Загадкі фрэсак Княскай вежы: хто замаўляў і распісваў?

12 снежня 2022
фрэскі Княскай вежы
“Вока” – адзін з 4 тысяч фрагментаў фрэсак Княскай вежы. Здымак забяспечаны Алегам Дзярновічам

Даследчык Крэўскага замка, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч правёў у Мінску публічную лекцыю, прысвечаную адной з самых загадкавых старонак у гісторыі сярэднявечнага кастэля – паходжанню фрэсак XIV стагоддзя ў візантыйскім стылі, знойдзеных беларускімі навукоўцамі падчас раскопак з перапынкам у 25 гадоў.

Між тым, вывучэнне насценнага жывапісу не толькі захапляльна само па сабе, а і прыадчыняе малавядомыя эпізоды дынастыйнай палітыкі Вялікага Княства Літоўскага. 

Тысячы фрагментаў сярэднявечнай “мазаікі”

Як расказаў Алег Дзярновіч, двойчы яму пашчасціла стаць сведкам вяртання знаходак з-пад гістарычных напластаванняў: спачатку ў 1988 годзе студэнтам гістфака БДУ ў якасці асістэнта археолага Ігара Чарняўскага, а ў 2012-м ужо кіраўніком групы даследчыкаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Абодва разы раскопкі вяліся ў Княскай вежы, дзе некалі былі жылыя пакоі гаспадароў.  

“На момант выбаркі грунту ў 1988 годзе ўнутраная частка вежы была цалкам засыпана друзам – пачынаючы ад пажарышч і абвалаў XVI-XIX стагоддзяў і да артылерыйскіх абстрэлаў у Першую сусветную вайну. Шчыра кажучы, не асабліва спадзяваліся на сенсацыі, але калі дабраліся да аўтэнтычнай атынкоўкі, раптам убачылі на ёй каляровыя ўзоры – дагэтуль пра існаванне фрэсак і не здагадваліся! Хоць як пачалі вывучаць архівы, аказалася, што ў 1818 годзе аўтар пад абрэвіятурай B.F.K. у «Tygodnik Wileński» піша пра “атынкаваныя і ўпрыгожаныя руіны” Крэва… А ўжо ў 2012-м зноў ускрывалі Княскую вежу: зрабілі два глыбінныя шурфы і адтуль пайшла чарговая маса фрэсак. Агулам за дзве экспедыцыі сабралі каля 4 тысяч фрагментаў, якія захоўваюцца ў Гродне і Мінску”.

фрэскі Княскай вежы Алег Дзярновіч
Даследчык Крэўскага замка Алег Дзярновіч на публічнай лекцыі ў Мінску. Фота: Ігар Карней

У сваёй масе гэта дэкаратыўныя геаметрычныя лініі ці больш складаныя “завіткі”, аднак ёсць і дэталі “антрапалагічнай мазаікі” – напрыклад, вока, якое па ўсіх характарыстыках належыць чалавеку. Адпаведна, тэарэтычна ў пакоях маглі быць і выявы кагосці з вялікіх князёў.     

Уявіць карціну цэльнага “палотнішча”

Паколькі працы па кансервацыі Крэўскага замка з элементамі рэканструкцыі муроў працягваюцца, Княская вежа, якой ужо прыгатаваная роля будучага музея, непазбежна трапіць у прыцэл чарговых археалагічных раскопаў. Паводле прагнозаў Алега Дзярновіча, у такім выпадку паасобная колькасць унікальных элементаў манументальнага жывапісу можа смела перакрочыць 10 тысяч. 

