Як рускія войскі знішчалі Крэўскі замак. Сведчанні відавочцы
У ліпені 1917 года падчас І сусветнай вайны рускае камандаванне паспрабавала ажыццявіць прарыў лініі абароны немцаў ля Крэва. Маштабную наступальную аперацыю ў лісце з лініі супраціву да сваёй жонкі апісаў польскі літаратар і выдавец Валенты Зэліньскі.
У гады вайны аўтар быў афіцэрам артылерыі ў царскім войску, служыў у Брэст-Літоўску, прымаў удзел у баях пад Баранавічамі, Свянцянамі і Паставамі. Падчас Крэўскага наступлення 1917 года змагаўся ў шэрагах 38-га армейскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага.
У 1919 годзе ліст Зэліньскага быў апублікаваны ў трох нумарах часопіса “Placówka. Polska Ilustrowana”. У нарысе пад назвай “Бітва пад Крэвам” аўтар апісвае чатыры дні аперацыі. Ён паспеў пабываць сведкам і амаль бесперапыннай трохдзённай артпадрыхтоўкі, і слаўнага пачатку наступлення пяхоты, і бясслаўнага яго завяршэння.
“Там, дзе было мястэчка – сёння пустэча, дзе было жыццё – там пануе смерць”
На старонках нарыса аўтар дзеліцца з чытачом тым, што бачыць на другі дзень бою з назіральнага пункта пад Крэвам. “Мясцовасць пераважна хвалістая з хрыбтамі пагоркаў, пакрытых смарагдавай грывай лясоў. На пярэднім плане лясоў няма, толькі голыя пагоркі і зялёная даліна рэчкі Крыўлянкі. Як на далоні відаць усё наваколле, усе акопы, траншэі, калючы дрот і нямецкія ўмацаванні. Дапытлівае вока назіральніка шукае галоўны пункт – мястэчка. Дзе Крэва, якое яшчэ нядаўна канцэнтравала вакол сябе рух усёй ваколіцы? Там, дзе было мястэчка – сёння пустэча, дзе было жыццё – там пануе смерць… Застаюцца толькі рэшткі дамоў, ды і тых няма, толькі падмуркі, таму што немцы выкарысталі ўсё, што засталося, для сваіх умацаванняў.”
Погляд назіральніка спыняецца на рэштках касцёла, царквы і мясцовай школы. Гэтыя напаўразбураныя будынкі “стаялі журботна, нібы постаці абадранцаў, з’яўляючыся сведкамі таго, што жыло, а сёння ля іх ног раскінулася мёртвая магіла развалін”.
Мы можам выказаць здагадку, што гэта ўсё ж былі дзве царквы – Аляксандра-Неўская і Свята-Троіцкая, а пад школай разумеўся будынак сінагогі, пры якой да вайны сапраўды магла дзейнічаць яўрэйская навучальная ўстанова.
Лёгкія снарады адскоквалі ад старажытных муроў як мячыкі
Не застаўся па-за ўвагай назіральніка і Крэўскі замак. “Тое, што не змог знішчыць час, сёння будзе знішчана вялізнымі снарадамі, вывергнутымі з пашчаў магутных монстраў вайны. Помнік даўніны – Крэўскі замак, высока і грозна ўзвышаецца ён сярод завалаў, адважна падстаўляючы сваё чало перад небяспекай, якая навісла над ім сёння.”
Вачыма аўтара мы назіраем за незвычайным паядынкам, а дакладней – за супрацьстаяннем старажытнага помніка і ўдараў рускай артылерыі. Ва ўсім адчуваецца, што сімпатыі афіцэра на баку замка. І гэта нягледзячы на тое, што ў ім знайшлі прытулак ворагі, якіх аўтар грэбліва параўноўвае не толькі з крыжакамі, але і з лісамі ды кратамі.
Змаганне пачынаецца з налёту на замак снарадаў лёгкай артылерыі – авангарду асноўных сіл. Толькі што яны могуць зрабіць з ацвярдзелымі за стагоддзі сценамі, якія складзеныя з надзвычай трывалай цэглы і камянёў! Снарады, толькі крыху падрапаўшы іх, “нібы мячыкі адскокваюць ад замка і, разарваўшыся, разлятаюцца градам асколкаў”. Лёгкія гарматы на хвіліну замаўкаюць, каб потым паўтарыць атаку з яшчэ большай сілай. Толькі ізноў безвынікова.
