Як колішнія польскія і рускія ўлады “перакрывалі” беларускім газетам шлях да крэўскіх падпісчыкаў
Змаганне беларусаў за права мець сваю нацыянальную незалежную прэсу пачалося ці не з часоў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гадах. Закранула яно і абшары колішняга Ашмянскага павета, а ў прыватнасці – Крэўскую воласць.
З дакладаў тагачасных павятовых “сілавікоў” свайму губернскаму начальству даведваемся пра выпадкі распаўсюджвання ў нашай мясцовасці непажаданай літаратуры. У адным з такіх дакументаў паведамляецца, што 24 студзеня 1863 года “нейкія газеты на беларускай мове, накіраваныя супраць цара і ўрада” чытаў сялянам сын арандатара фермы Мілейкава паблізу Крэва Ляшчынскі. Вясной таго ж года за распаўсюджванне “Мужыцкай праўды” і “Гутаркі двух суседзяў” быў затрыманы 34-гадовы селянін Крэўскай сельскай грамады і колішні яе старшыня Вікенцій Тамашэвіч. Далучыўшы да справы некаторыя іншыя “правіннасці”, гэтага чалавека саслалі ў Астраханскую губерню, дзе ён прабыў ажно да 1881 года.
Прыйшлося змагацца нашым землякам за свае друкаваныя выданні і ў часы паміж дзвюма сусветнымі войнамі, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. Прычым у гэты перыяд нашай гісторыі прыходзілася цярпець не так выдаўцам і распаўсюджвальнікам беларускай прэсы, як самім газетам і часопісам.
Газетамі абклейвалі сцены гміны
Апісаныя ніжэй выпадкі на першы погляд могуць падацца дробнымі і малазначнымі бытавымі “разборкамі” мясцовага маштабу. Аднак калі пагартаць заходнебеларускія газеты міжваеннай пары, звестак пра падобныя здарэнні набярэцца процьма. Таму напрошваецца выснова, што барацьба з беларускай прэсай дробных польскіх чыноўнікаў – гэта не проста ініцыятыва нейкіх канкрэтных прыватных асобаў, а частка дзяржаўнай палітыкі тагачаснай Польшчы па паланізацыі ўсходніх ускраін.
Газета “Беларускі звон” у №7 за 11.03.1922 год надрукавала невялікае паведамленне ў фельетонным стылі, дасланае з Крэва некім, хто падпісаўся літарай С. Падаю гэты тэкст поўнасцю, толькі прывёўшы яго ў адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснай арфаграфіі і пунктуацыі: “У нашай гміне ёсць пісар Шылінг, але ён не толькі пісар, ён – барацьбіт за асвету. Ён любіць, калі ў яго печцы агонь бухае ясным полымем, дзеля гэтага ўжывае ўсе газеты, якія прыходзяць у гміну. У першую чаргу ідуць беларускія, як “бальшавіцкія”, а пасля дастаецца такая доля ўсім газетам, нават і амерыканскім, бо па яго разуменню газеты для народа шкодныя.”
Пра іншую заганную завядзёнку, што практыкавалася на пошце ў Смаргоні, распавядае газета “Грамадзкі голас” у №38 за 15.09.1925 год. Там паштовы чыноўнік не дастаўляў беларускую прэсу падпісчыкам, якія плацілі за гэта свае грошы. Газеты і часопісы адсылаліся ў гмінную ўправу, дзе злежваліся, часам ішлі на патрэбы іншых людзей. Здаралася, як пра тое сведчыць іншы допіс у тое ж выданне у №2 за 14.01.1926 год, імі абклейвалі сцены ў самой гміне.
Відаць, такое “змаганне” дробных чыноўнікаў з беларускай прэсай не мела плёну, і яна не пераставала карыстацца папулярнасцю. Праз нейкі час ужо грамадскі солтыс Крэўскай гміны Ян Будай у польскамоўным выданні “Głos Wileński” у №15 за 10.04.1927 год скардзіцца на тое, што да нядаўняга часу на крэўскай пошце польскія газеты “гінулі пад вялізнымі кіпамі беларускіх”.