“Гэта сур’ёзнае мерапрыемства, бо Княская вежа пацягне ці не палову бюджэта на кансервацыю ўсяго замка. Таму ва ўмовах неабходнага фінансавання з некаторай трывогай пра гэта думаю. У любым выпадку, перад тым, як складаць праект, неабходна будзе выбраць увесь завал, які назапасіўся за прамінулыя стагоддзі. І калі меркаваць па аб’ёме, там яшчэ знаходзіцца мінімум 4-5 тысяч фрагментаў фрэсак. Натуральна, паўстае пытанне, што з імі рабіць? Быў адносна не такі даўні прэцэдэнт у Італіі, калі пасля землятрусу у касцёле трэба было аднавіць фрэскі. Яны знялі асобна кожны кавалачак у 3D, а далей ужо камп’ютарная праграма іх складала. На іх шчасце, таксама былі ранейшыя здымкі інтэр’ераў. Але нам князь Альгерд ніякіх графічных замалёвак не пакінуў!” 

Зрэшты, эксперт настроены аптымістычна і выказвае спадзяванне, што ў агляднай будучыні ў адноўленай вежы удасца не толькі выставіць экспазіцыю самых цікавых экзэмпляраў, а і часткова зрабіць рэканструкцыю асобнай узятай “карціны”. Бо самай вялікай праблемай для даследчыкаў – зразумець, што насамрэч ўяўлялі сабой аскепкі, якія некалі былі адзіным цэлым.   

Паводле адмыслоўца, знойдзеныя фрагменты адносяцца да так званай тэхналогіі альсэка (al secco), калі роспіс робіцца па сухім тынку – адрозна ад класічнага нанясення малюнка на вільготную паверхню. Гэты спосаб запачаткавалі італьянскія майстры эпохі Рэнесансу, каб зрабіць працэс мастацкага аздаблення больш хуткім і танным. Але ў дадзеным выпадку, працягвае ён, знаходкі ўяўляюць абсалютную рэдкасць для гістарычнай навукі, бо толькі лічаныя аб’екты на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV стагоддзі былі аздобленыя фрэскавым жывапісам “альсэка”. Агулам іх восем, і Крэва ў гэтым пачэсным пераліку.  

Стрыманыя колеры “палітры зямлі” 

Перадусім звяртае на сябе ўвагу стрыманая каларыстыка – гэта так званая “палітра зямлі”. Іншымі словамі, сярэднявечныя мастакі карысталіся тым, што было пад рукой на дадзенай мясцовасці. Усе адыходжанні ад звыклай гамы – “імпарт”, удакладняе Алег Дзярновіч

фрэскі Княскай вежы
Фрагмент фрэскі, адшуканы падчас археалагічных раскопаў у 1988 годзе. Здымак забяспечаны Алегам Дзярновічам

“Усё на той час круціцца вакол охры – пігмента з гідрата окісі жалеза з прымесю гліны. Таму і такія адценні: чырвонае, карычневае, бронзавае і г.д. Усе іншыя рэдкасць, калі толькі аднекуль прывезлі мікраэлементы для асновы зялёнага, сіняга ды іншых колераў. Дарэчы, пасля знаходак 1988 года ў лабараторыі “Белрэстаўрацыі” рабілі спектраграфічны аналіз, які даў сенсацыйны вынік, хоць дыскусіі працягваюцца да сёння. У прыватнасці, гаворка пра элементы, блізкія структурай да “егіпецкага сіняга”. Насычаны сіні хоць і вядомы з антычнасці, але на нашай тэрыторыі на той час быў рэдкі. Да таго ж, у Сярэднявечча сакрэт  рэцэптуры быў страчаны. Тым не меней, ён ёсць у выявах, навукова зафіксаваны і выглядае дысанансным на фоне мясцовых пігментаў”.  

Што да архітэктурнага выканання Княскай вежы, якая і стала пляцоўкай для мастацкіх эксперыментаў, то, на думку Алега Дзярновіча, спачатку яе  ўзвялі асобна на насыпанай пясчанай дзюне, а ўжо пасля дабудоўвалі  скляпенні – атынкаваныя і пакрытыя фрэскамі. 

Парадаксальна, але захаваць роспісы дапамагла дынастычная вайна: у выніку штурму замка ў 1433 годзе пакрыўджаным на “несправядлівы падзел улады” князем Свідрыгайлам зводы абрынуліся ў цокальны ярус. Паколькі паступова Крэва страціла першапачатковы статус, тыя завалы не разбіралі, што захавала іх хоць у моцна пашкоджаным, але аўтэнтычным стане да нашага часу.    

