“Цягаць камяні на Крэўскі замак – праклён, але я ганаруся працаваць тут”
Існуе легенда, што Крэўскі замак будавалі не муляры, а волаты. Сёння другое жыццё замку даюць звычайныя беларускія будаўнікі. Але хто яны, якая сіла ім дапамагае?
Пра гэта мы паразмаўлялі з жыхаром Крэва Аляксандрам Мокічам – былым крэўскім настаўнікам, які цяпер працуе на рэканструкцыі замка і вяртае раскіданыя камяні на месца.
– Як вы ператварыліся з настаўніка ў будаўніка?
– Я заўсёды меў навыкі будаўніка. Так выпадкова атрымалася, што я патрапіў на будоўлю высотнага жылля ў Маскве. Уцягнуўся ў гэтую справу, шэсць год там працаваў. Вясной прыехаў у Крэва і пабачыў, што вядуцца працы на замку. Зацікавіўся. Вырашыў, што павінен быць тут.
– Раскажыце, чым вы цяпер займаецеся на будаўнічай пляцоўцы?
– Сёння я працаваў на мазайцы. Мы з хлопцам забіваем швы і ўстаўляем маленькія каменьчыкі – складаем мазайку. Гэта дастаткова нудная праца, яна патрабуе дакладнасці і цярпення. Першыя дні я клаў камяні. Далей, магчыма, будзем працаваць на даху.
На замку працуе шмат людзей, і кожны выконвае розныя віды працы. Чалавека, які б увесь час займаўся адным і тым жа, няма. Мы працуем у парах альбо па тры, чатыры чалавекі ў залежнасці ад цяжкасці работ.
Раніцай у нас, кажучы па-ваеннаму, развод, то бок планёрка. Праца пачынаецца а восьмай, і звычайна ніхто не спазняецца. Пераапранаемся, атрымоўваем нарад – і за працу.
– Улічваючы, што гэта помнік, вы атрымоўвалі інструкцыі, як і што трэба рабіць?
– Абавязкова! На аб’ект ёсць дакументы, згодна з імі ўсё і робіцца. Правяраецца якасць выканння работ, правільнасць, тэхналогія. Гэта дастаткова сур’ёзная справа. Кожны крок кантралюе спецыяліст, калі што – падказвае. Вядома ж, што рэстаўратарам ніхто з нас не нарадзіўся. Кожны від работ патрабуе сваіх навыкаў, правільнасці думкі і прыкладання рук. Вось і ўсё.
Гэта маштабная рэстаўрацыя. І, калі справа не замарозіцца, у выніку замак будзе мець сур’ёзны выгляд. Кажуць, тут адкрыюць музей.
– Як вам хацелася б, каб у выніку выглядаў замак?
– Дакладна не так, як ён выглядаў яшчэ нядаўна, калі тут былі раскіданыя камяні. Але і не хацелася б, каб замак перарабілі на сучасны лад. Я бываў у розных мясцінах, бачыў іншыя замкі. І лічу, што ў нас рэстаўрацыя атрымоўваецца. Тут нават кладку камянёў імкнуцца зрабіць пад даўніну. Мне гэта падабаецца.
– Што родныя пра вашу працу на замку кажуць?
– У Крэве ўвогуле людзі ганарацца тым, што ідзе працэс аднаўлення муроў. Мае родныя гавораць, што гэта вельмі значна – унесці свой маленькі ўклад у будаўніцтва замка.
Ведаеце, я сапраўды ганаруся тым, што працую тут. У маім жыцці было рознае, але я ні аб чым не шкадую. У выніку я знаходжуся тут, і буду знаходзіцца, пакуль гэта будзе магчыма. Калі здароўе на падвядзе.
– Спіна баліць?
