Легенды і праўда пра крэўскія млыны і іх гаспадароў

2 сакавіка 2019
крэўскія млыны
Паравы млын ля Юравай гары, 1930-ыя гады. Фота: Альфонс Высоцкі

Ва ўсе часы млынарства было запатрабаванай і прыбытковай справай, таму народны погалас часта прыпісваў млынарам вялікія багацці, а часам – і сувязь з нячыстай сілай, якая дапамагала тыя багацці прымнажаць і ахоўваць у засакрэчаных месцах, далей ад чалавечага вока.

Крэўская зямля захоўвае выдуманыя і рэальныя гісторыі, звязаныя з млынамі і млынарамі.

У млынарову дачку закахаўся злы дух

Наш зямляк Юзаф Грынкевіч у сваім вершы “Пра Крэўскі замак” пераказвае легенду, пачутую ад бацькоў яшчэ ў дзяцінстве. Быццам бы ў далёкія часы жыла ў мястэчку дзяўчына Марына – дачка мясцовага млынара. Была яна прыгожая, набожная і прыстойная. I вось аднаго разу ў яе закахаўся жудасны дух, што гаспадарыў у лёхах Крэўскага замка. 3 таго часу не даваў ён дзяўчыне спакою: штоапоўначы клікаў яе ў сваё змрочнае падзямелле на спатканне. У роспачы млынарова дачка заказала ў касцёле імшу за вечны супакой духа. У Задушны дзень у замак прыйшла працэсія з ксяндзом. Дзень быў пагодны, але падчас набажэнства раптоўна пачалася бура. Нечакана з падзямелля выпаўзла хмара, ахутала млынарову дачку сваімі клубамі і пацягнула туды, адкуль з’явілася. У гэты момант заблішчалі маланкі, ударыў гром, і падзямелле засыпала зямлёй. 3 таго часу ніхто больш не чуў пра злога духа, і ніхто не трывожыў мясцовых дзяўчат.

Расійскі салдат паляваў на скарб крэўскага млынара

Міхаіл Зошчанка
Міхаіл Зошчанка ў гады Першай сусветнай вайны

Франтавыя дарогі Першай сусветнай прывялі ў нашыя мясціны пісьменніка Міхаіла Зошчанку. Адным са сведчанняў таго, што ён бываў у Крэве, з’яўляецца яго апавяданне “Вікторыя Казіміраўна”, дзеянне якога адбываецца ў нашым мястэчку.

Цяжка сказаць, на праўдзе ці на выдумцы заснаваны змест. Магчыма, што гэта перапляценне і першага, і другога, бо пісьменнік сапраўды тут ваяваў і мог у прыдуманыя гісторыі дадаваць карцінкі з рэальнага жыцця. У апавяданні апроч усяго іншага размова ідзе пра скарб, схаваны мясцовым млынаром, які яшчэ не выехаў са сваёй састарэлай жонкай і падчаркай з месцаў баявых дзеянняў. Герой твора – расійскі салдат Назар Сінябрухаў – закахаўся ў млынарову падчарку ды ўсялякімі шляхамі імкнуўся выявіць скарб і прысвоіць. Каб высачыць яго месцазнаходжанне, Назару ўдалося абхітрыць старога млынара і вымусіць яго звярнуцца да сваёй схованкі. Але па дарозе да патаемнага месца нямецкая куля забіла старога, і тайнік так і застаўся нераскрытым.

У выпадку, калі апавяданне заснавана на праўдзівай гісторыі, вялікая верагоднасць таго, што млынароў скарб застаецца некранутым да нашага часу.

Якімі млынамі карысталіся ў Крэве

У нашай мясцовасці здаўна былі распаўсюджаны вадзяныя млыны, механізмы якіх прыводзіліся ў рух сілай вады. Такі тып збудаванняў для абмалоту зерня з’явіўся на беларускіх землях яшчэ ў ХII-ХIII стагоддзях. Вадзяныя млыны ўсталёўваліся на берагах рэк. Каб павысіць эфектыўнасць, перад імі ствараліся штучныя ставы.

З інвентара Крэўскага староства за 1780 год даведваемся, што за замкам над зарослым ставам знаходзіўся млын на адно кола, пабудаваны з часанага дрэва і пакрыты дранкай. Другі драўляны млын, таксама пакрыты дранкай і на адно кола, стаяў над ставам пры мілэйкаўскай дарозе – у трохкутніку, які ўтвараюць сучасныя вуліцы Дзяржынскага і Багданаўская з трасай Мінск-Вільнюс. Гэты млын належаў Барунскаму аддзяленню Віленскага Свята-Духава манастыра.

крэўскія млыны
Вадзяны млын побач з замкам у Крэве, 1827 год

З двух крэўскіх млыноў да ХХ стагоддзя дажыў толькі апошні. Усяго па Крэўскай воласці ў той час працавалі дзясятак млыноў. Аднак у гады Першай сусветнай вайны многія з іх былі пашкоджаныя, а некаторыя – ўшчэнт разбураныя. З дакумента “Спіс водных млыноў, якія былі знішчаны ў час сусветнай вайны ў Ашмянскім павеце” даведваемся, што ў Крэўскай гміне былі разбураны тры млыны: у Крэве, Чаркасах і Багданаўцы. Ад першага застаўся толькі стаў, ад двух іншых – падмуркі.

Млын, на якім пілавалі дошкі і выпрацоўвалі электраэнергію

крэўскія млыны
Млын ля Юравай гары ў пасляваенны час

У пасляваенны час млын у Чаркасах быў адбудаваны наноў Мікалаем Крачкоўскімвыбітным крэўскім урачом. Крэва ж набыло зусім іншае збудаванне для абмалоту зерня: нашмат большае па памерах, з сучасным абсталяваннем і ў новым месцы – ля падножжа Юравай гары.

Гаспадаром яго з’яўляўся яўрэй Гурвіч. Млын быў аснашчаны швейцарскім паравым рухавіком, і за год тут выпускалася больш за шэсць тысяч цэнтнераў мукі. Магутнасць рухавіка дазваляла не толькі малоць муку і вырабляць крупы, але і пілаваць дошкі, валіць шэрсць, выпрацоўваць электраэнергію.

Пра паравы млын у Крэве згадваюць у 3-м томе “Гісторыі беларускага мастацтва”. Аўтары адзначаюць, што “яго цікавым элементам з’яўляецца кансольна-бэлечны балкон у верхняй частцы галоўнага аб’ёма з пад’ёмным блокам. Сюды падавалі мяхі са збожжам, якія паступалі ў асноўнае загрузачнае памяшканне. Потым збожжа высыпалася ў “кашы”, адкуль яно паступала на жорнавыя паставы”.

крэўскія млыны
Рэшткі млына. Фота: Сяргей Гапон

Млын ля Юравай гары працаваў яшчэ некалькі пасляваенных гадоў. Пасля яго зачынілі. Апусцелы будынак прастаяў да 70-ых гадоў. Потым ён быў разабраны, і сёння можна пабачыць толькі яго мураваную частку.

Таксама былі зачыненыя, а пасля і разбураныя млыны ў Чаркасах і Мілэйкаве.

Падтрымайце Kreva.Travel!