце Kreva.Travel!