Браты Крачкоўскія: малодшы кіраваў Рускім геаграфічным таварыствам, старэйшы заснаваў шпіталь
У самым канцы ХІХ стагоддзя вядомы віленскі гісторык, фалькларыст і этнограф Юльян Крачкоўскі набыў пад Крэвам фальварак Чаркасы. Амаль на паўстагоддзя гэтае месца стала прытулкам адукаваных, творчых і энергічных людзей, некаторыя з якіх дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці.
Усяго ў сям’і Крачкоўскага было чацвёра дзяцей. Дачка Юлія добра спявала і пісала вершы, сын Аляксей захапляўся маляваннем і паступіў вучыцца ў Акадэмію мастацтваў на архітэктурны факультэт. Найбольш заўважнымі асобамі сталі Ігнат і Мікалай – самы малодшы і самы старэйшы сыны з роду.
Ігнат, які пераклаў Каран на рускую мову

Ігнат Юльянавіч на працягу васьмі год займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Рускага геаграфічнага таварыства, быў сябрам шэрагу замежных акадэмій навук і ўсходазнаўчых таварыстваў. Першыя гады свайго жыцця хлапчук правёў у Ташкенце, куды пераехалі бацькі. Нянькай у маленькага Ігната там была мясцовая жанчына, і размаўляць па-узбекску ён навучыўся раней, чым па-руску.
Магчыма, што ўжо тады зарадзілася ў хлопчыка цікавасць да культуры народаў Усходу. Малады вучоны ездзіў у экспедыцыі ў Сірыю і Егіпет. Ён пераклаў Каран на рускую, выдаваў пераклады шэдэўраў арабскай літаратуры, сярод якіх – “Тысяча і адна ноч”. Ігнат выявіў і апублікаваў некалькі старажытных татарскіх твораў на беларускай мове, напісаных арабскімі літарамі.
Што навуковец пісаў пра Чаркасы
Акрамя некалькіх соцен навуковых прац, даследчык напісаў аўтабіяграфічную аповесць, у якой згадвае і Чаркасы, дзе правёў свае дзяцінства і юнацтва:
“Маё дзяцінства з самых ранніх гадоў звязана з вельмі арыгінальнай бібліятэкай, дзе праходзілі ўсе мае вакацыі. У маленькім маёнтку сярод усялякіх гаспадарчых пабудоў непадалёк ад жылога дома побач з канюшняй і адрынай стаяў склеп-ляднік. Масіўныя каменныя сцены квадратнага будынка былі выведзены ва ўсю вышыню першага паверха, які і служыў свайму непасрэднаму прызначэнню. На другі паверх, ужо драўляны, вяла вонкавая лесвіца; там знаходзіўся адзін вялікі жылога выгляду пакой, у якім, аднак, нічога, акрамя кніжных шафаў і паліцаў, не было; дадаткам да іх служылі круглы і рабочы сталы з крэсламі і вузенькая канапа. Уся мэбля была старадаўняя, светлаясеневага дрэва з такой жа старадаўняй абіўкай. Шкляныя дзверы і два вакны адкрывалі від на сад пры жылым доме з дзвюма велічэзнымі “кацярынінскімі” ліпамі, якія высіліся над усёй акругай на некалькі вёрст. У другі бок шырокі гарызонт ахопліваў сенажаці, рэчку і стаў з млыном; удалечыні чарнелі лясы. Тут я дняваў, а часам і начаваў, уладкоўваючы сваю нескладаную пасцель на канапцы…

Лёс самой бібліятэкі-ледніка аказаўся сумным. Яна працягвала служыць маім летнім прыстанкам і ў гады студэнцтва да паездкі на Ўсход, але потым усё радзей і радзей атрымлівалася яе наведваць. Апошні раз я пабываў у ёй у ліпені 1915 года і пакінуў яе з цяжкім пачуццём, пад глухі гул артылерыйскай кананады. Тады я ўсё ж не прадбачыў, што праз некалькі месяцаў і будынак, і кнігі будуць знішчаны нямецкімі войскамі.”
Мікалай, які рабіў аперацыю пацыенту, набліжанаму да цара
Трэба сказаць, што для большасці Крачкоўскіх Чаркасы былі ўсяго толькі месцам правядзення вольнага часу. Адзіным з дзяцей Юльяна Фаміча, хто стала звязаў сваё жыццё не толькі з маёнткам, але і з суседнім Крэвам, быў Мікалай – старэйшы з дзяцей.