“Дзеячы “гурткоў” распаўсюджвалі гэтую пісаніну нават сярод каталіцкага насельніцтва”, – гневаецца аўтар допісу. Далей крэўскі солтыс з радасцю паведамляе, што пасля таго, як паліцыя ліквідавала “гурткі”, колькасць падрыўных газет значна скарацілася, на іх месцы пачалі з’яўляцца польскія. І ён пачынае расхвальваць “Głos Wileński”, які, нібыта, асвятляе “тыя справы, што найболей хвалююць” і пазбаўлены “таго глупства і лухты, якімі былі перапоўнены газеты, што прыходзілі дагэтуль.”
Публікацыя Яна Будая выклікала абурэнне ў многіх мясцовых жыхароў, і ў газеце “Biełaruskaja Krynica” у №17 за 22.04.1927 год адзін з іх пад псеўданімам Kreuski Bielarus дае адказ. “Прачытаўшы №15 так званага “Głosu Wileńskiego” – бруднай газеты, у каторай апроч рознай звягі на беларусаў нічога нямашака, неяк дзіўна стала, што “наш” грамадскі солтыс апісвае там розныя глупствы, ну, але гэта ведама, – мусіць з вялікага “патрыятызму” і ў дадатку – хворага шавінізму”, – так пачынаецца ліст.
Далей карэспандэнт крытыкуе той факт, што Ян Будай называе беларускія газеты “камуністычнай бібулай”. “Мусіць ён уважае і “Беларускую Крыніцу” за камуністычную, бо найбольш прыходзіць яе на крэўскую пошту, – кажа ён. – Людзі нашы вельмі ўзяліся чытаць і пашыраць яе, бо бачаць у ёй абаронцу пакрыўджаных рознымі злыднямі беларусаў.” У канцы аўтар робіць выснову, што “солтыс баіцца, каб чыстая вадзічка нашай “Крынічкі” з такога размаху ў пашырэнні сярод нашага сялянства не затапіла і не заглушыла “Głos Wileński”, … які труціць душы нашых сярмяжнікаў.”
На поўнае ігнараванне крэўскім ксяндзом беларускай прэсы (у тым ліку і каталіцкай) звярнуў увагу аўтар допісу ў №4 газеты “Biełaruskaja Krynica” за 24.01.1930 год, які падпісаўся псеўданімам “Katalik”. Карэспандэнт абураецца тым, што святар настырна раз за разам рэкламуе парафіянам газету “Наш Пшыяцель” на чужой для мясцовых жыхароў польскай мове. І разам з тым замоўчвае факт існавання беларускіх рэлігійных газет, напрыклад – “Хрысціянская думка”.
Беларускімі выданнямі распальвалі печку на пошце
Знявага палякамі і іх мясцовымі падпяваламі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі не спынялася. Яны, адчуваючы адабрэнне і падтрымку з боку вышэйстаячых уладаў, выкарыстоўвалі любыя метады ў барацьбе з непажаданай для іх прэсай. Мясцовыя беларусы не здаваліся. Калі ў пачатку яны ўсяго толькі асмельваліся пакпіць у сваёй карэспандэнцыі з гміннага пісара, які нішчыць беларускія газеты і часопісы, то пазней пайшлі на канфлікт з паштовым чыноўнікам. Пра гэта чытаем у артыкуле, які надрукаваў орган Беларускай сялянскай партыі “Народ” у №1 за 20.01.1929 год.
Падзеі ў гэтай справе развіваліся наступным чынам. Мясцовыя жыхары сталі заўважаць, што з прыходам на крэўскую пошту новай кіраўніцы перасталі прыходзіць беларускія газеты. Калі ў той пыталіся, у чым справа, яна адказвала, што газет няма. Выдаўцы ж запэўнівалі, што яны высылаюць іх на крэўскую пошту рэгулярна. Аднойчы селяніну з Арлянятаў, які стаяў пад акном пошты, удалося падслухаць, як камендант крэўскай паліцыі раіў паштарцы не аддаваць падпісчыкам беларускіх газет. Тая адказала, што і так “усе беларускія газеты ідуць да печы”. Другога разу двое мясцовых жыхароў сталі сведкамі таго, як наймітка паштаркі сапраўды падпальвала печ беларускімі газетамі. Гэта выклікала агульнае абурэнне. Падпісчыкі накіравалі ў Дырэкцыю поштаў і тэлеграфаў у Вільню скаргу і патрабавалі пакараць кіраўніцу пошты.
Невядома, чым скончылася гэтая справа. Прынамсі, у далейшым пра падобныя канфлікты звестак не было. Беларускіх газет, праўда, таксама амаль не стала.
Падтрымайце Kreva.Travel!