Мастачка з Крэва стварае калекцыі з куцюр’е, які працаваў з Dior і Saint Laurent

Больш за дваццаць год на Манмартры ў Парыжы жыве і працуе беларуская мастачка Ларыса Нуры, якая першыя месяцы свайго жыцця правяла ў Крэве.
Што звязвае сям’ю з мястэчкам
У 1956 годзе ў крэўскую школу прыбыў новы настаўнік фізікі Міхаіл Мельгуй. Родам ён быў з вёскі Дуброва на Маладзечаншчыне.

Папрацаваў Міхаіл Аляксандравіч у Крэве зусім нядоўга – каля трох гадоў. Праўда, гэтага часу хапіла не толькі на тое, каб падняць на больш высокі ўзровень выкладанне фізікі ў школе, але і каб заваяваць сэрца мясцовай піянерважатай Анастасіі Новік. Маладыя справілі вяселле і тут жа – ў Крэве – далі жыццё дачцэ Ларысе.
Калі дзяўчынцы не было яшчэ і году, маладая сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька заняўся навукай. Сёння Міхаіл Мельгуй – вядомы вучоны-фізік. Сваё жыццё прысвяціў вывучэнню магнітных і механічных уласцівасцей сталей. Яго навуковыя распрацоўкі выкарыстоўвалі металургічныя прадпрыемствы па ўсім Савецкім Саюзе і за мяжой.
Ларыса працуе з мадэльерам, які ствараў адзенне для Элізабет Тэйлар і Брыджыт Бардо
Сама Ларыса занялася даследаваннямі ў галіне фізікі колеру і святла, стала доктарам архітэктуры і мастацтва, аўтарам многіх публікацый, а таксама кніг “Колер у горадзе” і “Сімволіка колеру”. Колеравыя гармоніі, каларыстыка ў прыкладным мастацтве, дызайне і архітэктуры горада сталі прыярытэтам яе творчых пошукаў.
Вядомасць да мастачкі прыйшла з пераездам у Парыж. Там яна пазнаёмілася з куцюр’е Жан-Мары Пюжолем, які працаваў з сусветна вядомымі дамамі моды Dior і Saint Laurent, а пазней пад уласнай маркай ствараў вобразы для Элізабет Тэйлар, Брыджыт Бардо і іншых зорак. Сёння французскі дызайнер-стыліст шые сукенкі, а мастачка з Крэва распісвае іх уручную. Адна з іх сумесных прац – сапраўдны трансформер: сукенка можа існаваць у выглядзе моднага вечаровага ўбору ці як карціна – дэкаратыўным пано на сцяне.


Працы Ларысы Нуры экспануюцца на выставах па ўсім свеце, захоўваюцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў музеях сучаснага мастацтва Францыі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Балгарыі і ЗША.
Мастачка пабывала на радзіме
У сваіх інтэрв’ю Ларыса Нуры заўсёды вылучае той факт, што нарадзілася ў нашым мястэчку: “Я не памятаю нічога пра Крэва – мы пераехалі жыць у Мінск, калі мне не было і года. Але сімбіёз прыроды, гісторыі і старажытнага дойлідства на генетычным узроўні праходзіць чырвонай ніткай у маёй творчасці”.
12 ліпеня 2017 года мастачка здзейсніла сваю мару і наведала месца, дзе пазнаёміліся яе бацькі. На жаль, дом на вуліцы Багданаўскай, дзе яна з’явілася на свет, да нашага часу не захаваўся.

Сімвалічна, што першымі, хто зусім выпадкова сустрэў Ларысу на крэўскай зямлі, былі менавіта колішнія калегі яе бацькоў – былыя настаўнікі Тамара і Аляксандр Жукоўскія. Яны ў маладосці былі з бацькамі Ларысы добрымі сябрамі, таму з вачэй пажылых людзей пырснулі слёзы, калі тыя даведаліся, хто перад імі.
Падтрымайце Kreva.Travel!