Нарадзіўся ён у 1871 годзе ў Маладзечне, дзе ў той час у настаўніцкай семінарыі працаваў яго бацька. Скончыўшы Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію, Мікалай працаваў урачом у 108 пяхотным Саратаўскім палку, які стаяў у Вільні, выкладаў на курсах па падрыхтоўцы міласэрных сясцёр пры Віленскай Марыінскай абшчыне Чырвонага крыжа. Пасля ўладкаваўся земскім урачом у Ашмянскім павеце. Прымаў удзел у Руска-японскай вайне. Лічыўся вельмі добрым спецыялістам. Яго сын Дзмітрый, які стаў мастаком, да канца жыцця захоўваў старадаўні настольны гадзіннік, падараваны бацьку ўдзячным пацыентам з ліку асоб, прыбліжаных да цара, за ўдала праведзеную ім складаную аперацыю.
Як сведчылі многія, Мікалай быў вельмі жыццярадасным чалавекам. Любіў прыроду і сельскую гаспадарку. Цэлымі днямі мог прападаць у палях і на лугах. Крачкоўскі займаўся конегадоўляй, трымаў вадзяны млын. Мелася таксама за сто дзесяцін ворнай зямлі і сенакосу.
Заснаваў шпіталь
Пасля смерці бацькі ў 1903 годзе ён атрымаў у сваё распараджэнне маёнтак Чаркасы. Крыху пазней асеў там, дзе працягнуў займацца абранай у маладосці прафесіяй. Гэта яго намаганнямі ў 1906 годзе ў Крэве быў заснаваны шпіталь, дзе працаваў ён сам, маючы ў памочніках фельчара і павітуху. Да гэтага ў мястэчку існаваў усяго толькі прыёмны ўрачэбны пакой з фельчарам.

Новую медыцынскую ўстанову для зручнасці доктара размясцілі як мага бліжэй да Чаркасоў, у паўднёвай частцы мястэчка, якая мела назву Лукавыя або Лукі. Трэба адзначыць, што адкрыццё лячэбніцы ў Крэве было важнай падзеяй, бо нават Смаргонь, якая толькі што атрымала статус горада, тады падобнага не мела. Пазбавіўся сваёй лячэбніцы і Валожын, як толькі Мікалай Крачкоўскі, які там працаваў, перабраўся адтуль у Крэва.
Мікалай Юльянавіч карыстаўся павагай не толькі сярод сваякоў і мясцовых жыхароў. Яго імя можна знайсці ў спісах Ашмянскага павятовага з’езда, а таксама сярод сябраў павятовай землеўпарадкавальнай камісіі. Бясспрэчна, што маючы добрую рэпутацыю і патрэбныя сувязі, гэты чалавек адыграў немалаважную ролю ва ўсеагульным уздыме, які назіраўся ў Крэве ў пачатку ХХ стагоддзя.
Прыйшла вайна
Першая сусветная перакрэсліла ўсе планы як у прафесійнай, так і гаспадарчай дзейнасці. Сям’я Крачкоўскіх вымушана была пакінуць абжытае гняздо ў Чаркасах і адправіцца далей ад фронту. Мікалай Юльянавіч быў мабілізаваны, але працаваў у тыле. Сумы, Роўна, Вольск – у гэтых месцах давялося яму з жонкай Вольгай Аляксандраўнай і двума малалетнімі сынамі правесці гады вайны.
А Чаркасы тым часам апынуліся на самай лініі фронту. Нямецкая артылерыйская батарэя, якая размяшчалася непадалёк, як магніт прыцягвала артылерыйскія снарады рускіх. Канечне ж, застацца цэлым маёнтак ніяк не мог.

Тым не менш, у 1923 годзе Мікалай Крачкоўскі з сям’ёй вяртаецца сюды, каб ужо ў іншай краіне і ў іншых умовах адрадзіць сваё гняздо. Дзякуючы працавітасці і настойлівасці, гэта яму ўдаецца. Адраджае ён і крэўскую бальніцу. Праўда, працаваць там яму давялося нядоўга: у 1927 годзе Мікалай Юльянавіч памёр ад грудной жабы.
Чым займаўся бацька Ігната і Мікалая
Юльян Фаміч Крачкоўскі – выпускнік Пецярбургскай духоўнай акадэміі, быў аўтарам шматлікіх прац па гісторыі нашага краю, даследаванняў пра абрады і побыт беларусаў. Акрамя гэтага, ім былі выдадзены некалькі тамоў актаў Віленскай археаграфічнай камісіі, старшынёй якой ён з’яўляўся, а таксама зборнік дакументаў пра гісторыю Віленскай навучальнай акругі. Дзякуючы гэтым выданням, старажытныя першакрыніцы зрабіліся больш даступнымі шырокаму колу аматараў даўніны.
Падтрымайце Kreva.Travel!