Замак зруйнавала цяжкая артылерыя
Але “раптам чуецца шум, нібы грозны павеў урагану, які набліжаецца… Вые так, нібы трамвай ці цягнік імчыцца па паветры”. Гэта ў бой уступаюць цяжкія 12-цалёвыя гарматы. “Адно імгненне – і вось ўвесь замак быццам апынуўся ў чырвоным агні, і ў паветры раздаўся пякельны выбух… Чырвоны пыл ад разбітых муроў, нібы агонь, ахутаў густым воблакам увесь замак, а град камянёў узляцеў на некалькі дзясяткаў сажняў угару. Некалькі хвілін нельга было бачыць ні замка, ні яго вежы – усё патанула ў воблаку. Толькі праз некаторы час сярод той завеі пачалі акрэслівацца нясмелыя контуры, спачатку – сцен вежы, потым – усяго замка. А калі бура сціхла, скрозь сцяну на ўсю яе вышыню і на сажні тры ў шырыню засвяцілася шчыліна”.
Пасля гэтага “ізноў, працягваючы сваю марную працу, на замак кінулася зграя лёгкіх снарадаў”. Праз паўгадзіны – другі стрэл з 12-цалёвай гарматы, пасля якога Зэліньскі ізноў убачыў крывавае воблака і новую велізарную выбоіну.
Вогненны ўраган шалеў. Магутныя стрэлы пайшлі адзін за другім. Замак ізноў апынуўся ў чырвоным воблаку. Вялізны абломак сцяны вагой, можа, з дзясятак тон “адарваўся, адскочыў нібы мяч і са свістам паляцеў убок, упаўшы за чвэрць вярсты ад замка. Калі пунсовае воблака спала, замак зноў паўстаў, але вяршыні вежы ўжо не было”.
Ад снарадаў на могілках разляталіся аскепкі трунаў і косці нябожчыкаў
Далей аўтар апісвае, як ішоў абстрэл цяжкай артылерыяй нямецкіх умацаванняў на праваслаўным пагосце. “Неўзабаве 12-цалёвая батарэя раздзяліла сваю працу: адна гармата біла па замку, другая – па могілках. Апошняя цэль мела крыху нязвыклы выгляд: жоўтае воблака пяску хавала ад вачэй увесь пагост, а замест камянёў і цэглы выляталі бярвенні, драўляныя калоды, кавалкі бетону, дошкі, аскепкі трун і косці нябожчыкаў”. У выніку ад могілкаў нічога не засталося, толькі “вывернутая зямля, вытыркнутыя бярвенні, дошкі і паламаныя, з абадранымі галінкамі і лісцем, ствалы бярозавага гаю”.
Што хацелі і што атрымалі рускія
На гэтую аперацыю вышэйшыя чыны рускай арміі ўскладалі вялікія надзеі. Планавалася нанесці ўдар па праціўніку на віленскім кірунку, прарваць лінію фронту і завалодаць раёнам Солаў, Жупранаў і Граўжышкаў. У выпадку поспеху, можна было распачынаць далейшыя дзеянні па змене сітуацыі па ўсім фронце.
Найбольш умацаваныя пазіцыі немцаў знаходзіліся пад Крэвам і ў самім мястэчку, таму менавіта гэты ўчастак апынуўся на вастрыі запланаванага ўдару.
Камандаванне мела намер правесці аперацыю ў тры этапы: артпадрыхтоўка, атака і перыяд замацавання пазіцый. Першы этап пачаўся 19 ліпеня і доўжыўся тры дні. Артпадрыхтоўка прайшла надзвычай удала, і на чацвёрты дзень аперацыі склаліся спрыяльныя ўмовы для атакі пяхоты. Спачатку і яна праходзіла даволі паспяхова: на некаторых участках рускім удалося заняць першую лінію непрыяцельскіх акопаў, а месцамі прасунуцца яшчэ глыбей. Праўда, з часам запал у іх пачаў астываць, з’явіліся панічныя чуткі аб пэўных няўдачах пры наступленні, аб адыходзе асобных падраздзяленняў. Акрамя гэтага, многія салдаты былі пад уздзеяннем антываеннай бальшавіцкай прапаганды і наогул адмаўляліся ісці ў бой. Немцы скарысталіся момантам і самі перайшлі ў наступленне, у выніку якога адсунулі рускіх на іх ранейшыя пазіцыі.
Падтрымайце Kreva.Travel!