Жанчыны з батальёна смерці: сапраўдныя гераіні ці карцінка для прапаганды?
Першая жаночая вайсковая каманда смерці з’явілася ў Петраградзе незадоўга да наступальнай аперацыі пад Крэвам у ліпені 1917 года. Мэтай стварэння гэтага баявога падраздзялення было падняцце баявога духу сярод салдатаў-мужчын і ўзмацненне дысцыпліны, якія на той момант пачалі прыкметна зніжацца. Лічылі, што калі салдаты ўбачаць жанчын, якія ідуць у атаку, то ім будзе сорамна адседжвацца ў акопах, і яны вымушаны будуць браць прыклад са сваіх баявых сябровак.
Ад самага пачатку свайго існавання жаночы батальён робіцца аб’ектам пільнай увагі з боку журналістаў і фатографаў. Сталічныя часопісы фіксуюць амаль усё, што з ім звязана: ад пазбаўлення дзяўчат шыкоўных валасоў праз стрыжку “пад нуль” да маршыравання па пляцу, ад калектыўнага прыняцця салдацкай ежы да стральбы на вучэбным палігоне.
Адным са стваральнікаў гэтага неардынарнага вайсковага падраздзялення, а пасля і камандзірам, была прапаршчык Марыя Бачкарова. Да гэтага яна ўжо зведала салдацкую долю, паказала сябе з лепшага боку і стала поўным Георгіеўскім кавалерам.
Заклік “расійскай Жанны д’Арк” стварыць жаночую каманду падхапіла каля 2000 добраахвотніц. Адсеяўшы “ненадзейных”, Бачкарова пакінула 500 жанчын, з якімі пачалі праводзіць сур’ёзную вайсковую падрыхтоўку.
Некаторыя з добраахвотніц не вытрывалі суровых умоў падчас вайсковых заняткаў, і ў рэшце рэшт у батальёне засталося 200 добраахвотніц. За два дні да адпраўкі на пазіцыі пад Крэвам, 21 чэрвеня, у Петраградзе на Ісакіеўскай плошчы ў прысутнасці вялікага натоўпу адбылася ўрачыстасць з нагоды асвячэння і ўручэння жаночаму батальёну баявога сцяга. Жанчын блаславіў мітрапаліт маскоўскі Ціхан.
Як паказалі сябе жанчыны на фронце
Крэўская аперацыя была адным з крывавейшых эпізодаў І сусветнай вайны на нашых землях. Каманда Марыі Бачкаровай змагалася ў складзе 525-га пяхотнага палка 132-й дывізіі 1-га Сібірскага корпуса, якому ў час наступлення загадана было ажыццяўляць удар на цэнтральным участку прарыву – ад Наваспаска да паўночнай ускраіны Крэва.
Палкоўнік Закржэўскі, у падпарадкаванні якога знаходзілася жаночая каманда, у сваім данясенні ў штаб 10-й арміі паведамляў: “Атрад Бачкаровай паводзіў сябе ў баі па-геройску, увесь час на перадавой лініі, несучы службу нароўні з салдатамі. Пры нападзе немцаў па сваёй ініцыятыве кінуўся ў поўным складзе ў контратаку; падносілі патроны, хадзілі ў сакрэты, а некаторыя ў разведку; сваёй працай каманда смерці падавала прыклад адвагі, мужнасці і спакою, падымала дух салдатаў і даказала, што кожная з гэтых жанчын-герояў годная звання воіна рускага рэвалюцыйнага войска”. У гэтым жа данясенні камандзір палка апісваў, як падчас бою жанчыны спынялі гора-байцоў, якія збягалі з поля бою, як перапынялі марадзёрства, як адымалі ў салдатаў бутэлькі са спіртным і разбівалі іх.
Марыя Бачкарова ў інтэрв’ю петраградскаму часопісу “Іскры” згадвала: “Па першым загадзе жаночы батальён нястрымна рынуўся наперад на першую лінію германскіх акопаў. Да нашага жаху, сярод салдат штосьці адбылося. Частка пайшла наперад, большасць жа павярнулася да ворага спінай. Адчайныя заклікі і ўгаворванні жанчын поспеху не мелі. У гэты момант непрыяцель абсыпаў нас цяжкімі снарадамі. Жаночы батальён і адданыя абавязку салдаты, тым не менш, пайшлі наперад і завалодалі дзвюма лініямі акопаў. У агульнай сумятні мы збіліся са шляху. Замест таго, каб ісці за палком, мы ўзялі направа і патрапілі на месца, якое ўзмоцнена абстрэльвалася немцамі. Зблізку віднеўся Наваспаскі лес. Батальён рассыпаўся ланцугом і прабраўся ў яго. Заклікі на дапамогу не дзейнічалі на баязліўцаў. Салдаты адказвалі, што баяцца лесу, бо там могуць быць немцы.”