Ананімныя прэтэнзіі на аўтарства  

Яшчэ адна немалаважная інтрыга – хто менавіта займаўся роспісам у Крэўскім замку? Бо элементы сценапісання XIV стагоддзя зафіксаваны і ў іншых месцах ВКЛ. Паводле аўтарскай класіфікацыі Алега Дзярновіча, гэта замак у Медніках, замак і парафіяльны касцёл Дзевы Марыі ў Троках, ніжні замак і кафедральны сабор святога Станіслава ў Вільні, царква Яна Евангеліста ў Луцку, Княская вежа Крэўскага замка і апісанне ў хроніках  замкавай царквы ў Віцебску (у дадатак трансферу традыцый і тэхналогій ёсць асобны пералік падобных аб’ектаў з роспісамі на тэрыторыі Кароны, калі Ягайла стаў Польскім каралём). 

“Спектральны аналіз матэрыялаў сьведчыць, што будаўнічыя арцелі ў Крэве і Медніках выкарыстоўвалі падобныя падыходы. Я не гатовы сказаць, што ў іх быў адзіны “мазгавы цэнтр”, але праглядаецца тэхналагічная сувязь. Натуральна, мастацкія густы ў аздабленні залежалі ад заказчыка, але астатні працэс збольшага вельмі падобны. Што да праблемы крэўскіх фрэсак, як і медніцкіх, – іх дэфрагментацыя, няма ніводнай цэльнай выявы. У той жа час існуе тэхналагічны прыём, уласцівы для рэгіёна ў шырокім сэнсе. Так званыя “бялільныя лікі” – роспіс з апорай на белы колер. Гэта вельмі якасная тынкоўка, якая не патрабуе  асобна выкарыстоўваць белы. Такі прыём відавочна прачытваецца ў Крэве і часткова ў Медніках, а таксама ў Пскове і Цверы”. 

Як нагадвае Алег Дзярновіч, Крэўскае княства належала спачатку Альгерду, а потым ягонаму сыну Ягайлу. Абодва мелі моцныя сувязі з Пскоўскім і Цвярскім княствамі, якія хоць і былі ва ўлонні праваслаўнага  свету, але пры гэтым былі моцна ўцягнутыя ў палітычную арбіту ВКЛ.

У Княскай вежы Крэўскага замка могуць быць схаваныя яшчэ каля 5 тысяч унікальных элементаў манументальнага жывапісу. Фота: Сяргей Гапон

Мала за тое, Альгерд пасля смерці першай жонкі ажаніўся на князёўні Цвярской Ульяне, ад якіх і з’явіўся Ягайла. Дык вось менавіта яна магла аказаць уплыў на ўзвядзенне і мастацкае аздабленне мураванага Віцебскага замка. 

У сваю чаргу, не выключана, што пры яе двары аказаліся тыя, хто навучаўся мастакоўскай грамаце “за семью морями”, а затым прадэманстраваў здольнасці ў Крэве. Выбар лакацыі невыпадковы: замак вялікіх князёў – Альгерда, а потым Ягайлы, месца падпісання гістарычнай уніі.  

Дзеля справядлівасці, існуе і іншая версія: фрэскі ў Крэве маглі стварыць ганзейскія майстры, запрошаныя яшчэ бацькам Альгерда, князем Гедымінам. Прынамсі пры ўдзеле нямецкіх муляраў паўставалі першыя кастэлі ВКЛ, бо да таго ўласнай традыцыі пабудовы мураваных замкаў не было. 

Як бы там ні было, Крэўскі замак хавае пад сваімі гістарычнымі напластаваннямі яшчэ нямала сакрэтаў, якія давядзецца “разграбаць” яшчэ не аднаму пакаленню адмыслоўцаў.

Падтрымайце Kreva.Travel!