– Гэта сапраўды цяжкая справа. Але адначасова з гэтым і прыемная. Іду з працы стомлены, але задаволены. Раніцай падымацца цяжкавата, то плячо баліць, то спіна, але зарадку зробіш – і ўсё становіцца на свае месцы. Фізічнай нагрузкі я не баюся, а ў маральным плане я ад працы атрымліваю задавальненне. І гэта мяне сюды вядзе. А калі падымешся наверх, усё мястэчка Крэва відаць, і нават маю хату – гэта так натхняе!
– Кажуць, ёсць такі праклён: каб ты на Крэўскі замак камяні цягаў. А вы самі пайшлі на гэтую цяжкую працу. Чаму?
– Я тут невыпадкова, гэта дакладна. Я цікаўлюся гісторыяй, хоць сам географ. Маё пакаленне фактычна не ведае нашай гісторыі. Мы нарадзіліся ў СССР, і нас у школе вучылі зусім іншаму – гісторыі партыі. Адпаведна, нашаму пакаленню не было што даць вашаму пакаленню. Мы не маглі дзяцей, якіх мы выхоўвалі, прывесці да нейкай нацыянальнай ідэі, пра якую ўвесь час цяпер кажуць. І можа толькі цяпер, з аднаўленнем гістарычных помнікаў, атрымаецца развіць нацыянальную самасвядомасць. Таму я лічу, што помнікі, і, у прыватнасці, Крэўскі замак, трэба ўзнаўляць, прыводзіць у належны выгляд.
Можа, цягаць камяні – гэта і праклён, але я адчуваю гонар за тое, што прымаю ўдзел у гэтай справе. Час ад часу я разважаю пра тое, што бачылі гэтыя камяні. І здзіўляюся, што з тых часоў яшчэ нешта засталося. Тут шмат складаных падзей адбывалася. І пра гэта трэба ведаць.
«Будзем дзеткам паказваць: мама тут таксама нешта рабіла!»
Разам з будаўнікамі на Крэўскім замку працуюць і дзяўчаты – рэстаўратаркі-керамісткі Настасся Клімец і Ірына Васюкевіч. Выпускніцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа займаюцца адначасова і дэкорам адноўленых муроў, і ўмацаваннем.
– Калі вырашалі, куды на практыку пайсці, наша кіраўніца прапанавала нам ехаць на рэстаўрацыю Крэўскага замка: «Паглядзіце, што гэта такое». Іншым варыянтам быў Мінск, займацца аддзелкай будынку суда. Але мы загарэліся паехаць у Крэва. Тут мясцовасць прыгожая. І праца, як мы думалі, нескладаная. Ну што такога: закладваць раствор у швы і ўмацоўваць маленькімі каменьчыкамі. Але першыя дні было вельмі цяжка! – распавядае Настасся. – Шпацелем раствор не кладзецца, таму мы працуем рукамі. За дзень нам трэба такім чынам зрабіць 2 квадратных метра. Калі прыехалі ў верасні, было яшчэ цёпла, а потым ідзем раніцай – і дрыжым ад холада, а яшчэ дзень на вуліцы наперадзе.
Але Настасся і Ірына цёпла апранаюцца – і прымаюцца за працу. Кажуць, падбадзёрвае мажлівасць быць датычным да вялікага.
– Калі б не паехалі сюды, то шкадавалі б. Трэба проста пацярпець, затое потым будзем хадзіць задаволеныя – цэлы Крэўскі замак рэстаўравалі! А як з’явяцца дзеткі, будзем сюды прыяжджаць і паказваць ім: вось, мама тут таксама нешта рабіла! – смяюцца дзяўчаты. – Мы ўвесь дзень гладзім гэтыя каменьчыкі – такое не забудзецца. Тым больш, мы ўжо шмат пра замак ведаем. Нам мясцовыя бабулькі расказвалі пра прывідаў, і мы самі чыталі розныя гісторыі. Але мы ўжо ў легенды не верым, прывідаў не баімся. Гэта звычайныя камяні, чаго тут пужацца?
Падтрымайце Kreva.Travel!