Генерал Дзянікін, які скептычна ставіўся да наваствораных армейскіх фарміраванняў накшталт ударных і жаночых часцей, даволі стрымана выказаўся аб дзеяннях жанчын-воінаў на полі бою пад Крэвам. Ён пісаў: “Жаночы батальён, прыпісаны да аднаго з карпусоў, доблесна перайшоў у атаку, не падтрыманы “рускімі волатамі”. I калі распачалося сапраўднае пекла ад варожага артылерыйскага агню, бедныя жанчыны, забыўшыся пра тэхніку рассыпнога строю, сціснуліся у кучку – бездапаможныя, адзінокія на сваім участку поля, узрыхленага нямецкімі бомбамі. Панеслі страты. А “волаты” часткова вярнуліся назад, часткова зусім не пакідалі акопаў.”
Сустракаем мы байцоў жаночага батальёна і на старонках рамана Аляксандра Лебядзенкі “Цяжкі дывізіён”. Хоць гэта мастацкі твор, аднак заснаваны ён на тым, што бачыў і перажыў сам аўтар – сведка падзей. Нічога гераічнага з боку жанчын-добраахвотніц там не паказана. Затое ёсць апісанне таго, у якім шоку і разгубленасці знаходзіліся падначаленыя Бачкаровай пасля бою. На тварах жанчын герой рамана ўбачыў тупую абыякавасць. Здавалася, яны былі аглушаныя і перасталі ўспрымаць рэчаіснасць. Аўтару было дзіўна бачыць тут жанчын, якія “ў тыле носяць доўгія валасы і гуляюць прамяністымі вачыма, у якіх такія далікатныя пальцы рук.” Гэта былі жанчыны, якія “баяцца маланкі і мышэй, у якіх дрыжаць калені, калі на дарозе сустрэнецца карова, якая тупа жуе”.
Якія страты панёс батальён
У ходзе бою некаторыя з жанчын загінулі ці былі цяжка паранены. Сярод раненых, якіх адправілі ў Петраград на лячэнне, была і Марыя Бачкарова.
Афіцыйна пра страты жаночага батальёна падчас бою пад Крэвам былі пададзены наступныя лічбы: 2 забітых, 33 параненых і кантужаных (з іх 5 цяжка), 2 зніклых без вестак. Толькі ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Ці маглі быць такімі нізкімі страты сярод не зусім добра падрыхтаваных байцоў-жанчын ва ўмовах надзвычай жорсткага бою? Відаць, вайсковае міністэрства падало адвольныя дадзеныя, каб не псаваць карціну ў час, калі пра падкантрольнае яму падраздзяленне ўсе пішуць, ад якога чакаюць гераічнасці. Праўда, і іншыя дадзеныя, якія можна сустрэць у літаратуры – 50 забітых і 200 параненых – таксама нерэальныя. Як мы ведаем, у падпарадкаванні Марыі Бачкаровай было ўсяго 200 жанчын-байцоў.
Сама Бачкарова ў інтэрв’ю часопісу “Іскры” назвала такія лічбы: каля 30 забітых і да 70 параненых. Гэта больш падобна да праўды. Ды і каму, калі не камандзіру, лепш было ведаць пра стан спраў у сваім падраздзяленні.
На старонках “Белага архіву”, выдадзеннага ў 1928 годзе, рускі вайсковы і грамадскі дзеяч Якаў Лісавы піша, што батальён страціў каля 50 добраахвотніц са 192 удзельніц бою. Аўтар адзначае, што каманда бліскуча выканала сваю задачу, і задаецца пытаннем, як рускі салдат аддзячыў рускую жанчыну за аказаную дапамогу? “Па матэрыялах С. О. А. і Ф., якія былі агучаныя на 2-й Нарадзе маскоўскіх грамадскіх дзеячаў у кастрычніку 1917 года – многія з параненых жанчын, якія заставаліся на полі бою, у тую ж ноч былі згвалтаваныя.”
Дзе пахавалі жанчын
Няма адзінага меркавання наконт месца пахавання байцоў жаночага батальёна, якія загінулі ў боі пад Крэвам. Ад старажылаў можна было пачуць версіі, што іх пахавалі або ў брацкай магіле на Крывой гары разам з іншымі байцамі, або асобна – недзе ў раёне лесапілкі.
Некалькі год таму колішняя жыхарка Крэва Таццяна Рапацэвіч падзялілася інфармацыяй аб яшчэ адным магчымым месцазнаходжанні магілы ўдзельніц жаночага батальёна. Па яе словах, пахаванне трэба шукаць на месцы іх былой сядзібы, якая знаходзілася пад Крэвам. У час вайны падворак апынуўся на баявых пазіцыях рускіх. Жыхарам Крэва месца вядома пад назвай Паляноўшчына. Як некалі расказвала маці Таццяны Антонаўны, байцы жаночага батальёна, якія загінулі, знайшлі свой апошні прытулак у брацкай магіле на ўскрайку іх гаспадаркі. Аб гэтым пахаванні гаспадарам сядзібы, калі тыя вярнуліся з бежанцаў, паведамілі вайскоўцы, якія ўсё яшчэ размяшчаліся тут. Доўгі час магіла была пад наглядам гаспадароў. Пазней, калі тыя пераехалі на новае месца жыхарства, пра яе пачалі забывацца.
Падтрымайце Kreva.Travel!